Вакол мяне коўзалiся кучкамi ашалелыя пасажыры.
Вось ён будынак Б - небаскроб, i лiфт падняў мяне на трыццаць чацвёрты паверх. Перад пакоем 3454 - даўжэзны хвост мужчын i жанчын. Я цярплiва стаў у чаргу. На гэты раз людзi пакутавалi ў два этапы. Спачатку трэба было выстаяць, не прысядаючы, у цёмным калiдоры, потым, у пярэдняй пана Франка, дзе было штук дваццаць крэслаў, людзi садзiлiся ў рад. Матавае шкло аддзяляла iх ад iнспектара, якi час ад часу выгукваў: "Наступны!" Тады блiжэйшы падымаўся, а ўсе астатнiя перасоўвалiся ланцужком. Перада мной была маладая дама ў футравым манто, яна выцiрала слёзы. Нарэшце яе выклiкалi, i праз хвiлiну яна вярнулася. Калi жанчына выходзiла, мне здалося, што яна трошкi павесялела. За матавым шклом пачуўся голас:
- Наступны!
Я ўвайшоў.
За белым драўляным сталом сядзеў мужчына без пiнжака, з тлустым тварам, iнтэлiгентны. Ён абуджаў давер'е; я мiжвольна паставiў чамадан на стол i пачаў яго адмыкаць. Але ён усмiхнуўся:
- Не, ваш багаж мяне не цiкавiць... Мая задача - правяраць тое, што вы прынеслi ў сабе: успамiны, пачуццi, страсцi...
- Яно, калi па закону...
- Па закону, - перабiў ён, - вы маеце права мець строга абмежаваную колькасць успамiнаў, прычым толькi лёгкiх... Ваш узрост?
- Шэсцьдзесят пяць гадоў.
Ён зiрнуў у таблiцу i адзначыў лiчбу:
- У вашым узросце колькасць iх зменшана. Вам дазваляецца: крыху чуллiвасцi, некаторая цiкавасць да мастацтва, адна-дзве прыхiльнасцi сямейнага характару, разбаўленыя моцным эгаiзмам, i гэта амаль усё... Вось вам спiсак забароненых пачуццяў. Вазьмiце, пазнаёмцеся i скажыце мне, калi што ў вас ёсць.
- Фанабэрыя i славалюбства? Не, фанабэрыi ў мяне няма... Можа, калiсьцi я i шукаў славы, але, дасягнуўшы вяршынь, пераканаўся, што радасцi яна не дае. З гэтым пакончана.
- Вельмi добра, - ухвалiў ён. - А iмкненне да ўлады?
- Што вы? Наадварот, iмкненне ад улады. Нашто мне ўлада? Я лiчу, што ўсякi начальнiк - асоба залежная, раб сваёй службы i пэўных думак. Я не жадаю адказваць за ўчынкi, мне навязаныя.
- Вельмi добра... А па вашай прафесii празмерных захапленняў не было? Анкета сведчыць, што вы драматург. Вы не думалi, што зможаце напiсаць яшчэ адну п'есу, лепшую, чым папярэднiя?
- Не. Пераканаўся, што не змагу... Прабаваў у мiнулым годзе. Яшчэ тады крыху верыў у свае сiлы... i стварыў нейкую дрэнь, страхоцце... З гэтым пакончана.
- Гэта ваша цвёрдае рашэнне?
- Так, сваю справу я зрабiў; яна варта таго, чаго варта; судзiце, як знаеце.
- Вельмi добра... Выдатна... Грошы? Маёмасць?
- Я за гэтым не гнаўся. Маёмасцi не набыў.
- А як з палюбоўнiцамi?
- Пятнаццаць гадоў нi адной. Ёсць у мяне жонка Данацiна... Я ажанiўся позна.
- Вы яе любiце?
- Ад усяго сэрца.
- Ай! Ай! I як вы сюды папалi? Ад усяго сэрца - тэрмiн, якi не дапускаецца ў нашай установе... Узважым... Вы яе любiце фiзiчна? Па-сяброўску? Iнтэлектуальна?
- Па-рознаму.
- Гэтак жа, як i ў першы дзень?
- Мацней, чым як у першы дзень.
Iнспектар Франк нахмурыўся:
- На вялiкi жаль, пры такiх умовах я не магу вам даць вiзы.
- Але ж я хачу выехаць!
- Вы гаворыце, што хочаце выехаць, але хто ж гэта ахвотна расстаецца са светам, пакiнуўшы там такую дарагую iстоту?
- Вы не разумееце мяне, - зазлаваў я, - iменна каб вызвалiць яе, я i хачу выехаць. Вось ужо тры месяцы, як я павiс грузам у яе на шыi. Навошта псаваць ёй маладое жыццё!.. Мне трэба выехаць!
Франк закiваў галавой:
- Шкада, шкада... Мы нiколi не давалi вiзы людзям, што захоўваюць такi запал... Мы iх ведаем... Забранiруеш iм месца, за кошт iншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошнi момант бягуць ад нас - i месца прападае, нiкiм не выкарыстанае.
Я ўявiў сябе зноў выкiнутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханiну, на шумныя вулiцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат i скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанiшча, без сiлы... Жах агарнуў мяне, i я пачаў прасiцца:
- Калi ласка... Знайдзiце хоць якi-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькiх пакут перабрацца ў iншы свет. Я стамiўся. Дайце мне спакой. Калi ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час... толькi не выкiдайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары... Не выкiдайце.
Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваiмi цяжкiмi вачамi, пад якiмi вiселi пухлыя мяшкi; ён пакручваў у пальцах аловак i нейк дзiўна прыцiскаў яго да нiжняй губы.
- Лепш за ўсё вам падыдзе, - прамовiў ён павучальным тонам, - транзiтная вiза ў Лiмб*.
* Лiмб - мясцiна на тым свеце для праведнiкаў дахрысцiянскай эры i няхрышчаных дзяцей (у католiкаў).
- Калi гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.
- Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.
- А ад каго залежыць?
- Ад ККК... Камiсii Каматознасцей i Каталепсiй.
- О госпадзi! А дзе яна знаходзiцца?
- Невялiчкi асобны будынак у паўднёва-заходнiм канцы поля.
Ён зiрнуў на гадзiннiк:
- Але вы не паспееце туды да закрыцця.
- Што ж мне рабiць?
- Вярнуцца ў горад... Прыйсцi заўтра.
- У мяне сiл няма.
- Ну так, ну так... Усе вы на гэта спасылаецеся... I будзеце хадзiць дзесяць дзён, дваццаць дзён... Наступны!..
* * *
I вось я зноў апынуўся на балоцiстай сумнай пляцоўцы, якую агортвалi адразу ноч i туман. Iзноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вiльготнай цемры прахадную будку. Iзноў трамвай са скрогатам даставiў мяне ў душны пакой, у якiм мiгаценне светлавой рэкламы i грукат электрычкi не давалi заснуць. Гэта была жудасная ноч. Аблiты потам, я задыхаўся. На свiтаннi ўзяў чамадан i паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явiўшыся ў такi нялюдскi час, пападу адным з першых. Аднак iншыя пасажыры разважалi гэтак жа, i яшчэ нiколi я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргi. Выстаяўшы гадзiны тры i дабраўшыся да будкi, я сказаў вартаўнiку тонам бывалага пасажыра: