Не толькі кітоў даводзілася нам бачыць у сябе пад плытом. Падняўшы цыноўкі з чароту, на якіх мы спалі, мы маглі праз шчыліны між бярвенняў глядзець проста ўніз у празрыстую сінюю ваду. Паляжаўшы так пэўны час, можна было заўважыць грудны або хваставы плаўнік, які пагойдваўся ў вадзе, а час-ад-часу і ўсю рыбіну. Калі б шчыліны былі на некалькі сантыметраў шырэйшымі, мы маглі б з усімі выгодамі ляжаць у пасцелі з вудаю і лавіць рыбу пад сваімі матрацамі.
Самымі неадступнымі спадарожнікамі плыта былі залатыя макрэлі і лоцманы. Пачынаючы з таго моманту, калі першыя залатыя макрэлі далучыліся да нас у плыні Гумбольдта за бухтай Кальяо, не было таго дня за ўвесь час падарожжа, каб мы не бачылі буйных экземпляраў, якія звіваліся вакол нас. Што прыцягвала іх да плыта, мы не ведалі; магчыма, іх таямніча вабіла тое, што можна плаваць у цяньку, маючы над сабою дах, які няспынна рухаецца; а мо’, іх вабіла ежа, якую яны знаходзілі ў нашым агародзе з водарасцей і ракавінак, што махрамі звісалі з усіх бярвейняў і рулявога вясла. Абрастанне пачалося з тонкага роўнага слою зеляніны, але потым зялёныя нарасці водарасцей сталі павялічвацца з надзвычайнай хуткасцю, так што «Кон-Цікі», карабкаючыся па хвалях, меў выгляд нейкага барадатага марскога бога. А сярод зялёных водарасцей быў любімы прытулак малюсенькіх малявак і нашых безбілетных пасажыраў — крабаў. Адзін час плыт запаланілі мурашкі. У некаторых бярвеннях былі дробныя чорныя мурашкі, і калі мы апынуліся ў моры і драўніна пачала ўбіраць у сябе вільгаць, мурашкі выпаўзлі і перабраліся ў спальныя мяшкі. Яны былі ўсюды і так кусалі і мучылі нас, што мы пачалі пабойвацца, каб яны не выжылі нас з плыта. Але паступова, калі ў акіяне нас пачало ўсё часцей заліваць хвалямі, мурашкі зразумелі, што такія ўмовы не для іх, і толькі некалькі паасобных насякомых вытрымалі падарожжа цераз акіян. Лепей за ўсіх, таксама як і крабы, адчувалі сябе на плыце марскія качачкі[32] даўжынёю 25—40 міліметраў. Яны пладзіліся сотнямі, асабліва на падветраным баку плыта, і як толькі мы адсылалі дарослых рачкоў у кацёл на суп, маладыя лічынкі ўкараняліся і ішлі ў рост. Рачкі гэтыя мелі свежы і прыемны смак; для салаты мы бралі водарасці — іх таксама можна было есці, але яны былі не такія смачныя. Фактычна мы ні разу не бачылі, каб залатыя макрэлі жывіліся ў агародзе, але яны раз-по-раз паварочваліся сваім бліскучым брухам угору і падплывалі пад бярвенні.
Залатая макрэль — трапічная рыба з бліскучай афарбоўкай — звычайна бывае ў даўжыню ад 100 да 135 сантыметраў і мае вельмі сплюснутае тулава з надта высокай галавой і шыяй. Аднойчы мы выцягнулі на плыт рыбіну даўжынёй 143 сантыметры; яе галава мела ў вышыню 37 сантыметраў. Расфарбоўка ў залатой макрэлі надзвычай прыгожая. У вадзе яна пераліваецца сінімі і зялёнымі колерамі, нібы мясная муха, і зіхаціць залаціста-жоўтымі плаўнікамі. Але калі мы выцягвалі іх з вады, часам назіралася дзіўная з’ява. Паміраючы, рыба паступова змяняла афарбоўку: спачатку станавілася серабрыста-шэрай з чорнымі плямамі, а потым уся серабрыста-белай. Гэта працягвалася чатыры — пяць мінут, пасля чаго зноў павольна аднаўлялася ранейшая афарбоўка. Нават у вадзе залатая макрэль іншы раз змяняе, як хамелеон, свой колер; часта мы заўважалі «новую разнавіднасць» бліскучых рыб меднага колеру, якія, як выяўлялася пры больш блізкім знаёмстве, былі нашымі старымі спадарожнікамі — залатымі макрэлямі.
Высокі лоб рабіў залатую макрэль падобнай на бульдога са сплюснутымі бакамі; і калі драпежнік, нібы тарпеда, кідаўся ў пагоню за чарадой лятучых рыб, ён сваім ілбом рассякаў паверхню вады. Калі залатая макрэль была ў добрым настроі, яна паварочвалася на бок, шпарка імчалася наперад, падскаквала высока ў паветра і, нібы блін, плазам шлёпалася назад; такія скачкі паўтараліся праз аднолькавыя прамежкі часу і кожны раз суправаджаліся слупам пырскаў. Ледзь толькі яна паспявала плюхнуцца ў ваду, як з’яўлялася ў паветры зноў і зноў. Але калі яна была ў кепскім настроі, напрыклад, калі мы выцягвалі яе на плыт, тады яна кусалася. Тарстэйн некалькі дзён накульгваў і хадзіў з анучкай, абвязанай вакол вялікага пальца на назе, бо трапіў ім у рот залатой макрэлі, якая не прапусціла зручнага выпадку запусціць зубы крыху мацней, чым звычайна. Вярнуўшыся на радзіму, нам даводзілася чуць, што залатыя макрэлі іншы раз нападаюць на людзей у час купання і з’ядаюць іх. Гэта было кепскім кампліментам для нас, калі ўлічыць, што мы кожны дзень купаліся сярод залатых макрэлей, не выклікаючы ў іх асаблівай цікавасці. I ўсё-такі яны былі небяспечныя драпежнікі, бо мы знаходзілі ў іх страўніках і кальмараў і цэлых лятучых рыб.
32
Марскія качачкі — вусаногія рачкі, якія вядуць жыццё, прымацаваўшыся да каменняў і плывучых прадметаў.