Вакол нас у добра аформленых шкляных вітрынах ляжалі гліняныя чарапкі даўно мінулых, але ўжо вывучаных часоў — пуцяводныя ніці ў туманнай старажытнасці. Сцены былі застаўлены таксама і кнігамі. Наўрад ці больш за дзесяць чалавек прачыталі некаторыя з іх. Стары, які прачытаў усе гэтыя кнігі, а шмат якія з іх напісаў сам, сядзеў за пісьмовым сталом — сівы, лагодны стары. Але зараз я, бясспрэчна, балюча пакрыўдзіў яго, таму што ён спалохана ўхапіўся за падлокатнікі свайго крэсла з такім выразам на твары, быццам я зблытаў усе яго карты.
— Не! — сказаў ён. — Ніколі!
Такі выгляд меў бы, напэўна, дзед Мароз, калі б хто-небудзь асмеліўся пры ім сцвярджаць, што ў наступным годзе каляды будуць на купалле[6].
— Вы памыляецеся, моцна памыляецеся, — паўтараў ён і з абурэннем трос галавой, нібы адмахваючыся ад недарэчнай ідэі.
— Але вы ж яшчэ не прачыталі маіх довадаў, — стаяў я на сваім, з надзеяй паказваючы на рукапіс, што ляжаў на стале.
— Довады! — усклікнуў ён. — Вы не маеце права ставіцца да этнаграфічных праблем, як да дэтэктыўнай тайны!
— А чаму? — спытаў я. — Усе мае вывады грунтуюцца на маіх уласных назіраннях і на фактах, якія апісаны ў навуцы.
— Задача навукі — чыстае і без усякіх прыкрас даследаванне, — спакойна сказаў стары. — А не спроба даказаць тое або іншае.
Ён асцярожна адсунуў неразгорнуты рукапіс убок і схіліўся над сталом.
— Зусім правільна, што Паўднёвая Амерыка была радзімай некаторых самых цікавых старажытных цывілізацый і што мы не ведаем, хто былі гэтыя людзі і куды яны зніклі пасля таго, як да ўлады прыйшлі інкі. Але адно мы ведаем безумоўна — ні адзін з народаў Паўднёвай Амерыкі не перасяліўся на астравы Ціхага акіяна.
Ён дапытліва зірнуў на мяне і гаварыў далей:
— I ведаеце чаму? Адказ вельмі просты. Яны не маглі трапіць туды. У іх не было лодак!
— Але ў іх былі плыты, — нерашуча запярэчыў я. — Вы ведаеце, плыты з бальзавага дрэва[7].
Стары вучоны ўсміхнуўся і спакойна сказаў:
— Ну, паспрабуйце зрабіць падарожжа з Перу да астравоў Ціхага акіяна на плыце з бальзавых дрэў.
Я не знайшоў, што адказаць. Ужо было позна. Мы абодва падняліся. Стары вучоны, развітваючыся, дабрадушна паляпаў мяне па плячы і сказаў, што заўсёды гатовы да маіх паслуг, калі мне спатрэбіцца дапамога. Але ў будучым я павінен спецыялізавацца або на Палінезіі, або на Амерыцы і не блытаць дзве зусім розныя антрапалагічныя вобласці. Ён зноў схіліўся над сталом.
— Вы забылі гэта, — прамовіў ён, падаючы мой рукапіс.
Я кінуў позірк на назву: «Палінезія і Амерыка; даследаванне дагістарычных сувязей». Сунуўшы рукапіс пад паху, я панура паплёўся ўніз па лесвіцы і, апынуўшыся на вуліцы, змяшаўся з натоўпам.
У гэты вечар я падаўся ў адзін з ціхіх завулкаў у Грынвіч Віледж[8] і пастукаўся ў дзверы старога аднапавярховага дома. Я любіў прыходзіць сюды са сваімі маленькімі праблемамі, калі адчуваў, што праз іх пачынаю траціць свой душэўны спакой.
Шчуплы чалавечак з доўгім носам спачатку толькі чуць-чуць прачыніў дзверы, а потым з шырокай усмешкай на твары расчыніў іх насцеж і літаральна ўцягнуў мяне ў дом. Ён прывёў мяне адразу ж на маленькую кухню і тут жа запрог у работу — прымусіў насіць талеркі і відэльцы, а сам тым часам узяўся падвойваць порцыю нейкай вельмі смачнай, мяркуючы па паху, стравы, якая смажылася на газавай пліце.
— Вы цудоўна зрабілі, што зайшлі. Як справы?
— Горш і быць не можа, — адказаў я. — Ніхто не хоча чытаць рукапіс.
Ён разлажыў сваю смажаніну па талерках, і мы пачалі вячэраць.
— Можна падумаць, — сказаў ён, — што ўсе, у каго вы былі, лічаць вашу ідэю недаўгавечнай фантазіяй. Ведаеце, тут, у Амерыцы, часта сутыкаешся з мноствам самых кур’ёзных ідэй.
— Справа не толькі ў гэтым, — сказаў я.
— Вядома, — згадзіўся гаспадар. — I ў вашым падыходзе да пытання. Яны спецыялісты ўсе без выключэння, і яны не вераць у метад работы, які ўрываецца ва ўсе спецыяльнасці — ад батанікі да археалогіі. Яны абмяжоўваюць поле сваёй дзейнасці, каб не распыльвацца і глыбока вывучаць пытанне з усімі падрабязнасцямі. Сучасная навука патрабуе, каб кожная спецыяльнасць рылася ў сваёй уласнай ямцы. Ніхто не прывык займацца разборам і супастаўленнем таго, што здабыта з розных ямак.
Ён падняўся і дастаў тоўсты рукапіс.
— Зірніце, — сказаў ён. — Мая апошняя работа пра малюнкі птушак на вышыўках кітайскіх сялян. Я патраціў на яе сем гадоў. Але яе адразу прынялі да друку. У нашы дні попыт на манаграфіі.
7
Бальза (ісп.) — у Паўднёвай Амерыцы так называюць плыты рознай формы, зробленыя з дрэва, бамбуку, трысця. Бальзавае дрэва — дрэва з лёгкай драўнінай, ахрома (Ochroma Iagopus), радзей сейба (Ceiba), з якіх звычайна робяць плыты і доўбленыя чаўны. Высушаная драўніна ахромы лягчэйшая, чым корак, але вельмі трывалая; яе выкарыстоўваюць пры будаўніцтве самалётаў, а таксама ў якасці ізаляцыйнага матэрыялу.
8
Грынвіч Віледж — вёска на востраве Манхатэн, якая пазней увайшла ў склад Манхатэнскага раёна Нью-Йорка.