Ад усяго шуму прачнуўся, нарэшце, і Бенгт, і мы падсунулі яму пад нос ліхтар і доўгую рыбіну. Ён спрасонку прыўзняўся ў сваім спальным мяшку і ўрачыста прамовіў:
— Не, такой рыбы не бывае.
I, сказаўшы так, спакойна павярнуўся і зноў заснуў.
Бенгт не вельмі памыляўся, гаворачы так. Пазней высветлілася, што мы ўшасцёх, седзячы вакол ліхтара ў бамбукавай каюце, былі першымі людзьмі, якія ўбачылі гэтую рыбіну жывою. На ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі і астравоў Галапагос некалькі разоў знаходзілі толькі шкілеты такой рыбіны; іхтыёлагі назвалі яе Gempylus, або змяінай макрэллю, і думалі, што яна жыве на дне акіяна на вялікай глыбіні, бо ніхто не бачыў яе жывою. Але калі яна і трымалася на вялікай глыбіні, то ва ўсякім разе толькі ўдзень, калі сонца сляпіла яе вялікія вочы. Таму што цёмнымі начамі змяіная макрэль разгульвала па хвалях; знаходзячыся на плыце, мы мелі магчымасць у гэтым пераканацца.
Праз тыдзень пасля таго, як гэтая рэдкая рыбіна трапіла ў спальны мяшок Тарстэйна, да нас з’явіўся другі наведвальнік. Зноў было чатыры гадзіны раніцы, і маладзік ужо зайшоў, так што навокал панавала цемра, але зоркі зіхацелі. Плыт лёгка слухаўся руля, і калі мая вахта скончылася, я вырашыў прайсціся ўздоўж борта да носа, каб, перадаўшы змену, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Як заўсёды ў вахтавых, у мяне вакол пояса была абвязана вяроўка; з парафінавым ліхтаром у руцэ я асцярожна ішоў уздоўж крайняга бервяна, каб абмінуць мачту. Бервяно было мокрае і слізкае, і я страшэнна раззлаваўся, калі хтосьці зусім нечакана схапіўся ззаду за маю вяроўку і пачаў так тузаць, што я ледзь не страціў раўнавагі. Я раз’юшана азірнуўся і пасвяціў ліхтаром, але нікога не ўбачыў. Потым зноў тузанулі за вяроўку, і я заўважыў, што на палубе нешта блішчыць і звіваецца. Гэта была яшчэ адна змяіная макрэль; на гэты раз яна так глыбока ўпілася сваімі зубамі ў вяроўку, што некалькі зубоў зламалася, перш чым мне ўдалося вызваліць яе. Відаць, святло ліхтара падала на белую вяроўку, якая звівалася за мною, і наша госця з глыбіні акіяна схапіла яе, спадзеючыся пажывіцца вельмі доўгім і, напэўна, надзвычай смачным кавалачкам. Яна закончыла свае дні ў слоіку з фармалінам.
Акіян падносіць шмат сюрпрызаў таму, хто жыве ў кватэры, размешчанай на адным узроўні з яго паверхняй, і рухаецца па ім павольна і бясшумна.
Бывае часам, што паляўнічы, які прадзіраўся праз гушчар лесу, вяртаецца і кажа, што не бачыў ніякай дзічыны. А другі паляўнічы сядзіць на пні і чакае, і часта вакол яго пачынаюць чуцца шолахі і трэск, і цікаўныя вочы выглядваюць з зарасніку. Тое самае можна сказаць і пра акіян.
Звычайна мы плаваем па ім, грукаючы машынамі і стукаючы поршнямі, успеньваючы ваду вакол носа карабля. Потым мы вяртаемся і гаворым, што нават сярод акіяна няма на што глядзець.
Калі мы плылі па акіяне, седзячы ля самай вады, не было дня, каб нас не наведвалі цікаўныя госці, якія шнырылі наўкол; некаторыя, як, напрыклад, залатыя макрэлі і лоцманы, так прывыклі да нас, што суправаджалі плыт па акіяну, дзень і ноч круцячыся каля яго.
Калі надыходзіла ноч і зоркі мігцелі ў цёмным трапічным небе, вада вакол нас пачынала фасфарэсцыраваць, спаборнічаючы сваім зіхаценнем з зоркамі. Кожны зіхатлівы планктонны арганізм так нагадваў круглы распалены вугольчык, што мы міжвольна падкурчвалі свае босыя ногі, калі зіхатлівыя шарыкі выкідвала хвалямі на карму плыта. Беручы іх у рукі, мы маглі распазнаць, што гэта былі ярка святлівыя гарнелі[28]. У такія ночы мы часам палохаліся, убачыўшы два круглыя святлівыя вокі, што раптоўна з’яўляліся з вады зусім побач з плытом і пазіралі на нас, не маргаючы, жудасным позіркам, які міжвольна гіпнатызаваў чалавека, — можа, гэта выплыў сам дух мора. Часта гэта былі вялікія кальмары, што з’яўляліся з глыбіні і плавалі на паверхні, ззяючы ў цемры д’ябальскі зялёнымі вачыма, якія нагадвалі сваім бляскам фосфар. А іншы раз гэта былі святлівыя вочы глыбакаводных рыб, якія падымаліся на паверхню толькі ўночы і нерухома ляжалі, утаропіўшыся на нас, зачараваныя цьмяным святлом ліхтара. Некалькі разоў, калі акіян быў спакойны, у чорнай вадзе вакол плыта раптам з’яўляліся круглыя, па 60—90 сантыметраў у дыяметры, галовы, якія, не варушачыся, глядзелі на нас вялікімі бліскучымі вачыма. Іншы раз мы бачылі ноччу ў вадзе святлівыя шары дыяметрам амаль з метр; яны загараліся праз няправільныя прамежкі часу і нагадвалі электрычныя лямпачкі, што ўспыхваюць на адно імгненне.
З цягам часу мы прывыклі да гэтых падземных, ці, правільней кажучы, падводных, істот, што жылі пад намі, і ўсё-такі кожны раз здзіўляліся, калі з’яўлялася новая разнавіднасць. Аднойчы а другой гадзіне ночы, калі неба было зацягнута хмарамі і рулявы ледзь мог адрозніць чорную ваду ад чорнага неба, ён заўважыў слабае святло пад вадой, якое паступова набыло форму вялізнай жывёлы. Нельга было вызначыць, свяціўся гэта планктон на яе целе, ці фасфарэсцыравала сама жывёла, але гэтае мігценне ў чорнай вадзе надавала прывіднай істоце невыразныя зменлівыя абрысы. Яна здавалася то круглай, то авальнай або трохкутнай, а потым раптам падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пачала самастойна плаваць узад і ўперад пад плытом. Урэшце гэтых святлівых зданяў стала тры, і яны апісвалі пад намі павольныя кругі. Гэта былі сапраўдныя страшыдлы, бо толькі бачная частка іх цела мела ў даўжыню 6—8 метраў. Мы ўсе хутчэй выбеглі на палубу і пачалі сачыць за прывідным танцам. Страшыдлы плылі за плытом, і гэтае відовішча працягвалася некалькі гадзін. Таямнічыя і бясшумныя, нашы святлівыя спадарожнікі трымаліся даволі глыбока пад вадой, часцей за ўсё з боку правага борта, дзе гарэў ліхтар, але іншы раз яны праплывалі проста пад плытом або з’яўляліся з левага боку. Мяркуючы па мігценню святла на іх спінах, можна было думаць, што жывёлы гэтыя па памерах большыя за сланоў, але гэта былі не кігы, бо яны ні разу не падняліся на паверхню, каб падыхаць паветрам. Магчыма, мы сустрэліся з гіганцкімі скатамі, якія змяняюць сваю форму, калі паварочваюцца набок? Яны не звярталі ніякай увагі, калі мы падносілі ліхтар да самай паверхні вады, стараючыся выбавіць наверх, каб можна было як след іх разгледзець.