Выбрать главу

Прыблізна а дзесятай гадзіне мы ўзяліся за рулявое вясло; цяпер трэба было вырашыць, да якой часткі вострава мы будзем кіраваць.

Мы маглі ўжо распазнаць асобныя верхавіны дрэў і бачылі рады ствалоў, што зіхацелі на сонцы на фоне густога цяністага лісця.

Мы ведалі, што недзе між намі і востравам знаходзяцца небяспечныя падводныя рыфы, якія падпільноўваюць усё, што набліжаецца да прыветлівага з выгляду вострава. Высокія валы зыбу, бесперашкодна набягаючы з усходу, закрываюць гэтыя рыфы; і паколькі вялізныя масы вады на мелкім месцы затрымліваюцца, яны ўзнімаюцца к небу і з грукатам і пенай падаюць уніз, праносячыся над вострымі каралавымі рыфамі. Не адзін карабель трапіў у гэтую пастку — быў зацягнуты на страшэнныя падводныя рыфы архіпелага Туамоту і разбіты ўшчэнт аб каралавыя скалы.

З боку мора мы не заўважалі ніякіх адзнак жахлівай пасткі. Мы плылі ўслед за хвалямі і бачылі толькі выгнутыя зіхатлівыя грабяні, якія адзін за другім анікалі ў напрамку вострава. I рыфы і ўся ўспененая д’ябальская свістапляска над імі былі схаваны ад нас радамі шырокіх грабянёў хваль, што каціліся наперадзе. Але з абодвух канцоў вострава, і з паўночнага і з паўднёвага, дзе берагавая лінія загіналася, мы бачылі, што за некалькі соцень метраў ад зямлі ўвесь акіян меў выгляд белага бурлівага кіпетню, які ўзнімаўся высока ў паветра.

Мы накіравалі свой плыт так, каб апынуцца на рубяжы «кухні ведзьмаў» ля паўднёвага краю вострава, і спадзяваліся, што, трапіўшы туды, мы здолеем плыць уздоўж атола, пакуль не абмінем мыс і не будзем на падветраным баку; ва ўсякім разе, мы разлічвалі, перш чым нас пранясе міма, дасягнуць дастаткова мелкага месца, дзе мы маглі б з дапамогай самаробнага якара спыніцца і, дачакаўшыся змены ветру, апынуцца, такім чынам, пад аховай вострава.

Пад поўдзень мы маглі ўжо распазнаць у бінокль расліннасць вострава — пышныя зялёныя кусты на фоне густога гаю з маладых какосавых пальмаў. На беразе перад лесам на светлым пяску тут і там ляжалі вялікія глыбы каралаў. Ніякіх іншых адзнак жыцця не было, калі не лічыць белых птушак, што луналі над кронамі пальмаў.

У дзве гадзіны мы падплылі да вострава і цяпер рухаліся ўздоўж яго ля самага краю непрыступных рыфаў. Чым бліжэй мы падплывалі, тым усё больш выразна было чуваць, як равуць буруны, разбіваючыся аб рыфы; гук гэты спачатку нагадваў несціханы шум вадаспада, а неўзабаве стаў падобны на грукат бясконцага кур’ерскага поезда, які імчаўся паралельна нам за некалькі соцень метраў ад нашага правага борта. Цяпер мы маглі разгледзець таксама белыя пырскі, што сюд-туд узляталі высока ў паветра за кучаравымі грабянямі хваль збоку ад нас, там, дзе грукатаў «поезд».

Цяжкім рулявым вяслом працавалі двое; яны стаялі за бамбукавай каютай і таму не бачылі, што робіцца наперадзе. Эрык як штурман залез на скрыню, што служыла нам кухняй, і падаваў каманду абодвум рулявым. Наш план заключаўся ў тым, каб трымацца як мага бліжэй, але ў той жа час на дастаткова бяспечнай адлегласці ад грозных рыфаў. З верхавіны мачты мы ўвесь час назіралі, ці не пакажацца ў каралавым кальцы які-небудзь пралом або праход, праз які мы маглі б паспрабаваць праслізнуць. Плынь несла нас цяпер уздоўж рыфа і не выкідвала ніякіх фокусаў. Расхістаныя кілі давалі нам магчымасць рухацца пад вуглом да ветру ў межах 20° у той ці другі бок, а вецер дзьмуў уздоўж рыфа.

У той час як Эрык вёў плыт па звілістаму курсу, трымаючыся ад рыфаў на такой адлегласці, каб не магла ўзнікнуць пагроза быць уцягнутым у вір, Герман і я паплылі ў прывязанай на вяроўцы гумавай лодцы. Калі плыт ішоў правым галсам, вяроўка цягнула і нас управа, і мы падплывалі так блізка да грукацеўшых над рыфамі бурунаў, што нам удавалася кінуць позірк на сцяну вады колеру зялёнага шкла, што ўцякала ад нас; калі хвалі, круцячыся вірамі, адкочваліся назад, мы маглі ўбачыць таксама голыя рыфы, якія тырчалі з вады, нагадваючы напаўразбураную барыкаду з іржавай жалезнай руды. Наколькі сягала вока, мы не маглі заўважыць уздоўж берага ніякага праходу. Эрык завіхаўся з парусам, падцягваючы левае палотнішча і аслабляючы правае, а рулявыя з усяе сілы націскалі на вясло, і «Кон-Цікі» зноў змяняў курс і, перавальваючыся, адыходзіў з небяспечнай зоны да наступнага павароту на другі галс.

Мы з Германам сядзелі ў прывязанай да плыта лодачцы, і кожны раз, калі «Кон-Цікі» набліжаўся да рыфаў і зноў аддаляўся ад іх, у нас замірала сэрца, бо лодку адносіла так блізка да рыфаў, што мы пачыналі адчуваць, як рытм хваляў становіцца ўсё больш частым і ўсё больш нервовым і пагрозлівым. I кожны раз мы былі ўпэўнены, што цяпер Эрык занадта захапіўся, што цяпер няма ніякай надзеі вывесці «Кон-Цікі» з паласы бурунаў, якія цягнулі нас да праклятых чырвоных рыфаў. Але кожны раз Эрык спрытным манеўрам паварочваў плыт, і «Кон-Цікі» зноў шчасліва адплываў у бок адкрытага акіяна, аддаляючыся ад здрадніцкіх віроў. Увесь гэты час мы плылі ўздоўж вострава на такой блізкай адлегласці, што бачылі ўсё да самых драбніц на беразе; і гэтая райская прыгажосць была для нас недаступна: дарогу да яе перагароджвалі ўспененыя рыфы.