Выбрать главу

„Як жывецца людзям у маляўніча-пагоркавай Летуве, у Беларусі, зь яе лугамі й бярэзьнікамі, ці на чарназёмнай Украіне? І што іх там хвалюе? Столькі ведаем, што нічога. Напэўна гаруюць-бядуюць, і пэўна сум точыць чарвяком іхныя сэрцы ад нейкае тугі, каб, урэшце, па-людзку жыць, у сябе й на сваім. І, відаць, не да канца згасла ў іх памяць пра вялікія надзеі ды пра яшчэ большыя расчараваньні, прыніжэньні, няўдачы й драмы. І што мы, палякі, займаем у іхнай памяці ды пачуцьцях цалкам сваё й зусім не апошняе месца.

Вымушаны яны глядзець у наш бок — на захад — хочучы таго, ці не, усенькія сьвядомыя беларусы, летувісы, украінцы. Ці глядзяць яны з адною толькі надзеяй і добразычлівасьцю, я сумняюся. Вялізны ляжыць там цяжар гістарычных канфліктаў, жаляў і крыўды, і нішто не ўдалося — ні нам, ні ім — каб тыя равішчы поўныя ад узаемных прэтэнзіяў хаця б крыху пазавальваць. Магчыма, адно бегкі час прасушыць раны й спавольна паявяцца на іх гаючыя струпы. (...) Некалі ў будучыні надыдзе такі час нармальнага сужыцьця зь Беларусяй, зь Летувою, з Украінаю. Важнае нават і ня тое, калі ж ён будзе. Куды істотней тое якраз, якімі мы тады суседзямі будзем. І ў якой меры супольнымі намаганьнямі прысьпешым хаду гісторыі, каб прыдаць ёй нейкі рытм. Каб потым жыць, як і ўсе ў сьвеце; як Бэльгія каля Нідэрляндаў, як Швэцыя каля Нарвэгіі”.

Мары гэтага выдатнага паляка не зьяўляюцца нечым новым, нават і не знакам нашага невыразнага стагодзьдзя. Яны былі і ў даваеннага Тадэвуша Галоўкі, і ў дарэвалюцыйнага Леана Васілеўскага; а раней — у Алізы Ажэшкі, у Адама Міцкевіча, і ў магутным родзе Радзівілаў. Як прыгожае пераўтварыць у рэальнае? — адвечная дылема.

Аж па гарбачоўскую пару палякі абсалютна не арыентаваліся ў маштабах спусташэньня беларускага нацыянальнага духу. Ім і не падумалася, што ўсяго нешматлікі адсотак насельніцтва Беларусі носіць у сабе адчуваньне асабістае дастойнасьці ды гонару за свой род; рэшта, бальшыня была ўзгадаваная ў паклонстве перад уладаю, у рабскім самааплёўваньні. Як Рымская Імпэрыя была імпэрыяй аднаго горада Рым, так Савецкая — была імпэрыяй аднае Масквы, у якую сьцякаліся адусюль усе важнейшыя справы. Бяз згоды Крамля не магло нічога значнага адбыцца на неабдымнай тэрыторыі ад Берасьця па Ўладзівасток. Парасткі самастойнасьці ў каго-колечы зрэзваліся хутка, бязьлітасна й пад корань. Палякам, як больш-менш нармальнаму эўрапейскаму народу, немагчыма было растлумачыць, што, напрыклад, беларусы ненавідзяць самі сябе. Гэтая агульнанародная псыхічная хвароба называлася савецкім патрыятызмам, патрыятызмам нявольніка да пана. Таму супрацоўніцтва паміж так адрознымі нацыямі канчаткова перастала быць рэальным. Толькі час ад часу мела яно месца паміж элітарнымі коламі ды пад дробязным кантролем вярхоў.

Ваеннае становішча ў Польшчы на кароткі пэрыяд стабілізавала ўнутраную сытуацыю ў ёй, але адначасна наглуха ізалявала яе, быццам якую заразную, на ўсходняй мяжы. Дало гэта фатальныя вынікі ў сфэры беларускіх сувязяў. Высока як ніколі ўзьнялася сьцяна недаверу, перш за ўсё з тае прычыны, што па абодвух бакох кардону дайшлі да голасу крайнія погляды: тэрытарыяльны рэвізіянізм з боку вялікапалякаў і расейскае мэсіянства ў Белай Русі, трактаванай накшталт стратэгічнага „балкона” над заходнім памежжам паміж няпэўнай, бо да тла не зрусыфікаванай Украінай, і непадатлівай Прыбалтыкай (летувіская Кампартыя пад кіраўніцтвам Альгірдаса Бразаўскаса скінула зь сябе маскоўскі хамут ды адрэзала лейцы).

І вось на схіле васьмідзесятых гадоў узьнік у Менску Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне”. Гаварылася пры гэтым аб польскіх інсьпірацыях у ім, але, калі яны й праявіліся, дык у надта агульным пляне. Канкрэтыкі не магло быць, бо „Салідарнасьць” тым часам арыштавалі тайныя службы і ўсё ў ёй жывое сядзела ўжо па вязьніцах ды лягерах інтэрнацыі. Яна, гэтая ўсенародная арганізацыя, і ў свой апагей не наладзіла кантактаў зь беларускімі апазыцыйнымі асяродзьдзямі з тае простае прычыны, што яны ў якім-небудзь арганізаваным стане, звычайна, не існавалі.

Аднак жа было, было ў беларусаў нешта з Эўропы, бо не дарэшты захлынуліся яны азіяцкім сэрвілізмам. Уцалеў інстынкт працы й спадзяваньне на самога сябе; не апусьціліся ў поўную падлегласьць каманднай сыстэме. Чакае свайго дасьледніка й польская нацыянальная меншасьць у Беларусі, значная ў заходніх яе акругах, якая, без сумневаў, адыграла пазытыўную ролю ва ўтрыманьні ў грамадзтве настрояў прыватнай незалежнасьці ад націскаў бескампраміснай адміністрацыі. Польска-каталіцкі індывідуалізм потым выкарысталі часткова правакатары тайнай паліцыі, але гэта ўжо іншая гісторыя.