Часам мы адплывалі ў гумавай лодцы, каб зірнуць на сябе ўночы. Чорныя як смоль хвалі налазілі з усіх бакоў, а мірыяды мігатлівых трапічных зорак слаба адлюстроўваліся ў планктоне ля паверхні вады. Увесь свет быў надзвычай просты — зоркі ў цемры. Быў гэта 1947 год да нашай эры ці нашай эры, раптам страціла ўсякае значэнне. Мы жылі, і гэта мы адчувалі з усёй вастрынёй. Мы разумелі, што жыццё было поўным для людзей і да надыходу веку тэхнікі — бадай што, у шмат чым нават больш поўным і багатым, чым жыццё сучаснага чалавека. Час і эвалюцыя ў такія хвіліны пераставалі існаваць. Усё, што ў жыцці чалавека было рэальным і мела значэнне, сёння заставалася такім жа, якім яно было калісьці і будзе заўсёды. Мы адчувалі сябе ў самых нетрах гісторыі, вакол нас была бясконцая непраглядная цемра пад роем зорак. Перад намі сярод ночы паўставаў з хваль «Кон-Цікі» і зноў апускаўся за чорныя масы вады, якія ўзнімаліся між ім і намі. У святле месяца плыт ахутвала нейкая асаблівая атмасфера. Тоўстыя бліскучыя бярвенні з махрамі водарасцей, квадратныя абрысы чорнага паруса вікінгаў, натапыраная бамбукавая хаціна з жоўтым святлом парафінавага ліхтара ззаду — усё гэта нагадвала хутчэй малюнак з чароўнай казкі, чым рэальную рэчаіснасць. Час-ад-часу плыт зусім знікаў за чорнымі хвалямі; потым ён зноў з’яўляўся і рэзкім сілуэтам вырысоўваўся ў святле зорак, а з яго бярвенняў сцякалі зіхатлівыя струмені вады.
Пазіраючы ўночы на наш адзінокі плыт, мы без асаблівай цяжкасці маглі ў думках уявіць сабе, як дзесьці за небасхілам, калі людзі ўпершыню пракладвалі сабе дарогу цераз гэты акіян, трымаючыся падобнага на веер строю, каб было больш шанцаў заўважыць зямлю, праплывала цэлая флатылія такіх суднаў. Незадоўга да з’яўлення іспанцаў інка Тупак Юпанкі, які падначаліў сваёй уладзе і Перу і Эквадор, у суправаджэнні многіх тысяч людзей адплыў у акіян з цэлай армадай бальзавых плытоў на пошукі астравоў, якія, паводле чутак, знаходзіліся дзесьці ў Ціхім акіяне. Ён знайшоў два востравы; некаторыя лічаць, што гэта былі астравы Галапагос; і пасля васьмімесячнай адсутнасці яму і яго шматлікім веслярам насілу ўдалося вярнуцца ў Эквадор. Вядома, і Кон-Цікі са сваімі спадарожнікамі на некалькі стагоддзяў раней плыў такім жа строем, але паколькі яны адкрылі астравы Палінезіі, у іх не было прычын спрабаваць вярнуцца назад.
Калі мы зноў вылазілі на плыт, мы часта садзіліся вакол парафінавага ліхтара на бамбукавай палубе і гаварылі аб мараплаўцах з Перу, якія паўтары тысячы год назад зведалі тое самае. Ад ліхтароў на парус клаліся вялізныя цені барадатых людзей, і мы думалі аб белых людзях з барадой, сляды знаходжання якіх мы сустракалі ў міфалогіі і архітэктуры на ўсёй прасторы ад Мексікі да Цэнтральнай Амерыкі і ў паўночна-заходняй частцы Паўднёвай Амерыкі аж да Перу. Там таямнічая цывілізацыя перад прыходам інкаў знікае, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі, і гэтак жа раптоўна з’яўляецца на адзінокіх астравах на захадзе, да якіх мы цяпер набліжаліся. Магчыма, гэтыя вандроўныя настаўнікі належалі да старажытнага цывілізаванага народа, што жыў за Атлантычным акіянам і ў даўно мінулыя часы пераплыў яго такім жа простым спосабам, скарыстаўшы заходнюю акіянскую плынь і пасат, якія даставілі іх з Канарскіх астравоў у Мексіканскі заліў? Вядома, гэтая адлегласць была куды карацейшай, чым тая, якую мы пераадольваем, а мы больш не верылі, што акіян з’яўляецца абсалютна ізалюючым фактарам. Шмат якія даследчыкі на падставе важкіх довадаў сцвярджалі, што вялікія індзейскія цывілізацыі — ад ацтэкаў у Мексіцы да інкаў у Перу — з’явіліся ў выніку нечаканых міграцыйных хваль; хвалі гэтыя прыходзілі з-за акіяна з усходу, у той час як амерыканскія індзейцы ў цэлым ёсць не што іншае як азіяцкія паляўнічыя і рыбацкія плямёны, якія на працягу 20 тысяч год або нават больш доўгага часу прасачыліся ў Амерыку з Сібіры. Нас, безумоўна, павінна здзіўляць тая акалічнасць, што мы не знаходзім ніякіх слядоў паступовага развіцця вялікіх цывілізацый, якія калісьці распаўсюджваліся ад Мексікі да Перу. Чым глыбей у зямлю ішлі раскопкі археолагаў, тым больш высокую культуру яны знаходзілі, пакуль не дасягалася пэўная мяжа, якая яскрава сведчыла аб тым, што старажытныя цывілізацыі ўзніклі, не маючы ніякіх карэнняў у першабытных культурах.