На тагачасныя беларуска-польскія духоўныя зносіны мы глядзім з пазыцыяў сучаснага патрыятызму, дапускаючы тым самым кардынальную памылку негістарычнасьці альбо — іначай кажучы — неадчуваньня й неразуменьня тых людзей і падзеяў. Тэорыю палянізацыі даўняе Літвы стварылі значна пазьней, і не беларусы, а расейцы, вучоныя мужы імпэратара Мікалая I, які вырашыў абмежаваць ідэю Польшчы да абрэзанага Польскага Каралеўства, пераназванага ў Прывісьлянскі Край. Дэкабрыстам пакуль што Расея канчалася ўсё-такі на Дзьвіне й Дняпры...
Паўстае пытаньне: ці кіраўніцтва Вялікага Княства Літоўскага бачыла пагрозу страты адметнага аблічча сваёй дзяржавы? Так, і энэргічна супрацьдзеяла гэтаму, уводзячы канстытуцыйную забарону карыстацца латыняй з пальшчызнаю, а прыежджым не даючы права на куплю маёнткаў, займаньне пасадаў. Трэба прызнаць, што сродкі самаабароны былі вострыя. І нічога не памагло. А чаму? — задумаемся, разглядаючы здарэньні ў беларуска-польскім сужыцьці.
6. Застой
Разгляд культурных ды палітычных фактаў, якія так густа адбываліся паміж старабеларусамі й старапалякамі на працягу XVI стагодзьдзя, аказваецца, мае асноўнае значэньне для зразуменьня далейшых падзеяў гэтага гістарычнага часу ў нашым рэгіёне Эўропы.
Напачатак трэба зрабіць некалькі заўвагаў. Гаворым — Вялікае Княства Літоўскае ў эпоху Скарыны, Гусоўскага, Буднага, забываючы дарэшты, што тады ўяўляла яно сабою тэрыторыю, на якой сёньня бачым шэраг дзяржаваў між Расеяй і Польшчай, ад Чорнага мора да Балтыйскага. І характэрна, што цывілізацыйным ядром таго велізарнага Княства была пазьнейшая Беларусь, арэал паміж Нёманам, Дзьвіною й Дняпром. Ускраінныя землі (мала асвоены стэп) не давалі істотнай сілы, а няблага разьвіты патэнцыял Галіччыны здаўна прыналежаў Польскаму Каралеўству, быў анэктаваны яшчэ Казімірам Вялікім. Гаспадарчая магутнасьць палякаў канцэнтравалася ў басэйне Віслы. Магістральны шлях, злучаючы дынамічную Поўнач зь ня менш актыўным закарпацкім Поўднем, дзейнічаў, нібы гігантычны комін: несьціхана гудзела ў прывісьлянскай паласе каньюнктураю, праз гданскі порт прапускалася безьліч тавараў, прадуктаў, сыравіны. Княства ж ня мела „свайго Гданска”, і не валодала цалкам ніводнай зь вялікіх рэк: вусьці Дзьвіны, Нёмана, Дняпра знаходзіліся ў чужых, прычым варожых, руках. Нарошчваньне сілы, немагчымае бяз лучнасьці з кантынэнтальнымі рынкамі, праходзіла ва ўмовах быццам бы закаркаванае бутэлькі. Гэта таму ў Познані была гандлёвая факторыя купецкага дому Скарынічаў з прыдзьвінскага Полацка, хоць, здавался б, куды бліжэй і таньней было б ім завесьці свае гешэфты ў Рыгу... Але Рыгу трымалі немцы, потым швэды, а за дняпроўскімі разьлівамі сядзелі васалы Турцыі, крымскія татары. Тым часам Маскоўская Русь прабралася да заходнеэўрапейскага бізнэсу праз Архангельскую бухту, вылупіўшыся зь неабсяжных абшараў Вяліканоўгарадзкай рэспублікі, па-бандыцку зьніштожыўшы яе. Наступнымі на чарзе гэтай Іванавай арганізацыі былі Прыбалтыка й Вялікае Княства Літоўскае. Так мы даходзім да векапомнае даты 1569 году, да гэтак званай Люблінскай вуніі, у выніку якой узьнікла супольная дзяржава — Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Гэта быў канец імпэрыі старабеларусаў: Вільні не хапала сродкаў, каб адбівацца ад цара Грознага й ад Вялікага Стэпу. Паны літоўскія плакалі на люблінскім замку, падпісваючы ў прысутнасьці апошняга дынаста, Жыгімонта Аўгуста, акт фэдэрацыі, адрачэньня ад поўнае незалежнасьці й ад Украіны. Але ня мелі яны выйсьця, калі не хацелі страціць усяго.