Выбрать главу

Тады Эрык надумаўся змайстраваць вадалазны кош. Мы мелі пад рукамі мала матэрыялаў, але ў нас былі бамбук, вяроўкі і стары кош з лубу, у якім ляжалі какосавыя арэхі. З дапамогай бамбуку і сплеценых вяровак мы падоўжылі верх каша і цяпер маглі спускацца за борт у ім. Спакуслівыя ногі былі схаваны ў кашы, і хоць вяровачная сетка мела толькі псіхалагічнае ўздзеянне і на нас і на рыб, усё-такі, калі хто-небудзь імчаўся на нас з варожымі намерамі, мы маглі ў той жа момант скурчыцца на дне каша, а таварышы, якія заставаліся ца палубе, адразу выцягнулі б нас з вады.

Вадалазны кош з’явіўся не толькі карыснай рэччу, але з цягам часу стаў для нас цудоўным месцам для цікавых назіранняў. Ён даваў нам магчымасць вывучаць плывучы акварыум, што знаходзіўся пад намі.

Калі акіян спакойна каціў свае хвалі, мы па чарзе залазілі ў кош, і нас спускалі пад ваду, дзе мы заставаліся, пакуль хапала запасу паветра, набранага ў лёгкія. Унізе ў вадзе святло неяк дзіўна змянялася і прадметы не адкідвалі ценю. Варта было нашым вачам апынуцца пад вадой, і крыніца святла — у адрозненне ад нашага надводнага свету — нібы пераставала існаваць. Пераломленыя праменні даходзілі да нас не толькі зверху, але і знізу; сонца больш не ззяла, яно было ўсюды. Калі мы глядзелі ўгору, на дно плыта, дык нам здавалася, што яно ярка асветлена; дзевяць вялікіх бярвенняў і ўся сетка вяровачных мацаванняў разам з гірляндамі ярка-зялёных водарасцей, што, пагойдваючыся, звісалі з усіх бакоў плыта і з рулявога вясла, — усё было заліта таямнічым святлом. Лоцманы плавалі стройнымі радамі, падобныя на зебраў у рыбінай скуры, а вялікія залатыя макрэлі нястомна, насцярожана, шпарка апісвалі кругі, высочваючы здабычу. Тут і там святло падала на набрынялую чырвоную драўніну кіля, які вытыркаў уніз са шчыліны; на дошцы сядзела мірная калонія белых марскіх качачак; рытмічна варушачы махрастымі жоўтымі шчэлепамі, яны ўбіралі ў сябе кісларод і ежу. Калі хто-небудзь набліжаўся да іх, яны хуценька закрывалі палавінкі сваіх ракавін з чырвонай і жоўтай аблямоўкай і сядзелі за зачыненымі дзвярыма, пакуль не пераконваліся, што небяспека мінула. Тут унізе святло вызначалася дзівоснай выразнасцю і на нас, прывыклых на палубе да трапічнага сонца, уздзейнічала вельмі супакойваюча. Нават тады, калі мы глядзелі ўніз, у бяздонную глыбіню акіяна, дзе пануе вечная чорная ноч, гэтая ноч паўставала перад намі афарбаванай у прыемны блакітны колер, бо ад яе адлюстроўваліся сонечныя праменні. Мы былі вельмі здзіўлены, што, знаходзячыся ля самай паверхні, можам бачыць рыб, якія плаваюць далёка ўнізе, у глыбіні яснай чыстай сіні. Магчыма, гэта былі баніты, але сустракаліся і іншыя віды; яны плавалі на такой глыбіні, што мы не маглі іх пазнаць. Часам яны трымаліся вялізнымі чародамі, і мы часта задавалі сабе пытанне: уся акіянская плынь поўная рыбы, ці гэтыя чароды, што праплывалі ўнізе, у глыбіні, знарок сабраліся пад «Кон-Цікі», каб некалькі дзён пабыць у нашай кампаніі.

Больш за ўсё нам падабалася апускацца ў ваду, калі нас наведвалі вялікія тунцы з залатымі плаўнікамі. Іншы раз яны прыплывалі да плыта вялікімі чародамі, але часцей з’яўляліся па два або па тры і некалькі дзён запар апісвалі вакол нас спакойныя кругі, пакуль нам не ўдавалася падчапіць іх на кручок. З плыта яны здаваліся проста вялікімі нязграбнымі рыбінамі бураватага колеру, без якіх-небудзь там упрыгожанняў; але калі мы спускаліся да іх у іхнюю ўласную стыхію, яны раптам ні з таго ні з сяго змянялі і колер і форму. Змена гэтая была такая незразумелая, што мы некалькі разоў вымушаны былі падымацца на паверхню і зноў вызначаць напрамак, каб праверыць, ці тыя самыя гэта рыбы, на якіх мы глядзелі ў вадзе. Вялікія рыбіны не звярталі на нас ніякай увагі; яны па-ранейшаму спакойна рабілі свае велічныя манеўры і набывалі такую зграбную форму, якой мы не бачылі ні ў адной іншай рыбы, а іх афарбоўка рабілася бледна-ліловай, з металічным адценнем. Сваімі дасканалымі прапорцыямі і абцякаемай формай яны нагадвалі магутныя тарпеды, што зіхацяць серабром і сталлю, і ім дастаткова было ледзь-ледзь паварушыць адным або двума плаўнікамі, каб іх тулава вагой 70—80 кілаграмаў з невыказнай зграбнасцю пачынала слізгаць у вадзе.

Чым бліжэй знаёміліся мы з акіянам і яго жыхарамі, тым менш мы дзівіліся, і тым больш прывычным ён рабіўся для нас. I мы навучыліся паважаць старажытныя першабытныя народы, якія жылі ў цеснай сувязі з Ціхім акіянам і таму ведалі такія яго асаблівасці, аб якіх мы не маем уяўлення. Вядома, мы ўстанавілі цяпер, колькі солі знаходзіцца ў вадзе акіяна, і далі тунцам і залатым макрэлям лацінскія назвы. Старажытныя палінезійцы гэтага не зрабілі. I ўсё ж баюся, што першабытныя народы мелі аб акіяне больш правільнае ўяўленне, чым мы.