Карл, безумоўна, меў рацыю. Але вырашыць праблемы Ціхага акіяна без усебаковага асвятлення іх мне здавалася такой жа немагчымай справай, як немагчыма разабрацца ў складанай шахматнай пазіцыі, калі ўлічваць рух фігур толькі свайго колеру.
Мы прыбралі са стала, і я пачаў дапамагаць Карлу выціраць памытую пасуду.
— З Чыкагскага ўніверсітэта нічога няма?
— Нічога.
— А што вам сказаў сёння ваш стары прыяцель у музеі?
Я адказаў, насілу падбіраючы словы:
— Ён зусім не зацікавіўся. Ён сказаў: паколькі ў індзейцаў былі толькі звычайныя плыты, то, няма чаго і думаць аб тым, што яны маглі адкрыць астравы Ціхага акіяна.
Маленькі чалавечак раптам з усяе сілы пачаў выціраць талерку, быццам спаганяючы на ёй злосць.
— Так, — загаварыў ён нарэшце. — Па праўдзе кажучы, мне гэта таксама здаецца практычным пярэчаннем супроць вашай тэорыі.
Я тужліва зірнуў на маленькага этнографа, якога лічыў сваім верным саюзнікам.
— Не зразумейце мяне няправільна, — паспяшаўся дадаць ён. — Я думаю, што праўда на вашым баку, але разам з тым усё так няясна. Мая праца аб вышыўках пацвярджае вашу тэорыю.
— Карл, — сказаў я, — я абсалютна ўпэўнены, што індзейцы пераплылі Ціхі акіян на сваіх плытах, і гатовы сам пабудаваць такі плыт і пераплысці акіян толькі для таго, каб даказаць, што гэта магчыма.
— Вы звар’яцелі!
Мой сябар палічыў гэта за жарт і нават засмяяўся ад такой недарэчнай думкі.
— Вы звар’яцелі! На плыце?
Ён не знаходзіў слоў і толькі недаверліва глядзеў на мяне, нібы чакаючы, што я вось-вось усміхнуся, пацвярджаючы, што я пажартаваў.
Ён не дачакаўся ўсмешкі. Я зразумеў цяпер, што сапраўды ніхто не згодзіцца з маёй тэорыяй, хаця б толькі таму, што паміж Перу і Палінезіяй ляжыць бязмежны акіян, а каб пераплысці яго, я нічога не мог прапанаваць, апрача дагістарычнага плыта.
Карл няўпэўнена глядзеў на мяне.
— Цяпер мы пойдзем і вып’ем па чарцы, — прапанаваў ён.
Мы пайшлі і выпілі па чатыры.
У канцы тыдня настаў час плаціць за кватэру. Гэтымі ж днямі я атрымаў з нарвежскага банка пісьмо, у якім мне паведамлялася аб тым, што банк не можа больш пераводзіць мне долары — валютныя абмежаванні. Узяўшы свой чамадан, я сеў у метро, якое прывезла мяне ў Бруклін. Там я пасяліўся ў Доме нарвежскіх маракоў, дзе добра і ўволю кармілі, а цэны адпавядалі майму кашальку. Я атрымаў маленькі пакойчык на другім паверсе, але харчаваўся разам з усімі маракамі ў вялікай сталовай унізе.
На змену адным маракам прыходзілі другія. Яны адрозніваліся адзін ад аднаго па тыпу, па росту і па ступені цвярозасці, але ўсе мелі адну адметную рысу, характэрную для ўсіх, — калі яны гаварылі аб моры, яны ведалі аб чым гавораць. Я даведаўся, што велічыня хваляў і бурнасць мора не залежаць ад глыбіні і адлегласці ад берага. Наадварот, паблізу ад берага штормы часта бываюць больш небяспечныя, чым у адкрытым моры. На мелкаводдзі, уздоўж берага, дзе праходзяць мясцовыя плыні або канчаюцца акіянскія, мора часта бывае больш бурным, чым далёка ад сушы. Судна, якое прыгодна для плавання ўздоўж адкрытага берага, здолее вытрымаць і далёкае плаванне па акіяну. Я даведаўся таксама, што ў час буры вялікія караблі часта зарываюцца ў хвалі носам або кармой так, што тоны вады навальваюцца на іх палубу і, як трысцінку, згінаюць стальныя трубы, між тым як маленькае судна даволі часта шчасліва выходзіць са шторму, бо яно лёгка змяшчаецца між хвалямі і танцуе на іх, нібы чайка.
Я сустрэў тут людзей, якія ў буру выратаваліся ў лодцы пасля таго, як іх карабель пайшоў на дно.
Але пра плыты яны ведалі мала. Плыт — гэта не карабель, у яго няма ні кіля, ні фальшборта. Гэта проста плывучае прыстасаванне, на якім ратуюцца ў час катастрофы і трымаюцца на вадзе, пакуль на дапамогу не падыдзе якое-небудзь судна. Між іншым, адзін з маракоў з павагай гаварыў аб плытах у адкрытым моры; яму давялося тры тыдні плаваць на плыце, калі нямецкая тарпеда патапіла яго карабель сярод Атлантычнага акіяна.
— Але вы не можаце кіраваць плытом, — дадаў ён. — Ён рухаецца ўбок і назад або круціцца па волі ветру.
Я адкапаў у бібліятэцы справаздачы, напісаныя першымі еўрапейцамі, якія пабывалі на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Сярод гэтых справаздач знайшлося нямала малюнкаў і апісанняў вялікіх індзейскіх плытоў з бальзавага дрэва. У іх быў чатырохкутны парус, нешта накшталт кіля і доўгае рулявое вясло на карме. Значыць, імі можна было кіраваць.
Міналі тыдні, а я ўсё яшчэ жыў у Доме маракоў. Ніякага адказу ні з Чыкага, ні з іншых гарадоў, куды я паслаў экземпляры свайго рукапісу. Ніхто не прачытаў яго.