У такое надвор’е рулявому на вахце трэба было не спаць у шапку. Калі самыя крутыя хвалі праходзілі пад пярэдняй часткай плыта, бярвенні на карме зусім вылазілі з вады, але ў наступны момант зноў апускаліся, каб праз хвіліну ўскарабкацца на новы грэбень. Хвалі ішлі іншы раз так блізка адна ад другой, што задняя даганяла нас, калі першая яшчэ трымала нос плыта задзёртым угору; тады на рулявога з шумам падалі, бязладна круцячыся, цэлыя патокі вады, але праз секунду карма падымалася і вада знікала, сцякаючы між бярвеннямі, нібы між зубамі відэльцаў.
Мы падлічылі, што пры звычайным, спакойным моры, калі самыя высокія хвалі часцей за ўсё ішлі з прамежкамі ў сем секунд, кожныя суткі на нашу карму трапляла каля 200 тон вады; але мы гэтага амаль не заўважалі, бо вада спакойна расцякалася вакол босых ног рулявога і гэтак жа спакойна знікала між бярвеннямі. Але ў час моцнага шторму плыт на працягу сутак прымаў на сваю карму больш за 10 тысяч тон вады, калі лічыць, што кожныя пяць секунд на яе падала ад некалькі дзесяткаў літраў да двух ці трох кубічных метраў вады, а часам і значна больш. Іншы раз хваля налятала на плыт з аглушальным, як удар грому, грукатам, і рулявы стаяў па пояс у вадзе, пры гэтым у яго было такое адчуванне, быццам ён вымушаны ісці ўброд супроць плыні па імклівай рацэ. Плыт, здавалася, на момант прыпыняўся ўздрыгваючы, а потым вялізная маса вады, што ціснула на яго карму, спадала каскадамі за борт.
Герман увесь час знаходзіўся на палубе з анемометрам у руцэ і вымяраў сілу ўраганных шквалаў, якія не спыняліся цэлыя суткі. Потым ураган паступова перайшоў у моцны вецер з рэдкімі дажджавымі шкваламі, ад якіх акіян вакол нас бурліў, як і раней. А мы пры добрым спадарожным ветры, перавальваючыся з хвалі на хвалю, плылі на захад. Для таго каб дакладна вымераць сілу ветру ў непагадзь, Герман пры першай магчымасці залазіў на верхавіну мачты, што ні на хвіліну не пераставала разгойдвацца, і павінен быў трымацца там з усяе сілы.
Як толькі надвор’е крыху палепшала, усе вялікія рыбы вакол нас нібы ашалелі. Акіян паблізу ад плыта кішэў акуламі, тунцамі, залатымі макрэлямі і параўнальна нешматлікімі перапуджанымі банітамі; усе яны слізгалі пад самым плытом або ў хвалях побач з ім. Сярод іх ні на хвіліну не спынялася зацятая смяротная барацьба. Спіны вялізных рыбін, выгінаючыся, высоўваліся з вады; драпежнікі раптам зрываліся з месца і кідаліся ў пагоню, і вада вакол плыта не адзін раз густа афарбоўвалася крывёю. Біліся галоўным чынам тунцы і залатыя макрэлі; макрэлі плылі вялікімі чародамі, яны рухаліся куды хутчэй, чым звычайна, і трымаліся ўвесь час насцярожана. Нападалі тунцы; досыць часта мы бачылі, як рыба кілаграмаў 70—80 вагою падскаквала высока ў паветра, трымаючы ў пашчы скрываўленую галаву макрэлі. У той час як асобныя залатыя макрэлі стрымгалоў уцякалі ад тунцоў, якія гналіся за імі па пятах, чарада макрэлей не адступала перад ворагам, хоць некаторыя з іх звіваліся ў вадзе з вялікімі адкрытымі ранамі на шыі. Час-ад-часу і акул, здавалася, ахоплівала сляпое шаленства, і мы бачылі, як яны даганялі і хапалі вялікіх тунцоў, для якіх акула з’яўляецца дужэйшым за іх саміх ворагам.
Не відаць было ніводнага мірнага маленькага лоцмана. Магчыма, іх паелі раз’юшаныя тунцы, ці, можа, яны пахаваліся ў шчыліны пад плытом або ўцяклі далей ад поля бою. Мы не асмельваліся апусціць галаву ў ваду, каб заглянуць пад плыт.