Выбрать главу

Амаль на кожным востраве мужчыны, якія навучаліся ў школе, маглі назваць без запінкі імёны ўсіх сваіх правадыроў, пачынаючы з часу першага засялення вострава. Часта, не давяраючы памяці, яны карысталіся складанай сістэмай вузлоў на пераплеценых вяроўках, як гэта рабілі калісьці індзейцы-інкі ў Перу. Сучасныя даследчыкі запісалі на розных астравах усе мясцовыя радаслоўныя і выявілі, што яны з выключнай дакладнасцю супадаюць як у імёнах, так і ў колькасці пакаленняў. Так было ўстаноўлена, — зыходзячы з разліку змены пакаленняў палінезійцаў у сярэднім кожныя 25 год, — што астравы Паўднёвага мора былі заселены каля 500 года нашай эры. Другая культурная хваля, якой адпавядала новая лінія правадыроў, дасягнула гэтых астравоў прыблізна ў 1 100 годзе, калі з’явіліся новыя, больш познія перасяленцы...

Адкуль так позна маглі яны з’явіцца? Відаць, вельмі мала хто з даследчыкаў браў пад увагу той несумненны факт, што людзі, якія так позна з’явіліся на гэтых астравах, былі людзьмі сапраўднага каменнага веку. Нягледзячы на сваю кемлівасць і на дзіва высокую ва ўсіх іншых адносінах культуру, гэтыя мараплаўцы прывезлі з сабой каменныя сякеры пэўнага тыпу і шмат іншых характэрных для каменнага веку прылад, якія і распаўсюдзілі па ўсіх астравах, дзе яны з’яўляліся. Не трэба забываць аб тым, што, калі не лічыць паасобных ізаляваных плямён, якія жылі ў першабытных лясах, і некаторых адсталых народаў, к 500 ці 1100 году нашай эры нідзе ва ўсім свеце, апрача Амерыкі, не існавала жыццездольных цывілізацый, якія б стаялі на ўзроўні каменнага веку. А ў Амерыцы нават высока развітыя індзейскія цывілізацыі зусім не ведалі жалеза і карысталіся каменнымі сякерамі і прыладамі таго ж самага тыпу, якія былі ва ўжытку на астравах Паўднёвага мора ў час іх адкрыцця.

Гэтыя шматлікія індзейскія цывілізацыі былі бліжэйшымі суседзямі палінезійцаў на ўсходзе. На захадзе жылі тольчі чарнаскурыя першабытныя плямёны Аўстраліі і Меланезіі, далёкія родзічы неграў, а далей за імі знаходзіліся Інданезія і ўзбярэжжа Азіі, дзе людзі выйшлі з каменнага веку, напэўна, раней, чым у любой іншай частцы зямнога шара.

Я пачаў усё менш і менш цікавіцца Старым Светам, дзе так многа вучоных шукалі продкаў палінезійцаў і ніводзін не знайшоў іх, і перанёс сваю ўвагу на вывучаныя і нявывучаныя індзейскія цывілізацыі ў Амерыцы, якія раней нікім не браліся ў разлік. I на самым блізкім ва ўсходнім напрамку мацерыку, там, дзе зараз знаходзіцца размешчаная ўздоўж узбярэжжа Ціхага акіяна паўднёваамерыканская рэспубліка Перу, і ў сумежных горных раёнах мелася шмат вельмі цікавых слядоў, варта было толькі паставіць сабе на мэце пашукаць іх. Тут калісьці жыў і стварыў адну з самых арыгінальных у свеце цывілізацый нейкі невядомы народ, які потым, у далёкія часы, раптоўна знік, быццам быў змецены з твару зямлі. Ён пакінуў пасля сябе вялізныя, падобныя на чалавечыя істоты каменныя статуі, якія нагадвалі скульптуры, знойдзеныя на востраве Піткэрне, Маркізскіх астравах і востраве Пасхі, і высокія піраміды, пастаўленыя ўступамі, як на Таіці і Самаа. Каменнымі сякерамі гэтыя людзі высякалі ў гарах глыбы велічынёй з таварны вагон, перацягвалі іх за некалькі міль у даліны і ставілі іх старчаком або адну на адну, ствараючы вароты, высокія сцены і тэрасы — якраз такія ж, якія мы знаходзім на некаторых астравах Ціхага акіяна.

У гэтай горнай краіне к таму часу, калі першыя іспанцы з’явіліся ў Перу, індзейцы-інкі стварылі сваю вялікую імперыю. Яны расказвалі іспанцам, што грандыёзныя помнікі, якія ўзвышаюцца ў бязлюдных далінах, былі пабудаваны народам белых багоў, што жыў тут да таго, як самі інкі сталі гаспадарамі краіны. Пра гэтых знікшых архітэктараў інкі гаварылі, што яны былі мудрыя, міралюбныя настаўнікі, якія калісьці, вельмі даўно, прыйшлі аднекуль з поўначы і навучылі іх першабытных продкаў будаўнічаму майстэрству і земляробству, а таксама перадалі ім свае звычаі і свой уклад жыцця. Яны не былі падобны на іншых індзейцаў, бо мелі белую скуру і доўгія бароды. Ростам яны былі вышэйшыя за інкаў. Урэшце яны адплылі з Перу гэтак жа нечакана, як і з’явіліся там; улада ў краіне перайшла ў рукі інкаў, а белыя настаўнікі назаўсёды пакінулі берагі Паўднёвай Амерыкі і зніклі дзесьці на захадзе, сярод Ціхага акіяна.

I вось, калі еўрапейцы з’явіліся на астравах Ціхага акіяна, яны вельмі здзівіліся, убачыўшы, што шмат хто з мясцовых жыхароў мае амаль белую скуру і бараду. На некаторых астравах можна было сустрэць цэлыя сем’і, якія адрозніваліся ад іншых выключна белай скурай, светлымі — ад рыжаватых да бялявых — валасамі, блакітна-шэрымі вачыма і тварамі з кручкаватым носам амаль семітычнага тыпу. Астатнія палінезійцы мелі залаціста-карычневую скуру, чорныя валасы і пляскатыя бясформенныя насы. Рыжавалосыя жыхары называлі сябе урукеху і гаварылі, што яны з’яўляюцца на астравах непасрэднымі патомкамі першых правадыроў, якія былі белымі багамі і насілі імя Тангароа, Канэ і Цікі. Легенды пра таямнічых белых людзей, ад якіх калісьці пайшлі астраўляне, распаўсюджаны па ўсёй Палінезіі. Калі ў 1722 годзе Роггевеен[3] адкрыў востраў Пасхі, ён быў вельмі здзіўлены, убачыўшы сярод жыхароў, што сабраліся на беразе, «белых». А самі жыхары вострава Пасхі маглі пералічыць сваіх продкаў, якія мелі белую скуру, аж да часоў Цікі і Хоту Матуа, калі тыя ўпершыню прыплылі па акіяне «з гарыстай краіны на ўсходзе, якая была спалена сонцам».

вернуться

3

Якаб Роггевеен — галандскі мараплаўца (1669—1733), які зрабіў некалькі падарожжаў у паўднёвую частку Ціхага акіяна. У час аднаго з іх ім быў адкрыты востраў Пасхі, які атрымаў такую назву таму, што дзень яго адкрыцця супаў з днём царкоўнага свята. Ёсць звесткі, што раней, у 1687 годзе, гэты востраў адкрыў англійскі пірат Дэвіс.