Трэцяя і апошняя назва гэтага ключавога вострава, Мата-Кіце-Рані, азначае «Вока (якое) глядзіць (у) неба». На першы погляд гэта можа здацца дзіўным; з такой жа падставай, калі не з большай, чым аб параўнальна нізкім востраве Пасхі, можна і аб іншых узвышаных, гарыстых астравах — як Таіці, Маркізскія або Гавайскія астравы — сказаць, што яны глядзяць у неба. Але слова «рані» (неба) у палінезійцаў мае два значэнні. Яно азначае таксама першапачатковую радзіму іх продкаў, свяшчэнную зямлю сонца-караля, пакінутае горнае царства Цікі. I гэта надзвычай шматзначна, што з тысячы астравоў, раскіданых па акіяну, іменна самы блізкі да Амерыкі востраў Пасхі быў названы вокам, якое глядзіць у бок радзімы. Яшчэ больш здзіўляе тое, што назва Мата-Рані, якая азначае на мове палінезійцаў «вока неба», з’яўляецца блізкай па паходжанню старажытнай назве мясцовасці ў Перу, што размешчана на ціхаакіянскім узбярэжжы насупраць вострава Пасхі, ля падножжа Андаў, якраз там, дзе вышэй у гарах знаходзілася старажытная зруйнаваная сталіца Кон-Цікі.
Адзін толькі востраў Пасхі даваў нам дастаткова тэмаў для гаворкі, калі мы сядзелі на палубе пад зорным небам і адчувалі сябе ўдзельнікамі ўсіх гэтых дагістарычных падзей. Нам здавалася, быццам з часоў Цікі мы толькі і рабілі, што плылі па хвалях пад сонцам і зоркамі ў пошуках зямлі.
Мы больш не адчувалі ранейшай павагі да хваль і акіяна. Мы ведалі іх, ведалі, чаго можам чакаць ад іх, знаходзячыся на плыце. Нават акула зрабілася для нас звычайнай, штодзённай з’явай; мы даведаліся аб яе нораве і паводзінах і ўжо не хапаліся за ручны гарпун і нават не адыходзілі ад краю плыта, калі акула з’яўлялася побач. Наадварот, калі яна спакойна плыла, нібы слізгала, уздоўж бярвенняў, мы нават спрабавалі схапіць яе за спінны плаўнік. Урэшце гэта перайшло ў зусім новы від спорту — гульня з акулай у «хто каго перацягне» без вяроўкі.
Мы пачалі даволі сціпла. Нам нічога не абыходзіла налавіць залатых макрэлей куды больш, чым мы маглі з’есці. Каб не адмаўляцца ад адной з любімых забаў і ў той жа час не траціць дарэмна запасаў правізіі, мы прыдумалі камічную лоўлю рыбы без кручка, якая была аднолькава прыемна і залатым макрэлям і нам. Мы прывязвалі непатрэбных нам лятучых рыб да вяроўкі і закідвалі яе так, што яны плавалі на паверхні вады. Залатыя макрэлі імчаліся да лятучых рыб і хапалі іх, а потым мы пачыналі цягнуць кожны ў свой бок; выходзіла, як у сапраўдным цырку, бо варта было адной залатой макрэлі выпусціць вяроўку, як на змену ёй з’яўлялася другая. Мы мелі цікавую забаву, а залатыя макрэлі ўрэшце атрымлівалі рыбу.
Потым мы распачалі тую ж гульню з акуламі. Да канца вяроўкі мы прывязвалі кавалак рыбы або часцей мяшок з рэшткамі абеду і спускалі прынаду за борт. Замест таго каб павярнуцца на спіну, акула высоўвала галаву з вады і падплывала, шырока разявіўшы пашчу, каб праглынуць пачастунак. Мы не маглі ўтрымацца ад спакусы тузануць за вяроўку, як толькі акула збіралася глымануць сваімі сківіцамі; падманутая акула з самым дурнавата-цярплівым выглядам падплывала бліжэй і зноў разяўляла пашчу, каб схапіць прынаду, якая выскаквала ў яе з рота кожны раз, калі яна хацела праглынуць яе. Справа канчалася тым, што акула падплывала да самых бярвенняў і пачынала падскакваць, нібы сабака, які выпрошвае падачку, што спакусліва пагойдваецца над яго носам. Гэта нагадвала тое, як кормяць шыракаротага бегемота ў заалагічным садзе, і неяк раз у канцы ліпеня, пасля трохмесячнага плавання, у маім дзённіку з’явіўся наступны запіс:
«Мы пасябравалі з акулай, што суправаджала нас сёння. За абедам мы частавалі яе аб’едкамі, якія кідалі ёй у разяўленую пашчу. Калі яна плыла побач з намі, можна было падумаць, што гэта злосны сабака, які зараз знаходзіцца ў добрым гуморы і гатоў пасябраваць з намі. Трэба сказаць, што акулы маюць даволі пацешны выгляд, пакуль вы с.амі не трапляеце да яе ў пашчу. Ва ўсякім разе, нам звычайна было прыемна пазіраць на іх, калі яны плавалі вакол нас, праўда, пры ўмове, што мы ў гэты час не купаліся».
Аднойчы, калі прывязаная да вяроўкі бамбукавая палка з мяшком, у якім знаходзілася яда для акулы, ляжала на краі плыта, нечакана набегла хваля і змыла мяшок за борт. Бамбукавая палка плыла ўжо за якія-небудзь дзвесце метраў ад кармы плыта; раптам яна стала ў вадзе тарчма і памчалася ўслед за плытом, нібы збіралася сама вярнуцца на сваё месца. Калі вудзільна, пагойдваючыся, наблізілася да нас, мы заўважылі трохметровую акулу, якая плыла пад ім; бамбукавая палка тырчала з вады, быццам перыскоп. Акула праглынула мяшок з ядою, але не перагрызла вяроўкі. Неўзабаве вудзільна дагнала нас, спакойна праплыло міма і знікла дзесьці наперадзе.