Шпулькі і іншыя дэталі радыёперадатчыка былі раскладзены на зусім сухіх каралавых плітах і сохлі на трапічным сонцы. Тарстэйн і Кнут паступова злучалі і зашрубоўвалі іх. Мінула ўся раніца, і становішча рабілася ўсё больш і больш напружаным. Мы закінулі ўсе іншыя справы і акружылі нашых радыстаў, спадзеючыся хоць чым-небудзь дапамагчы ім. Мы павінны быць у эфіры да дзесяці гадзін вечара. К таму часу скончыцца трыццацішасцігадзінны тэрмін, і радыёаматар з Раратонгі пачне выклікаць самалёты і выратавальныя экспедыцыі.
Настаў поўдзень, потым вечар, і сонца зайшло. Хапіла б толькі вытрымкі ў чалавека на Раратонзе! Сем гадзін, восем, дзевяць. Напружанне дасягнула сваёй гранічнай мяжы. Ніводнай адзнакі жыцця ў перадатчыку, але прыёмнік NC-173 пачаў ажываць ля самага нізу шкалы, дзе слаба гучала нейкая музыка. Але на аматарскім дыяпазоне нічога не было чуваць. Паступова, аднак, гукі пачалі прабівацца — мабыць, усё залежала ад сырой абмоткі, якая прасыхала з аднаго канца. Перадатчык быў усё яшчэ мёртвы — усюды кароткія замыканні і іскры.
Заставалася менш гадзіны. Нічога не будзе! Перадатчык выйшаў са строю, і мы парашылі зноў выпрабаваць маленькі падпольны перадатчык, якім карысталіся ў час вайны. Некалькі спроб мы ўжо рабілі на працягу дня, але без усякага выніку. Можа, ён цяпер крыху падсох? Усе батарэі былі зусім сапсаваны, і, каб атрымаць ток, нам давялося круціць маленькую ручную дынамку. Гэта была нялёгкая работа, і мы, чатыры прафаны ў радыётэхніцы, увесь дзень сядзелі і круцілі гэтую д’яблаву штуку.
Трыццаць шэсць гадзін павінны былі хутка скончыцца. Я памятаю, як хтосьці шаптаў: «сем мінут», «пяць мінут», і потым больш ніхто не глядзеў на гадзіннік. Перадатчык па-ранейшаму быў нямы, але прыёмнік нешта м,армытаў ужо блізка да патрэбнай нам хвалі. Раптам ён затрашчаў на хвалі аматара з Раратонгі, і мы вырашылі, што ён вядзе размову з радыёстанцыяй на Таіці. Неўзабаве мы злавілі наступны абрывак радыёграмы, якую перадавалі з Раратонгі:
«...ніводнага самалёта на гэты бок астравоў Самаа. Я зусім упэўнены...»
Потым ўсё зноў сціхла. Напружанне зрабілася нясцерпным. Што яны там задумалі? Няўжо яны адразу пасылаюць самалёт і выратавальныя экспедыцыі? Цяпер, безумоўна, паведамленні аб нас ляцяць па эфіру ва ўсе бакі.
Абодва радысты ліхаманкава працавалі, не ведаючы ні хвіліны спачынку. З іх твараў пот струменіў гэтак жа, як і з твару таго, хто круціў ручку дынамкі. Электрычныя ваганні паступова пачалі з’яўляцца ў контуры антэны перадатчыка, і Тарстэйн у экстазе паказваў на стрэлку, якая павольна падымалася па шкале, калі ён націскаў ключ Морзэ. Справа ішла на лад!
Мы, як шалёныя, круцілі ручку, а Тарстэйн выклікаў Раратонгу. Ніхто, не чуў нас. Яшчэ раз. Цяпер зноў прачнуўся прыёмнік, але Раратонга нас не чула. Мы выклікалі Гала і Фрэнка ў Лос-Анжаласе і марское вучылішча ў Ліме, але ніхто не чуў нас.
Тады Тарстэйн паслаў сігнал «CQ»: інакш кажучы, ён выклікаў усе станцыі на свеце, якія маглі пачуць нас на нашай аматарскай кароткай хвалі.
Гэта дало некаторы вынік. Цяпер чыйсьці слабы голас з эфіру пачаў ціха выклікаць нас. Мы паўтарылі сігнал і сказалі, што чуем яго. Тады ціхі голас з эфіру прамовіў:
— Мяне завуць Поль, я жыву ў Каларада; як вас завуць і дзе вы жывяце?
Гэта быў нейкі радыёаматар. Мы, не спыняючыся, круцілі ручку, а Тарстэйн схапіў ключ і адказаў:
— Гэта «Кон-Цікі»; нас выкінула на бязлюдны востраў у Ціхім акіяне.
Поль зусім не паверыў гэтаму паведамленню. Ён думаў, што нейкі кароткахвалявік з суседняга квартала разыгрывае яго, і больш не з’яўляўся ў эфіры. У роспачы мы рвалі на сабе валасы. Вось мы сядзім тут, пад пальмамі, зорнай ноччу на бязлюдным востраве, і ніхто не верыць нашым словам.