Са змешаным пачуццём назіралі мы, як уздоўж усяго небасхілу перад намі сінія хвалі Ціхага акіяна ўзляталі высока ў паветра і разляталіся дробнымі пырскамі. Я ведаў, што нас чакала; я раней бываў на архіпелазе Туамоту і, стоячы ў бяспечным месцы на беразе, назіраў за грандыёзным відовішчам на ўсходзе, дзе прыбой адкрытага акіяна разбіваўся аб рыфы. У паўднёвым напрамку паступова паказваліся ўсё новыя і новыя рыфы і астравы. Мы, відаць, знаходзіліся ля самай сярэдзіны каралавага бар’ера.
На «Кон-Цікі» ўсё было падрыхтавана да заканчэння падарожжа. Усё каштоўнае было складзена ў каюце і прывязана. Дакументы і дзённікі мы запакавалі ў непрамакальныя мяшкі разам з плёнкамі і іншымі рэчамі, якія магла папсаваць вада. Бамбукавую каюту мы накрылі брызентамі і прывязалі іх самымі моцнымі вяроўкамі. Калі мы зразумелі, што ніякай надзеі не засталося, мы ўзламалі бамбукавую палубу і нажамі-мачэце перарэзалі ўсе вяроўкі, на якіх трымаліся кілі пад плытом. Выцягнуць кілі было нялёгка, бо яны абраслі тоўстым пластом ракавінак. Калі нам гэта ўдалося, мы тым самым зменшылі асадку плыта; яна раўнялася цяпер толькі таўшчыні ніжняй часткі бярвенняў, і нас лягчэй магло перанесці цераз рыф. Без кіляў, са спушчаным парусам, плыт канчаткова павярнуўся бокам і знаходзіўся цалкам пад уладай ветру і хваль.
Самую доўгую з вяровак, што былі ў нас, мы прымацавалі да самаробнага якара і абвязалі яе вакол левай мачты ўнізе; калі якар будзе кінуты за борт, «Кон-Цікі» ўвойдзе ў паласу прыбою кармой уперад. Сам якар складаўся з пустых бітонаў для вады, якія мы напоўнілі адпрацаванымі батарэямі ад радыёперадатчыка і металічным ламаччам; з бітонаў крыж-накрыж тырчалі тоўстыя палкі мангравага дрэва.
Загад нумар адзін, які быў першым і апошнім, гаварыў: «Заставацца на плыце!» Што б там ні здарылася, мы павінны моцна чапляцца за ўсё, што трапіцца пад рукі на плыце, а дзевяць вялізных бярвенняў хай вытрымліваюць насціск рыфаў. У нас саміх хопіць па горла работы, калі нам давядзецца супраціўляцца напору вады. Калі мы скочым за борт, мы станем бездапаможнымі ахвярамі віроў, якія будуць кідаць нас узад і ўперад цераз вострыя каралавыя скалы. Гумавы плыт на крутых хвалях перакуліцца або разарвецца на шматкі аб рыфы, бо пад нашым цяжарам ён будзе глыбока сядзець у вадзе. А драўляныя бярвенні рана ці позна будуць выкінуты на бераг, і мы разам з імі, калі толькі нам удасца пратрымацца.
Потым усяму экіпажу было прапанавана абуць чаравікі — упершыню за сто дзён — і мець напагатове выратавальныя паясы. Ад паясоў, зрэшты, карысці будзе мала; калі хто-небудзь зваліцца ў ваду, дык ён не патане, а яго будзе стукаць аб рыфы, пакуль не разаб’е насмерць. У нас быў яшчэ час, каб пакласці ў кішэні пашпарты і долары, што засталіся пасля адплыцця з Перу. Але нас непакоіла не тое, што мы мелі мала часу.
Насталі трывожныя хвіліны, калі мы бездапаможна плылі бокам, крок за крокам набліжаючыся да рыфа. На плыце было, як ніколі, ціха; мы ўсе, моўчкі або перакідваючыся лаканічнымі фразамі, то залазілі ў каюту, то зноў выходзілі на бамбукавую палубу і займаліся сваёй справай. Сур’ёзны выраз на нашых тварах даказваў, наколькі добра ўсе разумелі, што нас чакае, а адсутнасць нервознасці сведчыла аб непахіснай веры ў плыт, якую мы ўсе паступова набылі. Калі ён перанёс нас цераз акіян, то ён даставіць нас жывымі і на бераг.
У каюце, набітай прывязанымі каробкамі з прадуктамі і іншым грузам, панаваў сапраўдны хаос. Тарстэйну ледзьве ўдалося вызваліць для сябе месца ў радыёрубцы, дзе засгаваўся кароткахвалевы перадатчык, на якім ён не пераставаў працаваць. Мы цяпер знаходзіліся на адлегласці больш за 4 тысячы міль ад нашай старой базы ў Кальяо, адкуль Перуанскае ваенна-марское вучылішча падтрымлівала з намі пастаянную сувязь, і яшчэ далей — ад Гала і Фрэнка і іншых радыёаматараў у Злучаных Штатах. Але нам пашанцавала напярэдадні ўстанавіць сувязь з заўзятым аматарам-кароткахвалевіком, які жыў на Раратонзе, адным з астравоў архіпелага Кука; нашы радысты, насуперак усім звычаям, дамовіліся зноў наладзіць сувязь з ім на світанні. I ўвесь час, пакуль нас адносіла ўсё бліжэй і бліжэй да рыфа, Тарстэйн сядзеў, стукаючы ключом, і выклікаў Раратонгу.