Выбрать главу

— Як добра, што я не быў у ім, — сказаў Тарстэйн і зноў узяўся за рулявое вясло.

Зрэшты, у гэты вечар нам было не да жартаў. Нас усіх яшчэ доўга прабіралі нервовыя дрыжыкі. Але халодныя дрыжыкі змешваліся з гарачым пачуццём радасці, што мы па-ранейшаму ўшасцёх на плыце.

У гэты дзень мы нагаварылі Кнуту кучу прыемных слоў — і сам Герман і ўсе астатнія.

Аднак у нас было мала часу, каб доўга думаць аб тым, што ўжо адбылося; чым больш цямнела неба над намі, тым мацнейшымі станавіліся парывы ветру, і да надыходу ночы на нас наляцеў новы шторм. Цяпер прывязаны да доўгай вяроўкі выратавальны пояс знаходзіўся на вадзе за кармой; калі ў час шквалу хто-небудзь з нас зноў зваліцца за борт, то, магчыма, яму ўдасца схапіцца за пояс, які плыў за рулявым вяслом. Калі надышла ноч, вакол нас стаяла непраглядная цемра, у якой не было відаць ні плыта, ні акіяна; шалёна скачучы ў цемені з хвалі на хвалю, мы чулі толькі, як выў вецер у мачтах і снасцях, і адчувалі, як шквалы наляталі на гнуткія сцены бамбукавай каюты з такой сілай, што здавалася, вось-вось знясуць яе за борт. Але каюта была накрыта брызентам і добра ўмацавана адцяжкамі. Мы адчувалі, як «Кон-Цікі» кідаўся ва ўсе бакі на ўспененых хвалях і бярвенні, нібы клавішы раяля, хадзілі ўгору і ўніз у такт руху хваль. Мы кожны раз дзіву даваліся, што патокі вады не ўрываюцца праз шырокія шчыліны ў падлозе каюты; гэтыя шчыліны з’яўляліся толькі нібы мяхамі, праз якія няспынна імчаліся ўгору і ўніз струмені вільготнага паветра.

Ажно пяць дзён надвор’е было няўстойлівае: то дзьмуў сапраўдны ўраган, то вецер падаў да слабага. Акіян быў зрыты шырокімі, ахутанымі смугой ад успененых шэравата-сініх хваль далінамі, а грабяні хваль здаваліся выцягнутымі ў даўжыню і сплюснутымі ад напору ветру. Потым на пяты дзень на небе з’явіліся блакітныя прасветы, і разам з тым, як ураган аддаляўся ад нас, злавесныя чорныя хмары саступалі месца ўсёпераможнаму блакітнаму небу.

Шторм нарабіў нам работы: рулявое вясло было разбіта, парус разарваны, а выстаўныя кілі матляліся і стукаліся, нібы стальвагі, аб бярвенні, бо ўсе вяроўкі, якімі яны былі замацаваны пад вадой, зусім перацерліся. Але самі мы і груз ніколькі не пацярпелі.

Пасля двух штормаў «Кон-Цікі» сур’ёзна разладзіўся. Ад напружання ў час пад’ёму на крутыя грабяні хваль усе вяроўкі выцягнуліся, а ад няспыннага руху бярвенняў вяроўкі ўрэзаліся ў іх. Мы дзякавалі богу за тое, што паслухаліся ўказанняў інкаў і адмовіліся ад стальных тросаў, якія ў час шторму проста перапілавалі б увесь плыт на дробныя кавалкі. А калі б з самага пачатку ў нас былі зусім сухія бальзавыя бярвенні, якія маюць высокую плывучасць, плыт даўно набрыняў бы марской вадой і затануў бы ў акіяне разам з намі. Сок свежассечаных дрэў з’яўляўся тым саставам, які не даваў вадзе пранікнуць у порыстую бальзавую драўніну. Але цяпер вяроўкі так аслаблі, што небяспечна было ступіць паміж двума бярвеннямі, бо пры рэзкім сутыкненні яны маглі расціснуць нагу. На носе і на карме, дзе не было бамбукавай палубы, мы былі вымушаны, згінаючы калені, шырока расстаўляць ногі, каб стаяць адразу на двух бярвеннях. Карма, пакрытая мокрымі водарасцямі, зрабілася слізкай, як лісце бананаў; там, дзе мы звычайна хадзілі, мы зрабілі сярод зелені пастаянную дарожку, а ля руля, дзе стаяў вахтавы, паклалі шырокую дошку, і ўсё-такі, калі хваля падкідвала плыт, утрымацца на нагах было нялёгка. А з левага боку адно з дзевяці вялізных бярвенняў дзень і ноч, глуха хлюпаючы, стукалася аб ранжыны. Пачалі злавесна скрыпець таксама і вяроўкі, якія звязвалі верхавіны дзвюх нахіленых мачтаў, бо гнёзды для мачтаў былі высечаны ў двух розных бярвеннях і рухаліся незалежна адно ад другога.

Мы зрасцілі рулявое вясло, прывязаўшы да яго доўгія кавалкі цяжкага, як жалеза, мангравага дрэва. Эрык і Бенгт паправілі парус, і «Кон-Цікі» зноў горда ўзняў галаву і выпнуў грудзі ў бок Палінезіі, а рулявое вясло танцавала за кармой у хвалях, якія, пасля таго як усталявалася добрае надвор’е, зноў былі лагоднымі і невысокімі. Але кілі ніколі больш не сталі такімі, якімі былі раней; яны не адказвалі на ціск вады з ўсёй сваёй ранейшай сілай, таму што змясціліся і матляліся пад плытом нічым не замацаваныя. Было бескарысна спрабаваць агледзець вяроўкі з боку дна, бо яны зусім зараслі водарасцямі. Абследаваўшы ўсю бамбукавую палубу, мы ўбачылі, што толькі тры з асноўных вяровак былі парваныя; яны ляжалі, скруціўшыся, прыціснутыя да грузу, аб які яны перацерліся. Было відавочна, што бярвенні ўвабралі ў сябе вялікую колькасць вады, але груз зменшыўся, і гэта ўраўнаважвала страту плывучасці. Большая частка правізіі і вады для піцця, а таксама сухіх батарэй нашых радыстаў была ўжо зрасходавана.