Аднойчы ў суботу я набраўся смеласці і пайшоў на Уотэр-стрыт у магазін марскіх інструментаў і карт. Там мяне ветліва называлі «капітанам», пакуль я выбіраў навігацыйную карту Ціхага акіяна. Са згорнутай у трубку картай пад пахай я сеў у прыгарадны поезд, што ішоў у Осінінг[9], дзе ў прыгожым загарадным доме жыла маладая сям’я маіх знаёмых, нарвежцаў па паходжанню, у якіх я заўсёды праводзіў канец тыдня. Муж раней быў марскім капітанам, а цяпер стаяў на чале нью-йоркскай канторы параходнай кампаніі «Фрэд Ульсен».
Пасля купання ў басейне для плавання ўсе гарадскія справы былі забыты, і калі Амб’ерг прынесла паднос з кактэйлем, мы селі на лужку, выбраўшы зручнае месца на сонейку. Я больш не мог стрымлівацца і, разаслаўшы на траве карту, спытаў у Вільгельма, ці магчыма, на яго думку, каб людзі маглі шчасліва дабрацца на плыце з Перу на астравы Палінезіі.
Крыху разгубіўшыся, ён глядзеў больш на мяне, чым на карту, але тут жа даў сцвярджальны адказ. У мяне быццам гара з плячэй звалілася: я ведаў — усё, што мела якое-небудзь дачыненне да караблеваджэння і да плавання на парусах, было не толькі спецыяльнасцю, але і любімым каньком Вільгельма. Я адразу ж пазнаёміў яго са сваімі планамі. На вялікае маё здзіўленне, ён катэгарычна заявіў, што гэта сапраўднае вар’яцтва.
— Але вы толькі што сказалі, быццам лічыце гэта магчымым, — перапыніў яго я.
— Зусім правільна, — згадзіўся Вільгельм. — Але такія ж вялікія шанцы і на тое, што ваша задума можа мець кепскі канец. Самі вы ніколі не плавалі на бальзавым плыце і, відаць, думаеце, што ён, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, перанясе вас цераз Ціхі акіян.
Можа, перанясе, а можа, і не. Старажытныя індзейцы Перу апіраліся на вопыт пакаленняў. Хто ведае, магчыма, на кожны плыт, што пераплыў акіян, прыпадала дзесяць плытоў, якія пайшлі на дно, а магчыма, і сотні на працягу стагоддзяў. Як вы сцвярджаеце, інкі выходзілі ў адкрыты акіян цэлымі флатыліямі гэтых бальзавых плытоў. Тады, калі з адным з плытоў здаралася няшчасце, пацярпеўшых маглі падабраць з суседніх. Але хто зможа падабраць вас сярод акіяна? Калі вы нават возьмеце з сабой радыёстанцыю на выпадак катастрофы, не думайце, што будзе лёгка знайсці маленькі плыт сярод хваляў за тысячы міль ад берага. У час шторму вас можа змыць з плыта, і вы паспееце дзесяць раз утапіцца, перш чым хто-небудзь дабярэцца да вас. Лепш за ўсё заставайцеся тут і чакайце, пакуль у вучоных знойдзецца час прачытаць ваш рукапіс. Напішыце яшчэ раз і падварушыце іх; гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.
— Я ўжо больш не магу чакаць, — у мяне хутка не застанецца ні цэнта.
— Вы можаце пераехаць да нас. Калі вы ўжо загаварылі аб гэтым, дык як вы мяркуеце арганізаваць экспедыцыю з Паўднёвай Амерыкі без грошай?
— Лягчэй зацікавіць экспедыцыяй, чым непрачытаным рукапісам.
— Але што гэта вам можа даць?
— Абвяржэнне аднаго з самых моцных аргументаў супроць маёй тэорыі, не кажучы ўжо аб тым, што ў навуковых колах звернуць увагу на гэтую справу.
— А калі ваша задума скончыцца кепска?
— Тады я нічога не дакажу.
— I тады вы скампраметуеце вашу ўласную тэорыю ў вачах усіх, ці ж не так?
— Магчыма. Але, як вы самі сказалі, адна з дзесяці спроб удавалася і да нас.
З дому выйшлі дзеці, каб пагуляць у кракет, і ў той дзень мы больш не вярталіся да гэтага пытання.
У наступную суботу я зноў з’явіўся ў Осінінг з картай пад пахай. А калі я ад’язджаў, на карце была нанесена алоўкам доўгая лінія ад берагоў Перу да астравоў Туамоту ў Ціхім акіяне. Мой сябар капітан страціў надзею адгаварыць мяне, і мы прасядзелі некалькі гадзін, робячы разлікі магчымай хуткасці руху плыта.
— Дзевяноста сем дзён, — сказаў Вільгельм, — але памятайце, што гэта толькі пры тэарэтычных, ідэальных умовах, калі ўвесь час будзе спадарожны вецер і плыт сапраўды, як вы думаеце, можа плыць пад парусам. Вы павінны разлічваць, што падарожжа будзе працягвацца не менш чым чатыры месяцы, і быць гатовымі да таго, што яно, магчыма, не скончыцца так хутка.
— Добра, — з надзеяй на будучае адказаў я, — будзем разлічваць сама менш на чатыры месяцы і закончым плаванне за дзевяноста сем дзён.
Маленькі пакойчык у Доме маракоў, як мне здалося, стаў куды больш утульным, чым звычайна, калі я ў гэты вечар вярнуўся дадому і з картай у руках сеў на краі ложка. Я вымераў крокамі плошчу пакоя з дакладнасцю, якая была толькі магчыма, калі ўлічыць, што тут стаялі ложак і камода. О так, плыт павінен быць значна большым. Я высунуўся праз акно, каб зірнуць на далёкае зорнае неба вялікага горада, якое можна было ўбачыць толькі проста над галавой між высокімі сценамі дамоў. На плыце хоць і будзе цесна, але ўсё ж знойдзецца дастаткова прастору для таго, каб бачыць над сабой неба з усімі зоркамі.
9
Осінінг — гарадок паблізу ад Нью-Йорка. Другая яго назва, Сінг-Сінг, больш вядома, бо такую ж назву мае і турма, што знаходзіцца ў гэтым горадзе, у якой трымалі і трымаюць зараз многіх вядомых палітычных зняволеных.