Некалькі разоў мы бачылі вялікую белую абалонку яек кальмара, якая пагойдвалася на сінім зыбу, нагадваючы яйкі страуса ці белыя чарапы. I ўсяго толькі раз мы заўважылі малюска, які звіваўся пад абалонкай. Мы бачылі беласнежныя шары, якія плавалі паблізу ад нас, і спачатку нам здавалася, што можна зусім лёгка падплыць у лодцы і злавіць іх. Калі парвалася вяроўка планктоннай сеткі і шаўковая сетка засталася ззаду і плыла за плытом, мы былі гэтак жа аптымістычна настроены і спусцілі на ваду лодачку, прывязаўшы да яе вяроўку, каб лягчэй было вярнуцца. Але, на наша здзіўленне, мы пераканаліся, што вецер і хвалі не даюць лодцы падплыць і што вяроўка, якую мы прывязалі да «Кон-Цікі», моцна тармозіць у вадзе; нам ні разу не ўдалося падвеславаць да таго месца, дзе толькі што знаходзіўся плыт. Часам да прадмета, які мы хацелі падняць, заставалася ўсяго некалькі метраў, але тут вяроўка напіналася, і «Кон-Цікі» цягнуў нас прэч, на захад. «Што за борт упала, тое прапала» — такі быў вывад, да якога мы паступова прыйшлі і якога потым ніколі не забывалі да канца нашага плавання. Калі мы хацелі застацца жывымі, трэба было моцна трымацца за «Кон-Цікі», пакуль ён не ўткнецца носам у сушу на тым баку акіяна.
Пасля таго, як загінуў папугай, радыёрубка апусцела; але калі назаўтра раніцай трапічнае сонца зноў заззяла над Ціхім акіянам, наша жалоба мінула. У бліжэйшыя некалькі дзён мы выцягнулі нямала акул і, кожны раз знаходзячы ў страўніку акулы сярод галоў тунцоў і іншых рэштак спажывы драпежніка чорную выгнутую дзюбу, думалі, што гэта дзюба нашага папугая. Але, разгледзеўшы яе як след, заўсёды пераконваліся ў сваёй памылцы — гэта была дзюба ператраўленага кальмара.
Ад самага пачатку плавання абодвум радыстам хапала работы ў іх рубцы. Як толькі мы апынуліся ў плыні Гумбольдта, са скрынак з батарэямі пачала капаць марская вада, і прыйшлося накрыць радыёрубку, якая баялася сырасці, брызентам, каб не даць папсавацца ўсяму таму, што толькі магчыма было ўратаваць ад псавання ва ўмовах адкрытага мора. Потым радыстам давялося паламаць галаву над тым, як прыладзіць на маленькім плыце дастаткова доўгую антэну. Яны паспрабавалі пусціць антэну ўгору, прывязаўшы яе да паветранага змея, але парывам ветру змея проста шпурнула ў хвалі, і ён знік. Тады яны пачалі пускаць антэну ўгору з дапамогай паветранага шара, але трапічнае сонца прапальвала дзіркі ў шары, так што ён зморшчваўся і падаў у акіян. А потым у іх пачаліся непрыемнасці, у якіх быў вінаваты папугай. Да ўсяго гэтага можна дадаць, што толькі пасля двух тыдняў падарожжа ў плыні Гумбольдта мы выйшлі з мёртвай зоны Андаў, у межах якой кароткія хвалі такія ж нямыя і пазбаўленыя жыцця, як паветра ў пустой скрынцы з-пад мыла.
Але вось аднойчы кароткія хвалі нечакана прабіліся, і пазыўныя сігналы Тарстэйна пачуў нейкі выпадковы радыёаматар у Лос-Анжаласе, які на сваім радыёперадатчыку стараўся ўстанавіць сувязь з другім аматарам у Швецыі. Амерыканец спытаў, якой сістэмы наш перадатчык, і, атрымаўшы вычарпальны адказ, пацікавіўся у Тарстэйна, хто ён такі і дзе жыве. Калі ён даведаўся, што Тарстэйн жыве ў бамбукавай каюце на плыце сярод Ціхага акіяна, пачулася некалькі дзіўных шчаўчкоў, і Тарстэйн заспяшаўся паведаміць некаторыя падрабязнасці. Як толькі чалавек у эфіры апамятаўся ад здзіўлення, ён перадаў нам, што яго завуць Гал, а яго жонку — Анна, што яна па паходжанню шведка і пашле вестку нашым сем’ям аб тым, што мы жывыя і здаровыя.
У гэты вечар нам здавалася вельмі дзіўным, што зусім чужы чалавек па імені Гал, нейкі невядомы кінааператар, адзін са шматлікіх жыхароў далёкага Лос-Анжаласа, быў адзіным на свеце чалавекам, калі не лічыць нас саміх, які ведаў, дзе мы знаходзімся і што ў нас усё добра. Пачынаючы з гэтага вечара, Гал, ён жа Гарольд Кемпел, і яго сябар Фрэнк Кюевэс па чарзе дзяжурылі кожную ноч і лавілі сігналы нашага плыта, а Герман атрымліваў удзячныя тэлеграмы ад начальніка бюро надвор’я ЗША за тое, што двойчы ў суткі перадаваў па шыфру метэаралагічныя звесткі з раёна, аб якім звесткі прыходзілі вельмі рэдка, а зводак наогул не было. Пазней Кнут і Тарстэйн амаль кожную ноч наладжвалі сувязь і з іншымі радыёаматарамі, а тыя перадавалі нашы прывітанні ў Нарвегію праз кароткахвалевіка па імені Эгіль Берг, які жыў у Нутаддзене[35].
Усяго на некалькі дзён, калі мы знаходзіліся сярод акіяна, наша радыёстанцыя зусім перастала працаваць, бо ў радыёрубку налілося занадта многа салёнай вады. Нашы радысты проста са скуры вылузваліся, цэлымі днямі і начамі важдаючыся са шрубкамі і паяльнікам, а далёкія радыёаматары думалі, што з плытом усё скончана. Потым неяк вечарам пазыўныя L12B паляцелі ў эфір, і ў той жа момант радыёрубка загула, нібы асінае гняздо, бо некалькі соцень амерыканскіх кароткахвалевікоў адначасова застукалі ключамі, адказваючы на наш заклік. Сапраўды, калі мы траплялі ва ўладанні нашых радыстаў, у нас было такое адчуванне, нібы мы сядзім на асіным гняздзе. Усё было мокрае ад вады, якая пранікала з усіх бакоў; на бальзавым бервяне ляжаў невялікі гумавы дыванчык, на якім сядзелі радысты, але калі хто-небудзь з нас дакранаўся да ключа Морзэ, ён адразу адчуваў удар току адначасова ў задняй частцы і ў кончыках пальцаў. А калі хто-небудзь з нас, пабочных, спрабаваў украсці аловак з багатай на розныя рэчы радыёрубкі, у яго валасы на галаве станавіліся дыбам або з агрызка алоўка пачыналі сыпацца вялікія іскры. Толькі Тарстэйн, Кнут і папугай маглі без рызыкі лавіраваць у гэтым кутку каюты, і мы прыбілі кавалак кардону, каб адзначыць мяжу небяспечнай для астатніх зоны.
35
Нутаддзен — горад у паўднёвай Нарвегіі ў правінцыі Тэлемарк з насельніцтвам каля 6 500 чалавек.