Пасля бясконцых вандраванняў па лесвіцах і калідорах мы дабраліся да дзвярэй аддзела знешніх сувязей і неўзабаве, акружаныя афіцэрамі ў новенькай, з іголачкі, форме, сядзелі за вялікім сталом з чырвонага дрэва; месца старшыні займаў сам начальнік аддзела знешніх сувязей.
Суровы, шырокі ў касці афіцэр са значком Уэст-Пойнтскай акадэміі[15], што важна сядзеў у канцы стала, доўга не мог уцяміць, якое дачыненне можа мець амерыканскае ваеннае міністэрства да нашага драўлянага плыта. Але як след прадуманая прамова палкоўніка і добрае ўражанне, якое зрабілі нашы адказы на град пытанняў, што задавалі афіцэры за сталом, паступова схілілі яго на наш бок, і ён з цікавасцю прачытаў пісьмо з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл. Потым ён падняўся, аддаў свайму штабу лаканічныя распараджэнні аказаць нам дапамогу ў адпаведных інстанцыях і, пажадаўшы нам пакуль што ўдачы, пакінуў пакой, дзе адбывалася нарада. Калі дзверы за ім зачыніліся, малады штабны капітан прашаптаў мне на вуха:
— Гатоў біцца аб заклад, вы атрымаеце ўсё, што вам патрэбна. Гэта вельмі нагадвае невялікую ваенную аперацыю і разам з тым робіць крыху больш разнастайнай нашу штодзённую канцылярскую рутыну мірнага часу; апрача таго, гэта дасць магчымасць па-сапраўднаму, метадычна выпрабаваць рыштунак.
Аддзел сувязей тут жа дамовіўся аб сустрэчы з палкоўнікам Льюісам з эксперыментальнай лабараторыі галоўнага інтэнданцкага кіраўніцтва, і мяне з Германам адвезлі туды на аўтамабілі.
Палкоўнік Льюіс — прыветлівы велікан з фігурай спартсмена — адразу ж выклікаў да сябе супрацоўнікаў, якія кіравалі доследамі ў розных галінах. Усе яны паставіліся да нас вельмі прыязна і неадкладна прапанавалі кучу ўсялякага рыштунку, які было б пажадана старанна выпрабаваць. Самыя вялікія нашы надзеі былі перакрыты, калі яны пачалі пералічваць амаль усё, што толькі магло нам спатрэбіцца, — ад палявых рацыёнаў да мазі ад загару і спальных мяшкоў, якія не баяцца сырасці. Потым яны павялі нас аглядаць усе гэтыя рэчы. Мы каштавалі на смак спецыяльныя рацыёны ў цудоўнай упакоўцы; мы бачылі запалкі, якія загараліся і пасля таго, як іх апускалі ў ваду, новыя ўзоры прымусаў і бітоны для вады, гумавыя мяшкі, адмысловы абутак, кухоннае начынне, нажы, што не танулі ў вадзе, і мноства іншых рэчаў, неабходных для экспедыцыі.
Я зірнуў на Германа. Ён меў выгляд добра выхаванага хлопчыка, які ходзіць з багатай цётухнай па кандытарскаму магазіну. Высокі палкоўнік крочыў наперадзе, дэманструючы ўсе гэтыя цудоўныя рэчы, а калі абход быў закончаны, супрацоўнікі лабараторыі запісалі, што нам патрэбна і колькі. Я думаў, што бой ужо выйграны, і марыў толькі аб тым, каб хутчэй апынуцца ў сябе ў гасцініцы і, прылёгшы, спакойна і мірна ўсё абдумаць. Тут высокі прыветлівы палкоўнік раптам прамовіў:
— Ну, цяпер трэба пайсці пагаварыць з шэфам; ён павінен вырашыць, ці можам мы даць вам усё гэта.
Я адчуў, што ў мяне абарвалася сэрца. Значыць, мы павінны зноў пачынаць усё спачатку, зноў пусціць у ход сваё красамоўства, а адно неба ведае, што за тып гэты «шэф».
Выявілася, што шэф быў афіцэр невысокага росту, вельмі сур’ёзны і строгі. Калі мы ўвайшлі да яго, ён, седзячы за пісьмовым сталом, акінуў нас праніклівым позіркам сваіх блакітных вачэй. Ён прапанаваў нам сесці.
— Ну, чаго хочуць гэтыя панове? — рэзка запытаў ён у палкоўніка Льюіса, не зводзячы з мяне вачэй.
— О, сякую-такую дробязь, — хуценька адказаў Льюіс і ў агульных рысах растлумачыў сутнасць нашай просьбы. Начальнік цярпліва слухаў, не зварухнуўшы нават пальцам.
— А што яны могуць даць нам узамен? — запытаў ён, не выказваючы ніякіх адзнак здзіўлення.
— Ну, — лагодна сказаў Льюіс, — мы спадзяёмся, што ўдзельнікі экспедыцыі, напэўна, здолеюць даць водзыў аб тым, наколькі прыгодны новыя віды прадуктаў і некаторыя рэчы рыштунку ў тых цяжкіх умовах, у якіх яны будуць імі карыстацца.
Вельмі сур’ёзны афіцэр за пісьмовым сталом павольна, але без усякай ненатуральнасці, адкінуўся ў крэсле, усё яшчэ не зводзячы з мяне позірку; мне здалося, што я правальваюся скрозь глыбокае скураное крэсла, калі ён холадна сказаў:
— Я зусім не разумею, як могуць яны даць нам што-небудзь узамен.