Выбрать главу

Каб не страціць наш апошні гарпун, мы звязалі ў пучок некалькі самых вялікіх рыбалоўных кручкоў і засунулі іх у тулава залатой макрэлі. Потым мы спусцілі прынаду за борт, прычым прадбачліва замянілі лёску стальным шматжыльным тросікам, які мы прымацавалі да канца нашай выратавальнай вяроўкі. Акула падплыла павольна і рашуча; высунуўшы галаву над вадой, яна разявіла сваю падобную на серп пашчу, рвануўшы, схапіла цалкам залатую макрэль і праглынула яе. Тут яна і папалася. Распачаўся бой, у час якога акула ўспеніла ўсю ваду вакол плыта, але мы моцна ўчапіліся за вяроўку і падцягнулі вялізнага драпежніка, які супраціўляўся з усяе сілы, да самых бярвенняў кармы; там акула ляжала ўжо спакойна, нібы чакаючы, што будзе далей, і толькі шырока разяўляла пашчу, быццам хочучы запалохаць нас радамі сваіх вострых, як піла, зубоў. Хваля, што набегла ў гэты момант, ускаціла акулу на край слізкіх ад водарасцей бярвенняў; накінуўшы вяровачную пятлю на хваставы плаўнік страшыдла, мы хуценька адбегліся на пачцівую адлегласць і пачалі чакаць, пакуль закончыцца ваенны танец.

У храстку першай акулы мы знайшлі наканечнік нашага ўласнага гарпуна і спачатку думалі, што гэтым тлумачыцца яе параўнальна слабае супраціўленне. Але пазней мы такім жа чынам лавілі адну акулу за другой, і кожны раз без асаблівай цяжкасці. Як бы ні тузалася і ні ўпіралася акула, як бы ні прыходзілася нам напружвацца, каб падцягнуць яе ў вадзе, яна рабілася зусім бездапаможнай і пасіўнай і ніколі не магла поўнасцю паказаць сваю страшэнную сілу, калі толькі нам удавалася туга нацягваць лёску, не паддаючыся ні на сантыметр у гэтай барацьбе — «хто каго перацягне». Акулы, якіх мы выцягвалі на плыт, звычайна мелі ў даўжыню ад двух да трох метраў, і сярод іх трапляліся і блакітныя і бурыя. У апошніх скура, што абцягвала мускулы, была вельмі цвёрдай; для таго каб праткнуць яе вострым нажом, мы павінны былі біць з усяе сілы, і нават тады нож часта адскакваў. На жываце скура была такая ж непрабіваемая, як і на спіне, і адзіным слабым месцам з’яўляліся шчэлепныя шчыліны ля галавы, па пяць штук з кожпага боку.

Выцягнуўшы акулу з вады, мы амаль заўсёды бачылі на яе тулаве чорных слізкіх прыліпалаў. З дапамогай авальнага прысоска на цемені пляскатай галавы яны прылепліваліся так моцна, што нам не ўдавалася адарваць іх, хоць мы з усяе сілы цягнулі за хвост. Але прыліпалы самі маглі адчапіцца і, як згледзець вокам, перабрацца на другое месца. Калі ім надакучвала вісець, моцна прысмактаўшыся да акулы, а іх стары гаспадар не збіраўся вярнуцца ў акіян, яны саскаквалі з яго і знікалі між шчылін плыта, каб плыць на пошукі другога гаспадара. А калі прыліпала не знаходзіў акулы, ён часова прысмоктваўся да скуры якой-небудзь іншай рыбы.

Прыліпалы бывалі розныя — і з палец і сантыметраў трыццаць у даўжыню. Мы спрабавалі паўтарыць стары хітры прыём палінезійцаў, якім яны часам карыстаюцца, калі ім удаецца злавіць жывога прыліпалу. Яны прывязваюць вяровачку да яго хваста і пускаюць у ваду. Прыліпала стараецца прысмактацца да першай трапіўшай на вочы рыбы і чапляецца за яе так моцна, што шчаслівы рыбак можа выцягнуць разам з прыліпалам і рыбу, на якой той трымаецца. Нам не шанцавала. Кожны раз, як толькі мы выпускалі прыліпалу з прывязанай да яго хваста вяровачкай, ён як мага хутчэй кідаўся да плыта і моцна прысмоктваўся да аднаго з бярвенняў, думаючы, што яму трапілася надзвычай добрая вялікая акула. I там ён вісеў, як бы мы ні тузалі за вяроўку. З цягам часу ў нас з’явілася досыць многа такіх невялічкіх прыліпалаў; яны, пагойдваючыся, упарта віселі сярод ракавінак на бярвеннях плыта і падарожнічалі з намі па Ціхім акіяне.

Але прыліпалы былі дурныя і непрыгожыя і ніколі не станавіліся нашымі любімцамі, як іх вясёлыя таварышы — лоцманы. Лоцманы — маленькія цыгарападобныя, паласатыя, нібы зебры, рыбы, якія шпарка плывуць чародкамі перад мордай акулы. Яны атрымалі такую назву таму, што, як калісьці шмат хто думаў, яны служылі лоцманамі для свайго падслепаватага сябра, паказваючы яму дарогу ў моры. На справе ж, яны проста рухаюцца разам з акулай і калі дзейнічаюць незалежна ад яе, дык толькі ў тых выпадках, калі на вочы ім трапляе якая-небудзь ежа. Лоцман суправаджае свайго гаспадара і ўладара да апошняй хвіліны. Але паколькі ён не здольны прычапіцца да скуры гіганта, як гэта робяць прыліпалы, ён доўга не можа апамятацца ад здзіўлення, калі яго стары гаспадар раптам знікае ў паветры і не вяртаецца назад. Тады лоцманы пачынаюць разгублена мітусіцца ўзад і ўперад у пошуках гаспадара і заўсёды вяртаюцца і круцяцца ля кармы плыта, дзе знікла акула. Час ідзе, але акула не вяртаецца, і яны вымушаны шукаць сабе новага гаспадара і ўладара. А пад бокам, бліжэй за ўсіх — сам «Кон-Цікі».