Выбрать главу

Тое, што гэтыя маленькія арганізмы маюць у сабе дастаткова калорый, даказана блакітнымі кітамі, якія з’яўляюцца самымі вялікімі ў свеце жывёламі, а харчуюцца планктонам. Наш спосаб лоўлі з дапамогай маленькай сеткі, якую мы часта даставалі з вады пажаванай галоднымі рыбамі, здаваўся нам страшэнна прымітыўным, асабліва пасля таго, як аднаго разу, седзячы на палубе, мы ўбачылі кіта, які, праплываючы непадалёку ад нас, выкідваў каскады вады, проста працэджваючы планктон праз свае цэлулоідныя вусы. А аднойчы ўся наша сетка прапала ў акіяне.

— Чаму б вам, планктонаедам, не рабіць так, як ён? — пагардліва спыталі Тарстэйн і Бенгт у астатніх, паказваючы на кіта, які пускаў фантаны. — Набірайце проста ў рот і выдзімайце ваду праз вусы!

Мне даводзілася бачыць кітоў здалёк з параходаў, і я разглядаў іх чучалы ў музеі, але ніколі ў мяне не ўзнікала адчування, што гэтая гіганцкая туша з’яўляецца такой жа сапраўднай цеплакроўнай жывёлай, як, напрыклад, конь або слон. Вядома, як біёлаг, я прызнаваў, што кіт сапраўднае млекакормячае. Але сам па сабе ён уяўляўся мне з усіх пунктаў погляду вялікай халоднай рыбай. Цяпер жа, калі вялізныя кіты імчаліся да нашага плыта і плылі побач з ім, наша ўражанне было зусім іншым. Аднойчы мы, як звычайна, сядзелі за абедам ля самага краю плыта, так блізка ад вады, што, для таго каб спаласнуць кубкі, нам дастаткова было нахіліцца назад; раптам усе мы ўздрыгнулі ад нечаканасці, калі ззаду ў нас хтосьці цяжка засоп, нібы конь, плывучы па вадзе, і на паверхні з’явіўся вялікі кіт. Ён глядзеў на нас і быў так блізка, што мы бачылі яго дыхала, якое блішчала, нібы наглянцаваны бот. Было так дзіўна чуць сапраўднае дыханне сярод акіяна, дзе ўсе жывыя істоты не маюць лёгкіх і, бясшумна звіваючыся, варушаць сваімі шчэлепамі, што мы сапраўды адчувалі цёплае сяброўскае пачуццё да нашага старажытнага далёкага родзіча — кіта, які, гэтак жа як і мы, забраўся так далёка ў акіян. Замест халоднай, жабападобнай кітовай акулы, у якой не хапала розуму нават на тое, каб высунуць нос і пады́хаць свежым паветрам, на гэты раз нас наведаў хтосьці, хто нагадваў адкормленага вясёлага бегемота з заалагічнага саду, і зрабіў некалькі ўдыхаў і выдыхаў (мне гэта спадабалася больш чым што), перш чым апусціцца пад ваду і знікнуць.

Кіты наведвалі нас шмат разоў. Часцей за ўсё гэта былімаленькія марскія свінні і зубатыя кіты; яны вялікімі чародамі гулялі вакол нас на паверхні вады; але час-ад-часу сустракаліся і вялікія кашалоты або іншыя гіганцкія кіты, якія плавалі па адным або чародамі па некалькі штук. Іншы раз яны праплывалі, быццам караблі, на небасхіле, сюд-туд выкідваючы ў паветра фантаны вады, але часам яны накіроўваліся проста на нас. Першы раз, калі вялікі кіт змяніў курс і яўна знарок рушыў проста да плыта, мы падрыхтаваліся да небяспечнай сутычкі. Па меры таго як кіт набліжаўся, кожны раз, калі ён высоўваў галаву з вады, мы ўсё больш выразна чулі, як цяжка і рэдка пыхкае ён дыхаючы. Здавалася, што ў вадзе насілу рухаецца вялізная, таўстаскурая, нязграбная сухапутная жывёліна, гэтак жа не падобная на рыбу, як кажан не падобны на птушку. Кіт падплыў да левага борта, дзе мы ўсе сабраліся ля самага краю плыта; адзін з нас сядзеў на самым версе мачты і крычаў, што бачыць яшчэ сем ці восем кітоў, якія плывуць да нас.

Вялікі бліскучы чорны лоб першага кіта паказаўся не больш чым за два метры ад нас, але раптам ён апусціўся ў ваду, і потым мы ўбачылі, што вялізная сінявата-чорная спіна павольна слізганула пад плыт якраз пад нашымі нагамі. Нейкі час кіт ляжаў там, цёмны і нерухомы, а мы, затаіўшы дух, глядзелі ўніз на гіганцкую выгнутую спіну млекакормячага, куды большага ў даўжыню за ўвесь наш плыт. Потым яно павольна апусцілася ў глыбіню сіняватай вады і знікла з вачэй. Тым часам вакол плыта сабралася ўся чарада, але кіты не звярталі на нас увагі. Напэўна, людзі самі нападалі першымі на тых кітоў, якія рабілі шкоду сваёй велізарнай сілай і тапілі ўдарамі хваста кітабойныя баркасы. Усю раніцу мы бачылі вакол сябе кітоў, якія шумна саплі, у самых неспадзяваных месцах, але ні разу яны не штурханулі ні плыт, ні рулявое вясло. Яны былі цалкам задаволены тым, што спакойна гулялі ў асветленых сонцам хвалях. Але прыблізна а палове дня ўся чарада, быццам па сігналу, нырнула і знікла назаўсёды.