Выбрать главу

Кнут выбраў некалькі самых спрытных і дужых з выгляду хлопцаў і знакамі прапанаваў паплыць разам з ім у гумавай лодцы. Але тут, перавальваючыся, падышоў нейкі вялікі тоўсты мужчына, Кнут вырашыў, што гэта правадыр, бо ён насіў старую форменную шапку і гаварыў гучна і аўтарытэтна. Усе расступіліся перад ім. Кнут растлумачыў па-нарвежску і па-англійску, што яму патрэбны людзі, каб вярнуцца на плыт, пакуль яго не знесла ветрам і хвалямі. Правадыр расплываўся ва ўсмешцы, але нічога не зразумеў, і ўвесь натоўп з крыкамі пацягнуў Кнута, не зважаючы на яго самыя гарачыя пратэсты, у вёску. Там яго сустрэлі сабакі і свінні; прыгожанькія дзяўчаты Паўднёвага мора прынеслі яму свежай садавіны. Кнут здагадаўся, што астраўляне гатовы зрабіць усё, каб яму было на востраве як мага лепш, але ён не паддаваўся спакусе. Кнут з сумам думаў аб плыце, які плыў усё далей і далей кудысьці на захад.

Намеры астраўлян былі відавочны. Яны вельмі хацелі, каб мы пабылі з імі, і яны ведалі, што звычайна на судне белых людзей заўсёды ёсць куча добрых рэчаў. Калі б ім удалося ўтрымаць Кнута на беразе, дык і астатні экіпаж дзіўнага судна, вядома, таксама з’явіўся б сюды. Ні адзін карабель не пакіне белага чалавека на востраве, які знаходзіцца ў баку ад марскіх шляхоў.

Пасля некалькіх смешных эпізодаў Кнуту ўдалося вырвацца, і, акружаны паклоннікамі і паклонніцамі, ён падаўся хутчэй да сваёй лодкі. Яго словы на ўсіх вядомых яму мовах і жэсты былі зусім недвухсэнсавы; астраўляне зразумелі, што Кнут павінен вярнуцца і вернецца на знікшае дзесьці сярод ночы дзіўнае судна, якое так спяшалася, што павінна было без затрымкі рухацца далей.

Тады жыхары вострава пайшлі на хітрыкі: яны знакамі растлумачылі Кнуту, што астатнія яго таварышы прычалілі да вострава з другога боку мыса. Некалькі хвілін Кнут не ведаў, што рабіць, але тут на беразе, дзе жанчыны і дзеці не давалі пагаснуць вогнішчу, пачуліся гучныя галасы. Гэта вярнуліся тры пірогі, і весляры прынеслі Кнуту запіску. Ён апынуўся, здавалася, у бязвыхадным становішчы. У запісцы быў загад не выходзіць у акіян аднаму, а ўсе астраўляне рашуча адмаўляліся плыць з ім.

Сярод палінезійцаў пачалася гарачая спрэчка. Тыя, хто быў на пірогах і бачыў плыт, добра разумелі, што затрымліваць Кнута, спадзеючыся гэтым самым прымусіць сысці на бераг і астатніх, зусім бескарысна. Закончылася тым, што абяцанні і пагрозы Кнута, для выказвання якіх ён карыстаўся агульназразумелай мовай жэстаў, прымусілі экіпаж трох пірог згадзіцца плыць з ім у акіян наўздагон за «Кон-Цікі». I яны рушылі ў ахутаны трапічнай ноччу акіян, ведучы на буксіры гумавую лодку, а жыхары вострава нерухома стаялі ля згасаючага вогнішча і глядзелі ўслед свайму новаму бяляваму сябру, які гэтак жа хутка знік, як і з’явіўся.

Калі пірогі ўзнімаліся на хвалях, Кнут і яго спадарожнікі бачылі далёка ў акіяне цьмяныя светавыя сіпналы з плыта. Доўгія вузкія палінезійскія пірогі, з вострымі балансірамі для ўстойлівасці, рэзалі ваду, як нажы, але Кнуту здавалася, што мінула цэлая вечнасць, перш чым ён зноў адчуў пад нагамі тоўстыя круглыя бярвенні «Кон-Цікі».

— Добра правялі час на беразе? — з зайздрасцю спытаў Тарстэйн.

— О, каб вы толькі бачылі, якія дзяўчаты на востраве! — паддражніў яго Кнут.

Не падымаючы паруса і не апускаючы вясла за борт, мы ўсе ўшасцёх залезлі ў бамбукавую каюту і спалі, як глыбы каралаў на беразе Ангатау. Тры дні мы плылі па акіяне, не бачачы ні’якай зямлі.

Нас несла проста да злавесных рыфаў, якія акружалі астравы Такуме і Рароіа і на 40—50 міль перагароджвалі акіян наперадзе нас. Мы прыкладвалі ўсе намаганні, каб пазбегнуць сустрэчы з гэтымі небяспечнымі рыфамі і абмінуць іх з поўначы; усё ішло як быццам добра, пакуль аднаго разу ўночы вахтавы не прыбег у каюту і не паклікаў нас усіх на палубу.