Выбрать главу

Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.

Першы абавязак кока, як толькі ён прачынаўся раніцай, заключаўся ў тым, што ён выходзіў на палубу і збіраў усіх лятучых рыб, якія зрабілі ўночы пасадку на плыце. Кожны раз, як правіла, іх было не менш за паўтузіна, а аднойчы раніцай мы знайшлі на плыце дваццаць шэсць тлустых лятучых рыб. Неяк раз, калі кухарыў Кнут, лятучая рыба ўдарыла яго па руцэ; ён быў вельмі засмучаны, што яна не шлёпнулася проста на патэльню ў кіпячы тлушч.

Тарстэйн толькі тады па-сапраўднаму адчуў, у якім цесным суседстве з акіянам мы жывём, калі, прачнуўшыся, убачыў на сваёй падушцы сардыну. У каюце было так цесна, што Тарстэйн вымушаны быў ляжаць галавою ў дзвярах; і калі хто-небудзь, выходзячы ўночы, выпадкова закранаў яго па твары, ён кусаў таго за нагу. Ён схапіў сардыну за хвост і недвухсэнсава даў ёй зразумець, што шчыра любіць усе сардыны. На другую ноч мы прадбачліва падкурчылі пад сябе ногі, каб пакінуць Тарстэйну як мага больш месца; але неўзабаве адбылася падзея, якая прымусіла Тарстэйна перабрацца спаць на скрыню з кухоннай пасудай, што стаяла ў радыёрубцы.

Гэта здарылася праз некалькі начэй. Хмары завалаклі ўсё неба, і было вельмі цёмна; для таго каб таварышы ў час змены вахты бачылі, куды яны ступаюць, пералазячы цераз яго, Тарстэйн паставіў парафінавы ліхтар каля самай сваёй галавы... А чацвёртай гадзіне ночы Тарстэйн прачнуўся, бо ліхтар перакуліўся і штосьці халоднае і мокрае пачало біцца каля яго твару. «Лятучая рыба», — падумаў ён і стаў мацаць у цемры вакол сябе, каб выкінуць яе. Ён дакрануўся да чагосьці доўгага і мокрага, што звівалася, як змяя, і адразу ж адхапіў руку, нібы апёкшыся. Пакуль Тарстэйн спрабаваў запаліць ліхтар, нябачны наведвальнік перапоўз цераз яго да Германа. Герман таксама падхапіўся, ад гэтага прачнуўся і я, думаючы, што гэта кальмар, якія часам з’яўляюцца ўночы ў гэтых водах. Калі нам удалося запаліць ліхтар, мы ўбачылі, што Герман сядзіць з выглядам пераможца, моцна сціскаючы адной рукой шыю доўгай вузкай рыбіны, якая звіваецца, нібы вугор. Рыба мела ў даўжыню каля метра і нагадвала сваім тонкім тулавам змяю; у яе былі вялікія чорныя вочы і доўгая галава з драпежнай зяпай, поўнай доўгіх вострых зубоў. Зубы былі вострыя, як нажы, і маглі адгінацца назад да паднябення, каб прапусціць у горла схопленую ежу. Герман усё яшчэ сціскаў у руках сваю здабычу, як раптам з рота драпежніка выскачыла лупатая белая рыбка даўжынёй каля дваццаці сантыметраў. А ўслед за ёю з’явілася і другая такая самая. Было зусім відавочна, што яны абедзве з’яўляліся глыбакаводнымі рыбамі, якім давялося пабываць на зубах у змяінай рыбы. Тонкая скура змяінай рыбы мела сінявата-фіялетавы колер на спіне і блакітнавата-стальны знізу; яна лёгка здымалася цэлымі шматкамі пад нашымі пальцамі.