Адразу пасля ўсходу сонца над вершалінамі дрэў у левай частцы вострава ўзняўся густы чорны слуп дыму. Мы сачылі за ім і думалі самі сабе, што гэта, напэўна, прачнуліся жыхары вострава і гатуюць снеданне. Тады нам не прыйшло ў галаву, што астраўляне заўважылі нас са сваіх назіральных пастоў і падаюць дымам сігналы, запрашаючы нас высадзіцца. А сёмай гадзіне да нас даляцеў лёгкі пах дымку ад спаленага пальмавага дрэва. Гэты пах хвалююча казытаў нашы прасоленыя ноздры. Адразу абудзіліся і агарнулі мяне ўспаміны аб вогнішчы на беразе Фату-Хівы. Праз паўгадзіны мы адчулі пахі лесу і свежассечаных дрэў. Востраў пачаў паступова аддаляцца, цяпер ён знаходзіўся за кармой, і час-ад-часу з яго даляталі да нас лёгкія павевы ветру. Хвілін пятнаццаць Герман і я стаялі, учапіўшыся ў верхавіну мачты, і прагна ўбіралі ў сябе цёплы пах лісця і зеляніны. Гэта была Палінезія — цудоўны, раскошны водар сушы пасля дзевяноста трох салёных дзён сярод хваль. Бенгт ужо зноў хроп у сваім спальным мяшку. Эрык і Тарстэйн ляжалі на спіне ў каюце і аб чымсьці думалі, а Кнут раз-по-раз выбягаў на палубу, каб панюхаць, як пахне лісце, а потым нешта пісаў у сваім дзённіку.
А палове дзевятай Пука-Пука схаваўся ў акіяне ззаду ў нас, але яшчэ да адзінаццаці гадзін з верхавіны мачты мы маглі бачыць бледную блакітную палоску над усходнім небасхілам. Потым і яна знікла, і толькі высокае кучава-дажджавое воблака, што нерухома вісела ў небе, паказвала нам, дзе знаходзіцца Пука-Пука. Птушкі зніклі. Яны лічаць за лепшае трымацца наветранага боку вострава, каб вецер дапамагаў ім, калі яны будуць увечары вяртацца дадому з поўным страўнікам. Залатых макрэлей таксама амаль не было відаць, і нас суправаджала толькі некалькі лоцманаў, якія плылі пад плытом.
У гэты вечар Бенгт сказаў, што ён марыць аб стале і крэсле, бо вельмі стаміўся чытаць, лежачы то на спіне, то на жываце. Зрэшты, ён рад, што нам не ўдалося падплыць да берага, бо ён не паспеў яшчэ прачытаць тры кнігі. Тарстэйну раптам захацелася яблыкаў. А я сам прачнуўся ўночы ад зусім выразнага цудоўнага паху біфштэкса з цыбуляй. Але высветлілася, што так пахне брудная кашуля.
Назаўтра раніцай мы ўбачылі два новыя воблакі, якія ўзнімаліся ля небасхілу, нагадваючы дым двух паравозаў. Па карце мы ўстанавілі, што каралавыя астравы, над якімі гэтыя воблакі ўзвышаліся, называюцца Фангахіна і Ангатау[38]. Вецер дзьмуў так, што воблака над Ангатау знаходзілася ад нас у больш зручным напрамку; таму, моцна прывязаўшы вясло, мы ўзялі курс на Ангатау, а самі спакойна цешыліся цудоўным спакоем і цішынёй Ціхага акіяна. Пры добрым надвор’і жыццё на бамбукавай палубе «Кон-Цікі» было вельмі прыемным, і мы з асалодай прагна ўбіралі ў сябе ўсе ўражанні, упэўненыя ў блізкім заканчэнні нашага падарожжа, што б там ні чакала нас наперадзе.
На працягу трох сутак мы плылі ў напрамку воблака над Ангатау; надвор’е стаяла цудоўнае, рулявое вясло само вяло нас па курсу, і плынь не выкідвала з намі ніякіх жартаў. Раніцай чацвёртага дня Тарстэйн у шэсць гадзін змяніў на вахце Германа, і той сказаў яму, што ён пры святле месяца як быццам бачыў абрысы нізкага вострава. Калі неўзабаве ўзышло сонца, Тарстэйн прасунуў галаву ў дзверы каюты і крыкнуў:
— Наперадзе зямля!
Мы ўсе кінуліся на палубу, і тое, што мы ўбачылі, прымусіла нас узняць усе нашы флагі. Першым узляцеў на карме нарвежскі флаг, за ім на верхавіне мачты — французскі, паколькі мы набліжаліся да французскай калоніі. Неўзабаве ўся наша калекцыя флагаў развявалася на свежым пасатным ветры — амерыканскі, англійскі, перуанскі і шведскі, не лічачы флага Клуба падарожнікаў. Цяпер ніхто з нас не мог сумнявацца, што «Кон-Цікі» прыбраны як след. На гэты раз месцазнаходжанне вострава было ідэальным — проста па нашаму курсу і крыху далей ад нас, чым Пука-Пука, калі ён паўстаў перад намі на досвітку чатыры дні таму назад. Як толькі сонца паднялося на небе за намі, мы ўбачылі высока ў туманным небе над востравам светла-зялёнае мігценне. Гэта было адлюстраванне ціхай зялёнай лагуны ўнутры кальца з рыфаў. Над некаторымі нізкімі атоламі такія міражы стаяць у паветры на вышыні некалькіх тысяч метраў, і першабытныя мараплаўцы бачылі гэтыя адлюстраванні за шмат дзён да таго, як сам востраў паказваўся на небасхіле.
38
Некаторыя астравы Палінезіі, аб якіх упамінае Хейердал, былі адкрыты ўпершыню рускімі мараплаўцамі (I. Ф. Крузенштэрнам, Ю. Ф. Лісянскім, В. М. Галаўніным, О. Е. Кацэбу і інш.) і атрымалі рускія назвы. Так, востраў Ангагау быў названы іменем Аракчэева, востраў Такуме — Валконскага, востраў Рароіа — Барклая дэ Толі, востраў Фангахіна атрымаў назву «востраў Прадпрыйманне» — па назве карабля экспедыцыі О. Е. Кацэбу.