Выбрать главу

Бярвенні, поўныя драўніннага соку, былі зусім не такія лёгкія, як корак. Яны важылі, напэўна, па тоне кожнае, і нас вельмі непакоіла думка аб тым, як яны будуць трымацца на вадзе. Адно за другім мы падкацілі іх да краю берага; там мы да канца кожнага бервяна прывязалі вяроўку з моцных сцяблоў ліян, каб яго не панесла з вадою, калі яно будзе спушчана ў раку. Потым мы скацілі бярвенні па адным з берага. Падаючы, кожнае бервяно ўзнімала вялізныя фантаны пырскаў. Бярвенні кружыліся і плавалі, апусціўшыся ў ваду да палавіны; яны не асядалі, калі мы хадзілі па іх. Звязаўшы бярвенні моцнымі ліянамі, якія скрозь і ўсюды звісалі з верхавін дрэў у джунглях, мы зрабілі два часовыя плыты; адзін з іх павінен быў весці другога на буксіры. Затым мы пагрузілі на плыты запас бамбукавых ствалоў і ліян — яны павінны былі спатрэбіцца нам пазней, — і я з Германам перайшоў на плыт у суправаджэнні двух мужчын невядомай змешанай расы, якія не разумелі нас і якіх мы не разумелі таксама.

Калі мы адплылі ад берага, бурлівы паток вады падхапіў нас і шпарка панёс уніз па плыні. Абмінаючы першы мыс, мы кінулі развітальны позірк назад і скрозь пырскі вады ўбачылі нашых сяброў, якія стаялі на краі берагавога выступу перад бунгала і махалі нам услед. Потым мы залезлі пад маленькую паветку з зялёнага бананавага лісця, даверыўшы усе кіраванне плытом двум карычневым спецыялістам, якія, кожны з вялікім вяслом у руках, прымасціліся адзін на носе, а другі на карме. Спакойнымі рухамі без усякіх намаганняў яны трымалі плыт на самай быстрыні, і мы, пагойдваючыся, імчаліся ўніз па рацэ, раз-по-раз мяняючы курс, каб абмінуць затопленыя ствалы дрэў і пясчаныя водмелі.

Джунглі стаялі суцэльнай сцяной уздоўж абодвух берагоў; папугаі і іншыя птушкі з яркім апярэннем выпырхвалі з густой лістоты, калі мы праплывалі міма. Некалькі разоў мы бачылі, як пры нашым набліжэнні то тут, то там кідаўся ў раку алігатар і адразу знікаў у каламутнай вадзе. Неўзабаве, між іншым, мы ўбачылі яшчэ больш цікавую пачвару. Гэта была ігуана[19], або гіганцкая яшчарка велічынёй з кракадзіла, але з вялікім гарлавым мяшком і грэбенем уздоўж спіны. Яна драмала на гліністым беразе, быццам спала тут з дагістарычных часоў, і не паварушылася, калі мы бясшумна праплылі паўз яе. Весляры рабілі нам знакі, каб мы не стралялі. Праз некаторы час мы ўбачылі другую ігуану, амаль з метр даўжынёю. Яна ўцякала па тоўстым суку, які звешваўся над самым плытом. Апынуўшыся ў бяспечным месцы, ігуана спынілася, ззяючы на сонцы сваёй сіне-зялёнай скурай, і ўтаропілася на нас халоднымі змяінымі вачыма. Потым мы плылі міма зарослага папараццю ўзгорка, і на яго вяршыні ўбачылі яшчэ адну ігуану, самую вялікую з усіх. Нерухома стоячы з узнятымі грудзьмі і галавой, яна вырысоўвалася на фоне неба, нагадваючы высечаны з каменя сілуэт паласатага дракона. Яна нават не павярнула галавы, калі мы міналі ўзгорак, а пасля знікла ў джунглях.

Плывучы далей, мы адчулі пах дыму і ўбачылі на прагалінах уздоўж берага некалькі хацін з саламянымі стрэхамі. За нашым плытом пільна сачылі, стоячы на беразе, злавесныя з выгляду людзі, вычварная помесь індзейцаў, неграў і іспанцаў. Іхнія лодкі, вялізныя выдаўбаныя чаўны, ляжалі на беразе, перакуленыя дагары дном.

Калі настаў час абеду, мы падмянілі нашых прыяцеляў ля рулявых вёслаў, пакуль тыя смажылі рыбу і плады хлебнага дрэва на невялікім агні, раскладзеным на пласце мокрай гліны. Смажаныя кураняты, яйкі і трапічная садавіна таксама ўваходзілі ў наша меню. А плыт тым часам шпарка плыў і плыў, несучы нас праз джунглі да акіяна. Якая нам цяпер справа да таго, што дажджы затапілі ўсю краіну? Чым большыя дажджы, тым шпарчэй цячэ рака.

Калі цемра ахутала раку, на беразе пачаўся аглушальны канцэрт. Жабы і рапухі, маскіты і цвыркуны квакалі, гулі і стракаталі, нібы шматгалосы хор. Час-ад-часу ў цемры чуўся прарэзлівы віск дзікай кошкі, то тут, то там пішчалі спуджаныя са сваіх месц начнымі марадзёрамі джунгляў птушкі. Некалькі разоў мы бачылі цьмянае святло агню ў хацінах лясных жыхароў і чулі крыкі людзей і брэх сабак, калі мы праплывалі ў цемры міма. Але часцей за ўсё цішыня ночы парушалася толькі лясным канцэртам, і мы моўчкі сядзелі, любуючыся зорным небам, пакуль дрымота і дождж не загналі нас у каюту з лісця, дзе мы палеглі спаць, не забыўшы папярэдне паставіць на баявы ўзвод рэвальверы.

вернуться

19

Ігуаны — сямейства яшчарак, мае да 300 відаў. Звычайная ігуана жыве ў Цэнтральнай Амерыцы і Бразіліі, пераважна на дрэвах, добра плавае, жывіцца насякомымі і раслінамі. Храбра абараняецца. На ігуан палююць, бо яны маюць смачнае мяса; яйкі іх таксама прыгодны для яды.