Выбрать главу

Адышоўшы даволі далекавата ўздоўж рыфа, мае таварышы ўбачылі гумавы плыт; поўны вады, ён ляжаў, пагойдваючыся на хвалях. Яны вылілі з яго ваду і падцягнулі назад да разбітага «Кон-Цікі»; тут мы, колькі можна было, нагрузілі яго самым неабходным — радыёстанцыяй, прадуктамі і бутлямі з вадой. Усё гэта мы перацягнулі цераз рыф і злажылі ў кучу на самай вяршыні вялікай каралавай глыбы, якая, нібы вялізны метэарыт, адзінока ўзвышалася на ўнутраным баку рыфа. Потым мы пайшлі назад да месца крушэння па новы груз. Хіба маглі мы ведаць, на якую вышыню ўзнімуцца хвалі, калі на нас рушаць прыліўныя плыні?

На мелкаводдзі з унутранага боку рыфа мы заўважылі нейкі прадмет, які ярка блішчаў на сонцы. Калі мы ўброд падышлі, каб падняць яго, мы былі вельмі здзіўлены, убачыўшы дзве пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Гэта было зусім не тое, што мы думалі; яшчэ больш мы здзівіліся, калі ўбачылі, што маленькія бляшанкі былі зусім светлыя і толькі нядаўна адкрытыя, а этыкеткі на іх з надпісам «ананас» былі дакладна такія ж, як на бляшанках з новых палявых рацыёнаў, якія мы самі выпрабоўвалі па даручэнню інтэнданцкага кіраўніцтва. Вядома, гэта былі нашы ўласныя бляшанкі з-пад ананасаў, што мы выкінулі пасля апошняга абеду на борце «Кон-Цікі». Мы ўвесь час плылі ўслед за імі да самага рыфа.

Каралавыя глыбы пад нашымі нагамі былі вострыя, і калі мы ішлі па няроўным дне, вада даходзіла нам то да шчыкалатак, то да грудзей — у залежнасці ад таго, якая была глыбіня рэчышчаў і каналаў сярод рыфаў. Анемоны і каралы надавалі ўсяму рыфу выгляд нейкага скалістага саду з імхамі, кактусамі і акамянелымі раслінамі, чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі і белымі. Усе колеры можна было ўбачыць тут. Каралы, водарасці, ракавіны і марскія малюскі, фантастычныя рыбы, што звіваліся ўсюды вакол нас, — усё мела сваю адметную афарбоўку. У больш глыбокіх каналах у празрыстай вадзе мы бачылі невялікіх акул, даўжынёю метр з лішнім, якія падкрадваліся да нас. Але варта было пляснуць далонню па вадзе, як яны адразу ж паварочвалі ў бакі і адплывалі прэч.

Там, дзе мы былі выкінуты на рыф, нас акружалі толькі лужыны вады з тырчаўшымі сям-там астраўкамі вільготных каралаў, а далей распасціралася спакойная сіняя лагуна. Быў час адліву, і ўсё новыя астраўкі каралаў паказваліся з вады, а прыбой, які безупынна грукатаў уздоўж рыфа, зрабіўся ніжэйшым, нібы апусціўся на адзін паверх. Што будзе тут, на вузкім рыфе, калі пачнецца прыліў, цяжка сказаць. Нам трэба было пакідаць яго.

Рыф нагадваў напалову апушчаную ў ваду крапасную сцяну і цягнуўся на поўдзень і на поўнач ад нас. Ля паўднёвага краю быў відаць доўгі востраў з густым пальмавым лесам, а на поўнач, паблізу ад нас, на адлегласці 600—700 метраў знаходзіўся другі, значна меншы востраў, які таксама зарос пальмамі. Ён ляжаў з унутранага боку рыфа; верхавіны пальмаў узнімаліся да неба, а беласнежныя пясчаныя пляжы спускаліся да ціхай лагуны. Увесь астравок нагадваў вялізную зялёную кашолку кветак ці рай у мініятуры. На гэтым востраве мы і спынілі свой выбар.

Герман стаяў ля мяне, і шырокая ўсмешка ззяла на яго барадатым твары. Ён не вымавіў ні слова, толькі выставіў руку і ціха засмяяўся. «Кон-Цікі» ўсё яшчэ сядзеў на тым баку рыфа, і пырскі прыбою пераляталі цераз яго. Ён быў інвалідам, але заслужаным інвалідам. На палубе ўсё было пакарэжана, але дзевяць бальзавых бярвенняў з ківедскіх джунгляў у Эквадоры былі па-ранейшаму зусім цэлыя. Яны выратавалі нам жыццё. Акіян мала чым пажывіўся з нашага грузу, а тое, што мы злажылі ўнутры каюты, наогул засталося цэлым. Мы самі знялі з плыта ўсё, што мела якую-небудзь каштоўнасць, і зараз наша маёмасць ляжала ў бяспечным месцы на вяршыні вялізнай гарачай ад сонца скалы на ўнутраным баку рыфа.

З таго часу як я саскочыў з плыта, мне, шчыра кажучы, не хапала нашых лоцманаў, якія раней заўсёды плылі ў вадзе наперадзе нас. Цяпер вялікія бальзавыя бярвенні ляжалі наверсе рыфа, апусціўшыся ў ваду ўсяго на якія-небудзь 15 сантыметраў, і пад носам плыта звіваліся карычневыя марскія малюскі. Лоцманы зніклі. Залатыя макрэлі зніклі. Толькі нейкія невядомыя пляскатыя рыбы з тупым хвастом і афарбоўкай паўлінаў дзелавіта шнырылі ўзад і ўперад паміж бярвеннямі. Мы апынуліся ў новым свеце. Юханес пакінуў сваю дзірку. Ён, безуМоўна, знайшоў тут другі прытулак.

Я ў апошні раз кінуў позірк на палубу плыта і заўважыў малюсенькую пальму ў расплясканым кошыку. З вочка какосавага арэха тырчала сцяблінка даўжынёй сантыметраў 45, а знізу тырчалі два корані. Я пакрочыў уброд да вострава, трымаючы ў руцэ гэты арэх. За некалькі крокаў наперадзе я ўбачыў Кнута, які весела плюхаў па вадзе да берага, трымаючы пад пахай мадэль плыта, майструючы якую, ён нямала папацеў у час падарожжа. Неўзабаве мы апярэдзілі Бенгта. Ён быў дбайны гаспадар. З гузам на лбе, з мокрай барадою, з якой капала марская вада, ён ішоў і, сагнуўшыся, папіхаў скрыню, якая пачынала танцаваць перад ім кожны раз, як толькі ў лагуну трапляў паток вады ад бурунаў, што разбіваліся ля знадворнага боку рыфа. Ён ганарліва прыўзняў вечка скрыні. Гэта была наша «кухня», а ў ёй — прымус і ўсё кухоннае начынне.