Бываючы ў гасцях у мясцовых жыхароў на ціхаакіянскіх астравах, я часта еў кальмараў. На смак яны нагадваюць сумесь амара і гумы. Але на «Кон-Цікі» кальмары займалі апошняе месца ў нашым меню. Калі яны бясплатна траплялі нам у рукі, мы мянялі іх на што-небудзь іншае. Абмен адбываўся наступным чынам: мы начэплівалі кальмара на кручок і закідвалі яго ў акіян, а потым выцягвалі назад разам з вялікай рыбінай, што ўчапілася ў яго. Маладыя кальмары падабаліся нават тунцам і банітам, а гэтыя рыбы займалі ў нашым меню ганаровае месца.
Мы не адчувалі недахопу ў новых знаёмствах, калі нас павольна несла па акіяну. У маім дзённіку ёсць шмат запісаў, падобных на гэтыя:
«11/5. Сёння, калі мы вячэралі на краі плыта, нейкая вялізная марская жывёліна двойчы з’яўлялася на паверхні побач з намі. Яна страшэнна плюхала, потым знікла. Мы не можам нават здагадацца, што гэта за жывёліна.
6/6. Герман бачыў тоўстую цёмную рыбіну з шырокім белым брухам, вузкім хвастом і калючкамі. Яна некалькі разоў выскаквала з вады з боку правага борта.
16/6. З левага борта відаць цікавая рыбіна. У даўжыню каля двух метраў, максімальная шырыня 30 сантыметраў, доўгая тонкая галава бурага колеру, вялікі спінны плаунік ля галавы і крыху меншы на сярэдзіне спіны, магутны, падобны на серп, хваставы плаўнік. Трымаецца ля паверхні, часам плавае, звіваючыся, як вугор. Калі Герман і я з ручным гарпуном паплылі ў гумавай лодцы, яна нырнула. Праз некаторы час паказалася зноў, але неўзабаве нырнула і знікла.
17/6. У поўдзень Эрык сядзеў на верхавіне мачты і заўважыў 30—40 доўгіх вузкіх рыб бурага колеру — гэтакіх жа, як учора. На гэты раз яны шпарка набліжаліся з левага боку і знікалі за кармой, прамільгнуўшы ў вадзе, нібы буры пляскаты цень.
18/6. Кнут заўважыў нейкае стварэнне, падобнае на змяю, вузкае, даўжынёю сантыметраў 60—90; яно было відаць у вадзе ля самай паверхні і то разгіналася, то згіналася, а потым нырнула, звіваючыся, быццам змяя».
Часам мы павольна праплывалі міма вялікай цёмнай масы, што нерухома ляжала ля самай паверхні, нагадваючы падводную скалу па плошчы велічынёй з добры пакой. Хутчэй за ўсё, гэта быў гіганцкі скат з вельмі кепскай рэпутацыяй, але ён ні разу не зварухнуўся, а мы ні разу не падплывалі так блізка, каб можна было добра разгледзець яго абрысы.
Паколькі ў вадзе вакол нас была такая разнастайная кампанія, час заўсёды праходзіў хутка. Горш было, калі нам самім даводзілася даваць нырца ў акіян і аглядаць вяроўкі з ніжняга боку плыта. Аднойчы адзін з кіляў выпаў і слізгануў пад плыт; там ён заблытаўся ў вяроўках, і мы не маглі яго дастаць. Лепш за ўсіх ныралі Герман і Кнут. Двойчы Герман падплываў пад плыт і, лежачы там сярод залатых макрэлей і лоцманаў, спрабаваў вызваліць дошку. Ён толькі што вынырнуў другі раз і прысеў на краі плыта, каб перавесці дух, як раптам за якія-небудзь тры метры ад яго мы заўважылі двухзпаловайметровую акулу, якая павольна падымалася з глыбіні, накіроўваючыся да кончыкаў пальцаў яго ног.Магчыма, мы былі ў адносінах да акулы несправядлівымі, але нам здалося, што яна мае не зусім добрыя намеры, і мы ўсадзілі ёй гарпун у чэрап. Акула палічыла сябе пакрыўджанай, і пачалася барацьба, ад якой узняліся фантаны пырскаў; у выніку акула знікла, пакінуўшы маслістую пляму на паверхні вады. А аблытаны вяроўкамі кіль так і застаўся ляжаць пад плытом.