Выбрать главу

Якія б ні былі планы ў гэтых сонцапаклоннікаў, пакідаючы сваю радзіму, яны, вядома, мелі з сабою запас прадуктаў на час падарожжа. Сушанае мяса і рыба, салодкая бульба з’яўляліся галоўнай часткай іх першабытнага харчу. Калі ў тыя часы людзі выбіраліся ў падарожжа на плытах уздоўж пустэльнага берага Перу, яны бралі з сабой вялікі запас вады. Замест глінянай пасуды яны часцей за ўсё карысталіся вялізнымі бутлямі з гарбузоў, якія не баяліся штуршкоў і ўдараў. Яшчэ больш зручнымі для карыстання на плыце былі тоўстыя ствалы гіганцкага бамбуку; у іх прасвідроўвалі ўсе перагародкі і налівалі ў сярэдзіну ствала ваду праз маленькую дзірку, якую закаркоўвалі якой-небудзь затычкай або залеплівалі смалой ці камеддзю. Трыццаць — сорак тоўстых бамбукавых ствалоў можна было прывязаць уздоўж плыта пад бамбукавай палубай, і там яны ляжалі ў цяньку і ўвесь час абмываліся халаднаватай (26°С у экватарыяльнай плыні) марской вадой. Такі запас вады быў у два разы большы, чым нам спатрэбілася за час падарожжа, а яго можна было і павялічыць, проста прывязаўшы яшчэ некалькі дзесяткаў бамбукаў пад плытом, дзе яцы нічога не важылі б і не займалі б месца.

Пасля таго як мінула два месяцы, мы заўважылі, што прэсная вада зрабілася затхлай і непрыемнай на смак. Але за гэты час заўсёды можна было праплыць тую частку акіяна, дзе выпадае мала дажджоў, і даўно апынуцца ў мясцінах, у якіх запас вады папаўняўся б моцнымі ліўнямі. Мы штодзень выдавалі па літру з чвэрцю вады на чалавека, і далёка не заўсёды гэтая порцыя разыходзілася.

Калі нават нашы папярэднікі выбіраліся ў дарогу, не маючы ў запасе дастатковай колькасці прадуктаў харчавання, яны ўсё ж не адчувалі вялікіх нястач, пакуль рухаліся па акіяну разам з багатай на рыбу плынню. За ўвесь час нашага падарожжа не было таго дня, каб мы не бачылі вакол плыта рыб і не маглі іх злавіць без асаблівай цяжкасці. Амаль кожны дзень хоць некалькі лятучых рыб самі з’яўляліся да нас на плыт. Здаралася нават, што вялікія баніты, вельмі смачныя, траплялі на плыт з хвалямі, якія набягалі на карму, і трапяталіся на палубе, калі вада збягала праз шчыліны між бярвеннямі, нібы праз сіта. Памерці ад голаду было немагчыма.

Старажытныя індзейцы добра ведалі, як можна праганяць смагу, калі няма прэснай вады. Іх спосабам часта карысталіся ахвяры караблекрушэнняў у час апошняй сусветнай вайны, высмоктваючы вільгаць з сырой рыбы. Можна таксама выціскаць сок, загарнуўшы кавалак рыбы ў якую-небудзь анучку, а калі рыбіна вялікая, то прасцей за ўсё выразаць у яе тулаве некалькі ямачак і пачакаць, пакуль яны хутка напоўняцца вадкасцю, якую выдзяляюць лімфатычныя залозы рыбы. На смак гэты напітак не дужа прыемны — калі ў вас ёсць што-небудзь лепшае, — але солі ў ім так мала, што смага праганяецца.

Нам значна менш хацелася піць, калі мы рэгулярна купаліся, а потым мокрыя ляжалі ў засені каюты. Калі ж вакол нас велічна патрулявала акула, не даючы нам магчымасці пакупацца па-сапраўднаму ў акіяне, то дастаткова было проста легчы на карме на бярвенні і моцна трымацца за вяроўкі пальцамі рук і ног. I тады мы прымалі ванны ў празрыстай вадзе Ціхага акіяна, якая перакочвалася цераз нас праз кожныя некалькі секунд.

Калі чалавек пакутуе ў спёку ад смагі, ён звычайна думае, што яго арганізм патрабуе вадкасці, і гэта часта можа прывесці да празмернага выдаткавання запасу вады без ніякай карысці. У сапраўды спякотныя дні ў тропіках можна выпіць столькі цеплаватай вады, што яна пачне падступаць вам да горла, а смага ўсё ж не прападзе. У такіх выпадках арганізм патрабуе не вадкасці, а, як гэта ні дзіўна, солі. У спецыяльныя рацыёны, якія мы мелі з сабой, ўваходзілі таблеткі солі для рэгулярнага прыёму іх у вельмі спякотныя дні, паколькі разам з потам арганізм выдзяляе соль. Нам было асабліва горача, калі вецер зусім сціхаў, а сонца пякло бязлітасна. Мы спрабавалі ўліваць у сябе столькі вады, што яна пачынала хлюпаць у нас у жываце, а нашы глоткі прагна патрабавалі яшчэ і яшчэ. У такія дні мы дабаўлялі да нашага рацыёну прэснай вады ад 20 да 40 працэнтаў горка-салёнай марской вады і, на вялікае здзіўленне, пераконваліся, што гэтая саланаватая вада праганяе смагу. Мы доўга адчувалі ў роце смак марской вады, але ніколі нам не рабілася ад яе моташна; і тым самым мы адначасова павялічвалі свой рацыён вады.