Навуковыя працы, хронікі эпохі першых даследаванняў, незлічоныя калекцыі ў музеях Еўропы і Амерыкі давалі багаты матэрыял, які мог дапамагчы у вырашэнні загадкі, што так цікавіла мяне. Пачынаючы з таго часу, як еўрапейцы, пасля адкрыцця Амерыкі, упершыню даплылі да астравоў Ціхага акіяна, вучоныя ўсіх спецыяльнасцей сабралі безліч фактаў аб жыхарах Паўднёвага мора і аб усіх народах, якія насялялі навакольныя краіны. Але думкі вучоных рэзка разыходзіліся і ў пытанні аб паходжанні гэтага адасобленага астраўнога насельніцтва і ў вызначэнні прычын, якімі можна было б растлумачыць той факт, што гэты тып людзей сустракаецца толькі на ізаляваных астравах ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.
Калі першыя еўрапейцы адважыліся, нарэшце, пераплыць найвялікшы з усіх акіянаў, яны былі здзіўлены, убачыўшы, што ў цэнтральнай частцы акіяна размешчана мноства маленькіх гарыстых астравоў і нізкіх каралавых рыфаў, аддзеленых адзін ад аднаго і ад усяго свету вялізнымі прасторамі вады. I кожны з гэтых астравоў быў заселены людзьмі, што прыйшлі туды раней за еўрапейцаў, — высокімі прыгожымі людзьмі, якія сустракалі іх на беразе з сабакамі, свіннямі і свойскімі птушкамі. Адкуль яны з’явіліся? Яны размаўлялі на мове, якой ніхто не ведаў. Еўрапейцы, бессаромна называючы сябе першаадкрывальнікамі гэтых астравоў, убачылі на іх апрацаваныя палі і вёскі з храмамі і хацінамі. На некаторых астравах былі нават знойдзены старажытныя піраміды, брукаваныя дарогі і высечаныя з каменя фігуры вышынёй з чатырохпавярховы дом. Але тлумачэння ўсіх гэтых таямніц не было. Што гэта за народ? Адкуль ён прыйшоў?
Можна з упэўненасцю сказаць, што адкáзаў на гэтыя пытанні было амаль столькі ж, колькі мелася прысвечаных ім прац. Спецыялісты розных галін навукі прапаноўвалі самыя разнастайныя рашэнні праблемы, але ўсе іх тэорыі не вытрымлівалі крытыкі вучоных, якія працавалі ў іншых галінах ведаў. Малайя, Індыя, Кітай, Японія, Аравія, Егіпет, Каўказ, Атлантыда, нават Германія і Нарвегія самым сур’ёзным чынам высоўваліся ў якасці радзімы палінезійцаў. Але кожны раз знаходзілася якое-небудзь пытанне рашаючага характару, што не магло быць вытлумачана новай тэорыяй, і ўсё збудаванне вучоных рассыпалася ў пыл.
А там, дзе спыняецца навуковае пазнанне, пачынае сваю работу фантазія. Таямнічыя маналіты на востраве Пасхі і ўсе іншыя помнікі невядомага паходжання, знойдзеныя на гэтым маленькім, адкрытым для ўсіх вятроў адзінокім востраве, які ляжыць на паўдарозе паміж бліжэйшымі астравамі і берагам Паўднёвай Амерыкі, далі пажыву для самых розных тэорый. Некаторыя даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што знаходкі на востраве Пасхі шмат чым нагадваюць помнікі дагістарычнай цывілізацыі Паўднёвай Амерыкі. Магчыма, калісьці паміж востравам і мацерыком існаваў мост з сухазем’я, які пазней апусціўся? Магчыма, востраў Пасхі і ўсе іншыя астравы Паўднёвага мора, на якіх мы знаходзім падобныя між сабой помнікі, з’яўляюцца рэшткамі кантынента, што знік пад вадой?
Гэтая тэорыя была шырока распаўсюджана сярод неспецыялістаў, але геолагі і іншыя вучоныя не надавалі ёй значэння. Больш таго, заолагі, на падставе вывучэння насякомых і малюскаў на астравах Паўднёвага мора, бясспрэчна даказалі, што на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва гэтыя астравы, як і ў нашы дні, былі зусім аддзелены адзін ад аднаго і ад навакольных мацерыкоў[2].
Такім чынам, мы дакладна ведаем, што продкі палінезійцаў калісьці, па сваёй ахвоце або ў выніку неабходнасці, прыплылі на гэтыя ізаляваныя астравы на нейкіх суднах па волі ветру або плыні. Больш уважлівае вывучэнне насельніцтва Паўднёвага мора дало ўсе падставы лічыць, што яно з’явілася тут усяго некалькі стагоддзяў таму назад. Хоць палінезійцы насяляюць астравы, раскіданыя па акіяну на плошчы ў чатыры разы большай за ўсю Еўропу, усё ж у іх мове не адбылося істотных змен на розных астравах. Тысячы міль аддзяляюць Гавайскія астравы на поўначы ад Новай Зеландыі на поўдні і астравы Самаа на захадзе ад вострава Пасхі на ўсходзе, аднак жыхары ўсіх гэтых астравоў гавораць на дыялектах адной агульнай мовы, якую мы называем палінезійскай. Пісьменнасці не існавала ні на адным з астравоў, калі не лічыць некалькіх драўляных таблічак з незразумелымі іерогліфамі, якія захавалі жыхары вострава Пасхі, хоць ні яны самі і ні адзін вучоны не маглі прачытаць іх. Але на астравах існавалі школы, і самым важным прадметам, які вывучалі ў іх, былі паэтычныя легенды, паколькі для палінезійцаў гісторыя з’яўлялася адначасова і рэлігіяй. Яны з павагай ставіліся да продкаў і пакланяліся сваім нябожчыкам-правадырам, першым сярод якіх быў Цікі, а пра самога Цікі гаварылі, што ён быў сынам сонца.
2
Паўднёвая Амерыка, як мяркуюць, злучалася з Аўстраліяй і Паўднёва-Усходняй Азіяй сушай, якая існавала ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна вельмі даўно, у канцы палеазою, гэта значыць каля 200 мільёнаў год назад. Некаторыя геолагі лічаць, што ў паўднёва-ўсходняй частцы Ціхага акіяна магла існаваць суша і пазней, але ўсё ж задоўга да з’яўлення чалавека.