Нам самім было дзіўна, да чаго ж лёгка кіраваць плытом па зорках, пасля таго як мы некалькі тыдняў запар назіралі іх рух па купалу неба. Па праўдзе кажучы, уночы больш і не было на што глядзець. Мы ведалі, дзе ноч пры ночы павінны знаходзіцца розныя сузор’і; а калі мы наблізіліся да экватара, на паўночным небасхіле так выразна была відаць Вялікая Мядзведзіца, што мы спалохаліся, каб хаця не з’явілася і Палярная зорка, якую мы маглі ўбачыць толькі ў тым выпадку, калі б перасеклі экватар. Але як толькі ўсталяваўся паўночна-ўсходні пасат, Вялікая Мядзведзіца зноў знікла.
Старажытныя палінезійцы былі вялікімі мараплаўцамі. Яны арыентаваліся ўдзень па сонцы, а ўночы па зорках. Яны валодалі надзвычаннымі ведамі адносна руху нябесных свяціл. Яны ведалі, што зямля круглая, і ў іхняй мове меліся словы, якія азначалі такія складаныя паняцці, як экватар, паўночныя і паўднёвыя тропікі. На Гавайскіх астравах яны выразалі карты акіяна на абалонцы круглых гарбузоў, а на некаторых іншых астравах рабілі падрабязныя карты з пераплеценых сукоў, да якіх для абазначэння астравоў прымацоўваліся ракавіны, а галіны азначалі самыя важныя плыні. Палінезійцы ведалі пяць планет, называлі іх вандроўнымі зоркамі і распазнавалі сярод нерухомых зорак, якія мелі ў іхняй мове каля 300 розных назваў. У старажытнай Палінезіі добры мараплаўца цвёрда ведаў, у якой частцы неба ўсходзіць тая ці іншая зорка і дзе яна павінна знаходзіцца ў розныя часы ночы і ў розныя поры года. Яны ведалі, якія зоркі дасягаюць зеніту над тым ці іншым востравам, і ў такіх выпадках астравы называліся па імені тых зорак, што кожную ноч з году ў год кульмініравалі над імі.
Палінезійцы не толькі ведалі, што зорнае неба з’яўляецца вялізным зіхатлівым компасам, які няспынна круціцца з усходу на захад, але таксама разумелі, што розныя зоркі над іх галавой заўсёды паказваюць, як далёка на поўнач або на поўдзень забраліся мараплаўцы. Калі палінезійцы даследавалі і падначалілі сабе сваё астраўное царства, якое ахоплівала ўсю бліжэйшую да Амерыкі частку акіяна, яны наладзілі зносіны паміж некаторымі астравамі, і гэтымі шляхамі карысталіся многія наступныя пакаленні. Гістарычныя паданні расказваюць аб тым, як плавалі правадыры з Таіці на Гавайскія астравы, што знаходзяцца за 2 тысячы марскіх міль на поўнач і на некалькі градусаў на захад. Спачатку рулявы па сонцы і зорках кіраваў на поўнач, пакуль зоркі над яго галавой не гаварылі яму, што яго лодка знаходзіцца на шырыні Гавайскіх астравоў. Тады ён паварочваў пад прамым вуглом і кіраваў на захад, пакуль не з’яўляліся птушкі і воблакі, якія паказвалі яму дарогу да ўжо блізкіх астравоў.
Адкуль палінезійцы запазычылі свае вялікія веды па астраноміі і свой каляндар, падлікі ў якім зроблены з выключнай дакладнасцю? Вядома, не ад меланезійцаў або малайцаў, якія жылі на захадзе. Але той самы старажытны знікшы цывілізаваны народ — «белыя і барадатыя людзі», — які перадаў сваю надзвычайную культуру ацтэкам, майя і інкам у Амерыцы, стварыў на дзіва падобны каляндар і меў такія ж веды ў галіне астраноміі, аб якіх у Еўропе ў тыя часы не маглі і марыць.
У Палінезіі, як і ў Перу, пачаткам каляндарнага года лічыўся дзень, калі сузор’е Стажараў упершыню з’яўляецца над небасхілам, і ў абедзвюх краінах гэтае сузор’е лічылася апекуном земляробства.
У Перу, там, дзе горная краіна паніжаецца ў бок Ціхага акіяна, да нашых дзён захаваліся ў пясчанай пустыні руіны вельмі старажытнай астранамічнай абсерваторыі — помнік таго самага таямнічага цывілізаванага народа, які высякаў каменных гігантаў, будаваў піраміды, вырошчваў салодкую бульбу і гарбузы ў форме бутэлек і пачынаў год з усходу Стажараў. Кон-Цікі быў знаёмы з зоркамі, калі накіраваў свой парус у Ціхі акіян.
2 ліпеня дзяжурнаму на начной вахце ўжо не прыйшлося спакойна сядзець і вывучаць зорнае неба. Пасля некалькіх дзён лёгкага паўночна-ўсходняга пасату падзьмуў модны вецер і мора зрабілася бурным. Позна ўвечары ззяў месяц і дзьмуў свежы спадарожны вецер. Падлічыўшы, колькі секунд патрабавалася нам, каб апярэдзіць трэску, кінутую ў ваду побач з носам плыта, мы вымералі хуткасць нашага руху і ўбачылі, што ўстанавілі рэкорд. У той час, як сярэдняя хуткасць раўнялася, кажучы на нашым жаргоне, 12—18 «трэскам», на гэты раз мы мелі ўсяго «6 трэсак», і бурлівы струмень зіхатлівай вады бег следам за кармой плыта.