Выбрать главу

У пакоі запанавала мёртвая цішыня. Палкоўнік Льюіс папраўляў свой каўнерык, ніхто з нас не вымавіў ні слова.

— Зрэшты, — нечакана зноў загаварыў начальнік, і цяпер у самых куточках яго вачэй прамільгнула лёгкая ўсмешка, — смеласць і энергію таксама трэба браць у разлік. Палкоўнік Льюіс, няхай яны атрымаюць усё!

Ледзь не задыхаючыся ад радасці, я сядзеў у аўтамабілі, які вёз нас дадому ў гасцініцу, калі раптам на Германа напаў нейкі сутаргавы смех.

— Вам кепска? — занепакоена спытаў я.

— Ды не, — адказаў ён, бессаромна смеючыся, — я падлічыў, што ў прадуктовых рацыёнах, якія мы атрымаем, будзе 684 бляшанкі ананасаў, а я іх вельмі люблю.

Трэба зрабіць тысячу спраў, і амаль усе — разам, каб шэсць чалавек, драўляны плыт і яго груз своечасова апынуліся ў пэўным месцы на перуанскім узбярэжжы. А ў нашым распараджэнні тры месяцы і мы не маем лямпы Аладзіна.

Мы паляцелі ў Нью-Йорк з рэкамендацыйным пісьмом ад аддзела сувязей і сустрэліся з прафесарам Бэрэ з Калумбійскага ўніверсітэта. Ён быў старшынёй Камітэта геаграфічных даследаванняў ваеннага міністэрства, і ён націснуў тыя кнопкі, з дапамогай якіх Герман, нарэшце, атрымаў усе каштоўныя інструменты і апараты, неабходныя для навуковых вымярэнняў.

Потым мы паляцелі ў Вашынгтон да адмірала Гловера з Гідраграфічнага інстытута марскога міністэрства. Дабрадушны стары марскі воўк паклікаў усіх сваіх афіцэраў і, пазнаёміўшы іх з Германам і мною, паказаў на карту Ціхага акіяна, што вісела на сцяне:

— Гэтыя маладыя людзі цікавяцца нашымі самымі новымі картамі. Дапамажыце ім!

Шасцярэнькі і колцы закруціліся далей, і англійскі палкоўнік Ламсдэн склікаў нараду брытанскай ваеннай місіі ў Вашынгтоне, каб абмеркаваць нашы далейшыя задачы і шанцы на шчаслівы зыход экспедыцыі. Мы атрымалі кучу добрых парад і набор англійскага рыштунку, які быў прывезены на самалёце з Англіі, каб мы выпрабавалі яго ў час падарожжа на плыце. Англійскі ваенны ўрач, заўзяты прыхільнік «акулінага парашка», усяляк расхвальваў яго. Нам дастаткова будзе высыпаць у ваду жменьку парашка, калі акула стане занадта нахабнай, і яна адразу ж знікне.

— Сэр, — ветліва запытаў я, — значыць, маючы гэты парашок, мы можам зусім не баяцца акул?

— Ну, — з усмешкай адказаў англічанін, — гэта якраз тое, аб чым мы хочам даведацца!

Калі часу ў абрэз і прыходзіцца замяняць поезд самалётам, а ногі аўтамабілем, тады кашалёк хутка становіцца тонкім, як высушаны ліст. Пасля таго як мы патрацілі грошы, што атрымалі ад продажу майго білета для праезду назад у Нарвегію, нам давялося ісці да нью-йоркскіх сяброў-кампаньёнаў, каб прывесці ў парадак фінансавыя справы. Там нас напаткала нечаканае расчараванне. Фінансавы дырэктар ляжаў у пасцелі з тэмпературай, а два яго таварышы не мелі сілы што-небудзь зрабіць, пакуль ён не паправіцца. Яны не адмаўляліся ад нашага фінансавага пагаднення, але зараз нічым не маглі дапамагчы. Яны папрасілі нас на нейкі час адкласці ўсю справу — марная просьба, бо мы не маглі спыніць шматлікія шасцярэнькі і колцы, якія ўжо закруціліся на поўную хуткасць. Цяпер мы маглі думаць толькі аб тым, каб хоць не зваліцца; спыняцца або тармазіць было занадта позна. Нашы сябры-кампаньёны згадзіліся ліквідаваць сіндыкат, каб даць нам магчымасць дзейнічаць хутка і незалежна ад іх.

I вось мы стаім на вуліцы, а ў кішэнях у нас па-ранейшаму пуста.

— Снежань, студзень, люты, — лічыў Герман.

— Калі што, і сакавік, — дадаў я, — але ў сакавіку мы абавязкова павінны адплыць!

Усё здавалася нам няпэўным, але адно мы ведалі добра. Наша падарожжа мела сур’ёзную мэту, і мы не хацелі, каб нас ставілі на адну дошку з акрабатамі, якія спускаюцца па Ніягары ў пустых бочках або сядзяць па 17 дзён на самым версе флагштока.

— Толькі не залежаць ад фірмаў, што гандлююць жавальнай гумкай або кока-кола, — рашуча сказаў Герман.

У гэтым пытанні між намі была поўная згода.

Мы маглі расстарацца нарвежскіх кронаў, але на гэтым баку Атлантычнага акіяна яны не вырашалі праблемы. Мы маглі звярнуцца з просьбай аб субсідыі, але наўрад ці нам яе далі б для доказу спрэчнай тэорыі; урэшце якраз таму мы і задумалі падарожжа на плыце. Неўзабаве мы пераканаліся, што ні газетныя трэсты, ні асобныя мецэнаты не асмельваюцца ўкласці грошы ў справу, якую самі яны і ўсе страхавыя таварыствы лічылі самазабойствам; але калі мы вернемся жывымі і здаровымі, тады ўсё будзе па-іншаму.

Становішча было досыць паганае, і на працягу многіх дзён мы не бачылі ніякага выхаду. Тады на сцэне зноў з’явіўся палкоўнік Мунтэ-Кос.

— Вы селі на мель, хлопцы, — сказаў ён. — Вось для пачатку чэк. Я магу пачакаць, пакуль вы вернецеся з астравоў Паўднёвага мора.