Лятучыя рыбы былі любімай ежай залатых макрэлей. Варта было чаму-небудзь плюхнуць на паверхні вады, і яны стрымгалоў кідаліся туды, спадзеючыся, што гэта лятучая рыба. Часта ў дрымотны ранішні час, калі мы ,жмурачыся, вылазілі з каюты і яшчэ сонныя акуналі зубную шчотку ў акіян, мы адразу прачыналіся, падскакваючы ад нечаканасці, убачыўшы пятнаццацікілаграмавую рыбіну, якая маланкай вылятала з-пад плыта і расчаравана тыцкалася носам у зубную шчотку. Бывала, што мы спакойна снедалі, седзячы на краі плыта, а ў гэты час залатая макрэль выскаквала з вады і так шлёпалася на бок, што марская вада залівала нашы спіны і трапляла ў ежу.
Аднойчы, калі мы сядзелі за абедам, з Тарстэйнам здарыўся выпадак, які бывае толькі ў самых неверагодных апавяданнях паляўнічых. Ён раптам паклаў відэлец і апусціў руку ў акіян; перш чым мы зразумелі, што здарылася, вада забурліла, і вялікая залатая макрэль, звіваючыся, апынулася сярод нас.
Аказваецца, Тарстэйн схапіў канец лёскі, якая павольна праплывала паўз нас і на другім канцы якой вісела на кручку зусім ашаломленая залатая макрэль, тая самая макрэль, што парвала лёску Эрыка, калі ён рыбачыў некалькі дзён таму назад.
Не было таго дня, каб шэсць — сем залатых макрэлей не суправаджалі нас, кружачы вакол плыта і пад ім. У іншы дзень, праўда, іх магло быць толькі дзве або тры, але затое назаўтра іх з’яўлялася штук трыццаць або сорак. Звычайна, калі мы хацелі мець на абед свежую рыбу, дастаткова было папярэдзіць аб гэтым кока за дваццаць мінут загадзя. Тады ён прывязваў кавалак шпагату да кароткай бамбукавай палкі і чапляў на кручок палову лятучай рыбы. I ў той жа момант, рэжучы галавой паверхню вады ў пагоні за кручком, з’яўлялася залатая макрэль; а за ёю па пятах імчаліся яшчэ дзве ці тры. Гэта была цікавая рыбная лоўля. Мяса толькі што злоўленай залатой макрэлі было тугое і смачнае; яно нагадвала адначасова траску і сёмгу і не псавалася дні два, а большага нам і не трэба было, бо рыбы ў акіяне хапала.
Знаёмства з лоцманамі адбывалася ў нас інакш. Акулы прыводзілі іх і пасля сваёй смерці пакідалі нам для ўсынаўлення. Ужо неўзабаве пасля нашага адплыцця плыт наведала першая акула. А потым яны сталі амаль штодзённымі гасцямі. Часам акула проста падплывала, каб паглядзець на плыт, і, апісаўшы вакол нас адзін ці два кругі, плыла далей на пошукі здабычы. Але часцей акулы прыстройваліся за кармой, якраз ззаду рулявога вясла; там яны ляжалі зусім бясшумна, пазіраючы то на адзін, то на другі борт, і толькі зрэдку ледзь прыкметна варушылі хвастом, каб не адстаць ад плыта, які спакойна рухаўся наперад. Шэра-блакітнае тулава акулы, асветленае праменнямі сонца, калі яна знаходзілася ля самай паверхні вады, здавалася бураватым; яно ўзнімалася і апускалася разам з хвалямі, так што спінны плаўнік увесь час пагрозліва тырчаў з вады. Калі мора было бурным, хвалі іншы раз падымалі акулу куды вышэй плыта, тады яна велічна плыла да нас у суправаджэнні мітуслівай світы маленькіх лоцманаў, якія трымаліся ўвесь час перад яе пашчай, і мы бачылі яе ўсю цалкам, нібы ў шкляной скрыні. На працягу некалькіх секунд нам здавалася, што і акула і яе паласатыя спадарожнікі вось-вось апынуцца на самом плыце, але потым плыт грацыёзна нахіляўся ў падветраны бок, карабкаўся на грэбень хвалі і спускаўся з другога боку яе.
Спачатку мы ставіліся да акул з вялікай павагай; прычынай таму былі іх рэпутацыя і пагрозлівы выгляд. У гэтым завостраным тулаве, якое было не што іншае, як вялізны клубок стальных мускулаў, таілася шалёная сіла, а шырокая пляскатая галава з маленькімі зялёнымі кашэчымі вачыма і шырачэзнай пашчай, у якой мог змясціцца футбольны мяч, сведчыла аб бязлітаснай прагнасці. Калі чалавек ля руля крычаў «акула ўздоўж правага борта» або «акула ўздоўж левага борта», мы выскаквалі на палубу, хапалі ручныя гарпуны і восці і станавіліся ў рад уздоўж краю плыта. Звычайна акула бясшумна плавала вакол нас, ледзь не прыціскаючыся спінным плаўніком да бярвенняў. Наша павага да акулы яшчэ больш вырасла, калі мы ўбачылі, што восці гнуліся, як спагецці[33], адскакваючы ад падобнай на наждачную паперу брані на спіне акулы, а наканечнікі ручных гарпуноў ламаліся ў час гарачай сутычкі. Калі нам і ўдавалася прабіць скуру акулы і дабрацца да яе мускулаў і храсткоў, гэта прыводзіла толькі да хвалюючай барацьбы; вада вакол нас кіпела, але ўсё канчалася тым, што акула вырывалася і ўцякала, а на паверхні вады заставалася маленькая маслістая пляма, якая паступова расплывалася.