Выбрать главу

На другі дзень Герман звольніўся з работы, і мы сур’ёзна ўзяліся за справу. З дапамогай Клуба падарожнікаў я паспеў ужо атрымаць згоду даследчай лабараторыі матэрыяльнай часткі ваенна-паветранных сіл забяспечыць нас усім, што я папрашу; кіраўнікі лабараторыі лічылі, што такая экспедыцыя, як наша, цудоўна паслужыць выпрабаванню іх рыштунку. Гэта быў добры пачатак. Цяпер нашы галоўныя задачы заключаліся ў тым, каб знайсці чатырох адпаведных людзей, гатовых выбрацца ў падарожжа з намі на плыце, і расстарацца харчу на ўсю дарогу.

Падбіраць людзей, якім давядзецца ў будучым разам плыць па акіяне на плыце, трэба было вельмі старанна. Інакш пасля месячнага знаходжання ў адкрытым моры маглі б узнікнуць розныя непрыемнасці і сваркі. Я не хацеў камплектаваць каманду плыта з маракоў: яны наўрад ці ведалі больш за нас аб тым, як трэба кіраваць плытом, а затое пазней, калі б нам удалося давесці справу да канца, маглі б, чаго добрага, пачацца размовы, што мы дабіліся поспеху, магчыма, толькі таму, што былі лепшымі маракамі, чым старажытныя будаўнікі плытоў у Перу. I ўсё ж на плыце не шкодзіла мець хоць аднаго чалавека, які ўмеў бы, ва ўсякім разе, карыстацца секстантам і адзначаць наш курс на карце; гэта было неабходна для навуковых справаздач.

— Я ведаю аднаго мастака, — сказаў я Герману. — Гэта высокі, здаравенны хлапчына, які ўмее іграць на гітары і не ведае, што такое смутак. Ён закончыў мараходнае вучылішча і некалькі разоў плаваў вакол свету да таго, як засеў дома з пэндзалем і палітрай. Я ведаю яго з маленства, і мы часта рабілі з ім турысцкія паходы па гарах на радзіме. Я напішу яму; я ўпэўнены, што ён прыедзе.

— Гэта той, хто нам трэба, — згадзіўся Герман. — Але нам таксама неабходна мець чалавека, які б разбіраўся ў радыё.

— У радыё! — спалохана ўсклікнуў я. — На якое ліха яно нам здалося? Яму не месца на дагістарычным плыце!

— Вы памыляецеся; гэта мера перасцярогі, якая не пашкодзіць вашай тэорыі, калі нам не давядзецца пасылаць сігналы няшчасця і прасіць аб дапамозе. А радыё нам спатрэбіцца, каб перадаваць метэаралагічныя назіранні і іншыя звесткі. Да таго ж мы не будзем мець магчымасці карыстацца радыё для прыёму папярэджанняў аб штормах, паколькі для гэтай часткі акіяна такіх папярэджанняў не бывае, а калі б яны і былі, якая з іх карысць для нас на плыце?

Паступова я згадзіўся з ім, бо ўсе мае пярэчанні, уласна кажучы, грунтаваліся галоўным чынам на маёй непрыязнасці да ўсялякіх кнопак і ручак, якія трэба круціць.

— Як гэта ні дзіўна, — прызнаўся я, — але ў мяне ёсць многа знаёмых, якія маюць дачыненне да радыёсувязі на вялікія адлегласці. У час вайны я быў залічаны ў падраздзяленне радыёсувязі — відаць, «па спецыяльнасці». Я абавязкова напішу Кнуту Хаугланду і Тарстэйну Рабю.

— Вы з імі знаёмы?

— Так. З Кнутам я першы раз сустрэўся ў Англіі ў 1944 годзе. Англічане ўзнагародзілі яго ордэнам за ўдзел у парашутным дэсанце, які звёў на нішто спробы немцаў стварыць атамную бомбу: Кнут быў радыстам у групе ўдзельнікаў Супраціўлення, што зрабіла дыверсію па знішчэнню ў Р’юкан запасаў цяжкай вады[13]. Калі я сустрэўся з ім, ён толькі што вярнуўся з другой аперацыі ў Нарвегіі; гестапа ледзь не злавіла яго з тайным перадатчыкам, схаваным у коміне радзільнага дома ў Осла. Нацысты яго запеленгавалі, і ўвесь будынак быў акружаны нямецкімі салдатамі з кулямётамі насупраць кожных дзвярэй. Фемер, начальнік гестапа, сам знаходзіўся на двары, чакаючы, калі прывалакуць Кнута. Але прывалаклі яго ўласных людзей. Кнут з дапамогай рэвальвера прабіўся ад вышак да падвала, а адтуль — на задні двор і пад градам куль знік за бальнічнай сцяной. Я сустрэўся з ім на сакрэтнай станцыі ў старасвецкім англійскім замку; ён вярнуўся для арганізацыі падпольнай сувязі між сотняй перадаючых станцый у акупіраванай Нарвегіі.

Сам я толькі што закончыў парашутную практыку, і мы збіраліся разам саскочыць у Нордмарку, паблізу ад Осла. Але тут якраз рускія ўвайшлі ў раён Кіркенеса, і невялікі нарвежскі атрад быў накіраваны з Шатландыі ў Фінмаркен на змену, калі можна так сказаць, цэлай рускай арміі. Мяне таксама паслалі туды. Там я і сустрэўся з Тарстэйнам.

У тых мясцінах была яшчэ сапраўдная арктычная зіма, і паўночнае ззянне зіхацела на зорным небе над намі. Дзень і ноч стаяла непраглядная цемра. Калі мы праходзілі па пажарышчах спаленага раёна Фінмаркена, пасінелыя ад холаду і хутаючыся ў футравую вопратку, з маленькай халупы сярод гор вылез вясёлы хлапец з блакітнымі вачыма і калючымі светлымі валасамі. Гэта быў Тарстэйн Рабю. У пачатку вайны ён уцёк у Англію і прайшоў там курс навучання; потым яго тайна перакінулі ў Нарвегію, кудысьці пад Трамсё. Ён хаваўся з маленькім перадатчыкам дзесьці паблізу ад лінкора «Цірпіц» і на працягу дзесяці месяцаў штодзень паведамляў у Англію аб усім, што адбывалася на борце карабля. Ён пасылаў данясенні ўночы, далучаючы свой тайны перадатчык да прыёмнай антэны, што паставіў нямецкі афіцэр. Яго рэгулярнымі данясеннямі і кіраваліся англійскія бамбардзіроўшчыкі, якія ўрэшце ўсё-такі патапілі «Цірпіца».

вернуться

13

Цяжкая вада — вокіс дзейтэрыя, гэта значыць цяжкага ізатопа вадароду; ёсць у невялікай колькасці ў звычайнай вадзе. Гэтак жа, як і графіт, скарыстоўваецца пры вырабе атамных бомбаў у атамным катле для замаруджвання рэакцыі. Р’юкан — горад у паўднёвай Нарвегіі, у правінцыі Тэлемарк, з насельніцтвам каля 8 тысяч; пасля вайны тут зноў пабудаваны завод для вырабу цяжкай вады.