Выбрать главу

На 72-й заходняй вуліцы, недалёка ад Цэнтральнага парку, размешчан адзін з самых адасобленых нью-йоркскіх клубаў. Толькі маленькая, начышчаная да бляску медная дошчачка з надпісам «Клуб падарожнікаў» магла намякнуць прахожым, што ў гэтым доме знаходзіцца нешта незвычайнае. Але, апынуўшыся ўсярэдзіне, вы нібы рабілі парашутны скачок у нейкі зусім іншы свет, што знаходзіцца за тысячы міль ад нью-йоркскіх небаскробаў і бясконцых патокаў аўтамабіляў між імі. Калі за вамі зачыняюцца дзверы ў Нью-Йорк, вы трапляеце ў атмасферу палявання на ільвоў, альпійскіх паходаў і палярных зімовак і ў той жа час адчуваеце сябе так, быццам знаходзіцеся ў салоне раскошнай яхты, якая робіць кругасветнае плаванне. Трафеі палявання на гіпапатамаў і аленяў, наразныя карабіны, іклы сланоў, ваенныя барабаны і коп’і, індзейскія дываны, ідалы і мадэлі караблёў, флагі, фатаграфіі і карты акружаюць членаў клуба, калі яны збіраюцца за абедам або слухаюць лекцыю аб далёкіх краінах.

Пасля майго падарожжа на Маркізскія астравы я быў абраны правадзейным членам клуба і, як адзін з самых маладых членаў, бываючы ў Нью-Йорку, рэдка прапускаў пасяджэнні. I вось цяпер, калі дажджлівым лістападаўскім вечарам я зайшоў у клуб, мяне вельмі здзівіў незвычайны выгляд памяшкання. На падлозе пасярод залы ляжаў надзьмуты гумавы плыт з пакетамі аварыйнага запасу прадуктаў і ўсялякімі прыладамі, а на сталах і сценах ляжалі і віселі парашуты, гумавыя касцюмы, выратавальныя курткі і палярны рыштунак уперамежку з прыладамі для перагонкі вады і іншымі цікавымі вынаходкамі. Нядаўна абраны член клуба, палкоўнік Хаскін з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл, збіраўся прачытаць лекцыю і прадэманстраваць шэраг новых ваенных вынаходак, якія, на яго думку, у будучым маглі б быць карыснымі для навуковых экспедыцый і ў паўночных і ў паўднёвых шырынях.

Пасля лекцыі пачалася гарачая вясёлая дыскусія. Вядомы дацкі палярны даследчык Петэр Фрэйхен[10], высокі грузны мужчына, падняўся са свайго месца, скептычна трасучы доўгай барадой. Ён не верыў у гэтыя навамодныя вынаходкі. Аднойчы ў час экспедыцыі ў Грэнландыю ён сам карыстаўся гумавай лодкай і мяшком-палаткай замест эскімоскага каяка[11] і іглу[12], і ў выніку траха не загінуў. Першы раз у час пургі, калі «маланка», пры дапамозе якой былі змацаваны палотнішчы ўваходу, так змерзлася, што ён не здолеў нават залезці ў палатку. А потым другі раз, калі ён рыбачыў, кручок зачапіўся за надзьмутую гумавую лодку; лодка, вядома, была праколата і затанула пад ім, як кавалак анучы. Яму і яго сябру эскімосу ўдалося на гэты раз дабрацца да берага ў каяку, які паспеў прыйсці ім на дапамогу. Ён упэўнены, што ні адзін самы таленавіты сучасны вынаходца не можа, седзячы ў лабараторыі, прыдумаць што-небудзь лепшае ў параўнанні з тым, чым карысталіся навучаныя вопытам тысячагоддзяў эскімосы ў сябе на радзіме.

Дыскусія закончылася нечаканай прапановай палкоўніка Хаскіна. Правадзейныя члены клуба могуць для сваіх бліжэйшых экспедыцый выбраць усё, што яны хочуць з навінак, якія ён дэманстраваў; адзіная ўмова — яны павінны, вярнуўшыся, паведаміць у яго лабараторыю сваю думку аб гэтых рэчах. Мне гэта толькі і трэба было. У той вечар я апошнім пакінуў памяшканне клуба. Я павінен быў уважліва агледзець усе гэтыя новенькія рэчы, што так нечакана зваліліся мне ў рукі і для атрымання якіх мне дастаткова было толькі выказаць сваё жаданне. Гэта было якраз тое, у чым я меў патрэбу, — рыштунак, з дапамогай якога мы маглі б паспрабаваць выратавацца, калі б насуперак надзеям наш драўляны плыт пачаў бы разбурацца, а іншых плытоў паблізу не было.

Назаўтра раніцай, снедаючы ў Доме маракоў, я ўсё яшчэ не пакідаў думаць аб убачаным рыштунку, як раптам добра апрануты, атлетычнага складу малады чалавек падышоў са сваім снеданнем на падносе да майго стала і сеў побач. Мы разгаварыліся; выявілася, што ён таксама не быў мараком, а дыпламаваным інжынерам з Транхейма, і прыехаў у Амерыку, каб закупіць дэталі машын і практычна азнаёміцца з тэхнікай халадзільнай справы. Ён жыў непадалёку і часта прыходзіў перакусіць у Дом маракоў, бо тут была добрая нарвежская кухня. Ён запытаўся ў мяне, што я раблю, і я коратка пазнаёміў яго з маімі планамі. Я сказаў, што калі да канца тыдня не атрымаю ніякага пэўнага адказу адносна майго рукапісу, то пачну рыхтавацца да экспедыцыі на плыце. Мой субяседнік амаль не задаваў пытанняў і слухаў з вялікай цікавасцю.

вернуться

10

Фрэйхен, Петэр — датчанін, славуты палярны даследчык. Нарадзіўся ў 1886 годзе, атрымаў медыцынскую адукацыю, з 1905 па 1924 год удзельнічаў у радзе вельмі цяжкіх экспедыцый у Грэнландыю. У час апошняй экспедыцыі 1921 — 24 гадоў адмарозіў сабе нагу, якую давялося ампутаваць. Правёў шмат год у Грэнландыі; першай яго жонкай была грэнландская эскімоска. Ім напісана некалькі цікавых кніг пра Грэнландыю і эскімосаў (ёсць пераклады на рускую мову).

вернуться

11

Каяк — эскімоская лодка, лёгкі каркас яе абцягнуты скурай марскога звера.

вернуться

12

Іглу — эскімоская хаціна, якую складваюць з прамавугольных кавалкаў цвёрдага снегу.