Тарстэйн не здаваўся; ён зноў узяўся за ключ і безупынна перадаваў: «Усё ў парадку, усё ў парадку, усё ў парадку». Мы што б там ні было павінны прыпыніць падрыхтоўку ўсіх гэтых выратавальных экспедыцый у розных канцах Ціхага акіяна.
Раптам мы пачулі ў прыёмніку, як хтосьці даволі ціха спытаў:
— Калі ўсё ў парадку, дык чаго хвалявацца?
Потым эфір зноў змоўк. I гэта было ўсё.
Ахопленыя роспаччу, мы гатовы былі падскочыць да верхавін пальмаў і атрэсці з іх усе какосавыя арэхі, і цяжка сказаць, што мы зрабілі б, калі б раптам нас не пачулі адначасова і Раратонга і наш стары добры Гал. Гал гаварыў, што ён плакаў ад радасці, калі зноў пачуў пазыўныя LI2B. Уся шуміха адразу спынілася; мы зноў былі адны, і ніхто нас не турбаваў на нашым востраве Паўднёвага мора. Зусім знясіленыя, мы палеглі спаць на нашы пасцелі з пальмавых лісцяў.
Назаўтра мы нікуды не спяшаліся і цешыліся жыццём, ні аб чым не думаючы. Адны купаліся, другія рыбачылі або бадзяліся па рыфу, шукаючы цікавых марскіх жывёлін; самыя энергічныя прыводзілі да ладу лагер і ўпрыгожвалі ўсё навокал яго. На беразе, адкуль відаць быў «Кон-Цікі», на ўзлеску, дзе пачынаўся пальмавы гай, мы выкапалі яму, выслалі яе лісцем і пасадзілі прарослы какосавы арэх, што прывезлі з Перу. Побач, якраз насупраць таго месца, дзе «Кон-Цікі» наляцеў на рыф, мы пабудавалі піраміду з каралавых глыбаў.
За ноч прыбой прасунуў «Кон-Цікі» яшчэ бліжэй да лагуны, і цяпер, акружаны ўсяго некалькімі лужынамі, ён ляжаў амаль увесь над вадой, сярод вялізных каралавых глыбаў далёка ад знадворнага краю рыфа.
Прагрэўшыся як след у гарачым пяску, Эрык і Герман адчувалі сябе куды лепш і захацелі прайсціся ўздоўж рыфа на поўдзень; яны спадзяваліся, што ім удасца перабрацца на вялікі востраў, які знаходзіўся ў тым баку. Я папярэдзіў, каб яны асцерагаліся акул, а яшчэ больш вугроў[39], і яны засунулі на ўсякі выпадак за пояс доўгія нажы-мачэце. Каралавыя рыфы з’яўляюцца месцам прытулку для страшных вугроў з доўгімі ядавітымі зубамі, якімі яны лёгка могуць адарваць чалавеку нагу. Пры нападзе яны рухаюцца, звіваючыся з хуткасцю маланкі, і выклікаюць панічны жах у мясцовых жыхароў, якія не баяцца плаваць побач з акулай.
Эрык і Герман прайшлі ўброд даволі далёка па рыфу на поўдзень, але месцам трапляліся больш глыбокія рэчышчы, па якіх вада ішла ў гэтым напрамку, і тады ім даводзілася скакаць у ваду і плыць. Яны шчасліва дабраліся да вялікага вострава і ўброд перайшлі на бераг. Доўгі і вузкі, пакрыты пальмавым лесам востраў цягнуўся далей на поўдзень; яго сонечныя пляжы былі ахаваны ад ветру рыфам. Эрык і Герман ішлі і ішлі ўздоўж вострава, пакуль не дасягнулі яго. паўднёвага берага. Пакрыты белаю пенаю рыф цягнуўся адсюль далей на поўдзень, да іншых астравоў. Тут нашы даследчыкі знайшлі разбіты каркас вялікага карабля; у яго было чатыры мачты, і ён ляжаў на беразе, падзелены на дзве часткі. Гэта быў стары іспанскі паруснік, нагружаны рэйкамі, і ржавыя рэйкі былі параскіданы ўздоўж рыфа. Эрык і Герман вярнуліся па другім баку вострава, але ніводнага следу на пяску ім так і не ўдалося знайсці.
Вяртаючыся назад цераз рыф, яны сюд-туд успуджвалі нейкіх дзіўных рыб і спрабавалі злавіць некаторых з іх; раптам на іх напала не менш васьмі вялізных вугроў.
Эрык і Герман убачылі ў празрыстай вадзе, як тыя набліжаліся, і выскачылі на вялікую каралавую глыбу; вугры пачалі звівацца вакол яе. Слізкія пачвары таўшчынёй з галёнку дарослага мужчыны былі ўсыпаны зялёнымі і чорнымі плямамі і нагадвалі атрутных змей; на маленькай галаве блішчалі злосныя змяіныя вочы, а зубы, вострыя, як шыла, мелі ў даўжыню два — тры сантыметры. Калі маленькія вёрткія галоўкі, звіваючыся, наблізіліся да сяброў, Эрык і Герман узмахнулі нажамі; галава аднаго вугра была адсечана, другі быў паранены. Кроў у вадзе прыцягнула цэлую чараду маладых блакітных акул, якія накінуліся на мёртвага і параненага вугроў, а Эрыку і Герману ўдалося пераскочыць на другую глыбу каралаў і ўцячы.
У гэты ж дзень я ішоў уброд да нашага вострава, як раптам хтосьці маланкавым рухам учапіўся з абодвух бакоў у маю шчыкалатку і моцна павіс на ёй. Гэта быў васьміног. Ён быў невялікі, але цяжка перадаць тое пачуццё агіды, якое я адчуваў, калі халодныя шчупальцы абвілі маю нагу і на мяне глядзелі лютыя маленькія вочы, што тырчалі на барвова-чырвоным слізістым мяшку — целе васьмінога. Я з усяе сілы дрыгнуў нагой, і васьміног, які не меў у даўжыню і метра, рушыў за ёю, але шчупальцаў не разняў. Відаць яго вабіла павязка на маёй назе. Я рыўкамі рухаўся да берага з агідным стварэннем на назе. Толькі пасля таго, як я дабраўся да краю сухога пяску, васьміног адпусціў мяне і пачаў павольна адступаць па мелкаводдзю; яго шчупальцы былі выцягнуты да берага, і ён не зводзіў з яго вачэй, нібы гатовы да новага нападу, калі я таго пажадаю. I толькі пасля таго, як я шпурнуў у васьмінога некалькі вялізных кавалкаў карала, ён паспешліва знік.
39
Марскія вугры — рыбы з атрада вугрападобных; дасягаюць у даўжыню 2—3 метры і важаць да 65 кілаграмаў. Пражэрлівыя драпежнікі. Вядуцца ў трапічных і ўмераных водах Індыйскага, Атлантычнага і Ціхага акіянаў.