Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.
На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.
Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.
Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.
У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.
Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты[27] і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.