Выбрать главу

Але наш прыўзняты настрой неўзабаве знік. Ззаду, нібы бліскучая сцяна з зялёнага шкла, высока ўзнялася новая хваля; калі плыт апускаўся, яна ўжо накочвалася на нас, і ў той самы момант, як я ўбачыў яе высока над сабой, я адчуў моцны ўдар, і патокі вады закрылі мяне з галавой.

Я адчуваў, як усё маё цела з такой вялізнай сілай засмоктвае ў вір, што вымушаны быў напружыць кожны мускул і ўвесь час думаць аб адным — трымацца, трымацца! Мне здаецца, што ў такім роспачным становішчы хутчэй рукі адарвуцца ад плячэй, чым мозг падасць каманду разняць пальцы, нават калі вынік такой упартасці быў зусім відавочны. Потым я адчуў, што гара вады пачала спадаць, і маё цела вызвалілася ад страшэнных абдымкаў. Калі ўся гара, аглушальна равучы і грукочучы, пракацілася далей, я зноў убачыў Кнута, які, учапіўшыся ў вяроўку і скурчыўшыся, вісеў побач са мной. Ззаду вялікая хваля здавалася амаль плоскай і шэрай; у сваім палёце наперад яна перакацілася цераз вільчак даху каюты, што тырчаў над вадой; там мы ўбачылі трох нашых таварышаў, яны віселі, прыціснутыя да даху хваляй, што прайшла над імі.

Мы ўсё яшчэ трымаліся на вадзе.

Я расслабіў на момант мускулы, а потым зноў абхапіў рукамі і нагамі моцную вяроўку. Кнут саслізнуў уніз і, скочыўшы, як тыгр, далучыўся да тых, хто стаяў на скрынях пад аховай каюты. Я пачуў іх крыкі, якімі яны падбадзёрвалі мяне, але ў тую ж хвіліну ўбачыў новую зялёную сцяну, што паўстала з акіяна і, высока ўзнімаючыся, рухалася на нас. Я закрычаў, каб папярэдзіць сяброў, і, павісшы на вяроўцы, сцяўся ў як мага меншы і цвярдзейшы камячок. А ў наступную секунду над намі зноў было пекла, і «Кон-Цікі» зусім знік пад тоўшчай вады. Хваля цягнула і штурхала мяне, усёй сваёй сілай навальваючыся на няшчасны камячок чалавечага цела. Другая хваля прамчалася над намі, а потым трэцяя — гэткая самая.

Тут я пачуў радасны крык Кнута, які цяпер вісеў на вяровачных лесках:

— Зірніце на плыт, ён трымаецца!

Пасля трох хваль толькі падвойная мачта і каюта крыху пакасіліся набок. Зноў нас ахапіла пачуццё перавагі над стыхіямі, і ўзбуджэнне ад перамогі надало нам новыя сілы.

Потым я ўбачыў наступную хвалю, якая, узнімаючыся вышэй за ўсе іншыя, рухалася на нас, і, зноў крыкнуўшы, папярэдзіў астатніх, а сам хутчэй залез як мага вышэй на штаг і моцна павіс на ім. Потым мяне аднесла некуды ўбок, і я знік сярод зялёнай сцяны, што высока ўзвышалася над намі; таварышы — яны знаходзіліся крыху далей да кармы і бачылі, як я знік першым, — вызначылі, што хваля мела ў вышыню амаль восем метраў, а ўспенены грэбень ляцеў на пяць метраў вышэй, чым тая частка вадзяной сцяны, у якой знік я. Потым вялізны вал дагнаў і іх, і ва ўсіх нас была адна думка — трымацца, трымацца, трымацца!

На гэты раз мы, мабыць, ударыліся аб рыф. Сам я адчуваў толькі, як напінаўся штаг; ён, здавалася, то рэзка выгінаўся, то раптам слабеў. Але паколькі я вісеў на ім, я не мог вызначыць, адкуль далятаў грукат удараў — зверху ці знізу. Мы знаходзіліся пад вадой усяго некалькі секунд, але яны патрабавалі ад нас такой сілы, якою ў звычайных умовах наша цела не валодае. У чалавечым арганізме ёсць сіла куды большая за сілу адных толькі мускулаў. Я парашыў, што калі мне суджана памерці, то я памру ў гэтым становішчы, павісшы, нібы вузел, на штагу. Хваля з грукатам наляцела, прамчалася над намі і пакацілася далей, і калі яе выццё чулася ўжо дзесьці побач, мы ўбачылі жахлівае відовішча. «Кон-Цікі» зусім змяніўся, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Таго судна, якое мы ведалі ў акіяне на працягу тыдняў і месяцаў, больш не існавала; за некалькі секунд наш утульны дом быў разбіты ўшчэнт, ператварыўся ў руіны.

На плыце я бачыў толькі аднаго чалавека. Ён ляжаў ніцма ўпоперак вільчака даху каюты, выцягнуўшы рукі ў бакі; сама каюта была паламана і сплюшчана, як картачны домік, і ссунулася да кармы і правага борта. Гэтым нерухомым чалавекам быў Герман. Ніякіх іншых адзнак жыцця я не заўважыў, а горы вады, равучы, усё імчаліся і імчаліся побач цераз рыф. Цяжкая правая мачта была зламана, нібы запалка, і верхняя частка яе, падаючы, праціснула дах каюты так, што цяпер мачта з усімі снасцямі нізка навісла над рыфам з правага боку. На карме рулявую калоду павярнула ўздоўж, а ранжыну зламала; рулявое вясло разбілася на кавалкі. На носе фальшборт быў зламаны, нібы скрынкі з-пад цыгар, а ўся палуба сарвана і, быццам мокрая папера, прыціснута разам са скрынямі, бітонамі, брызентам і іншым грузам да пярэдняй сцяны каюты. Усюды тырчалі бамбукавыя палкі і абрыўкі вяровак, і ўсё гэта разам стварала ўражанне поўнага хаосу.