Расчынiўшы ўсе вокны i дзверы ў сваiм домiку, Гулiвер сеў у крэсла i пачаў есцi. У руках яго быў вялiкi кавалак салодкага пiрага з варэннем. I раптам штук дваццаць восаў уляцела ў пакой з такiм гудзеннем, быццам разам зайгралi дзесяткi два баявых шатландскiх валынак. Восы вельмi любяць салодкае i, вiдаць, здалёк пачулi пах варэння. Штурхаючы адна другую, яны рынулiся на Гулiвера, адабралi ў яго пiрог i мiгам разарвалi на кавалачкi.
Тыя, каму нiчога не дасталося, насiлiся над галавой Гулiвера, аглушаючы яго сваiм гудзеннем i пагражаючы страшэннымi джаламi.
Але Гулiвер быў не з баязлiвых. Ён схапiў сваю шпагу i кiнуўся на разбойнiц, чатырох забiў, а астатнiя паўцякалi.
Пасля гэтага Гулiвер зачынiў вокны i дзверы i, трохi перадыхнуўшы, пачаў разглядаць трупы сваiх ворагаў. Восы былi велiчынёй з вялiкага цецерука. Вострыя, як iголкi, джалы iх былi даўжэйшыя, чым сцiзорык Гулiвера. Добра, што яму пашчаслiвiла пазбегнуць уколу гэтых атручаных нажоў!
Асцярожна загарнуўшы ўсiх чатырох вос у ручнiк, Гулiвер схаваў iх у нiжнюю скрынку сваёй камоды.
- Калi мне яшчэ суджана калi-небудзь вярнуцца на радзiму, - сказаў ён сабе, - я падарую iх школе, дзе я вучыўся.
8
Днi, тыднi i месяцы ў краiне велiканаў былi не даўжэйшыя i не карацейшыя, чым ва ўсiх iншых частках свету. I беглi яны адзiн за другiм з такой жа хуткасцю, як i ўсюды.
Пакрысе Гулiвер прывык бачыць вакол сябе людзей, вышэйшых за дрэвы, i дрэвы, вышэйшыя за горы.
Неяк каралева паставiла яго сабе на далонь i падышла з iм да вялiкага люстэрка, у якiм абое яны былi вiдаць з галавы да пят.
Гулiвер мiмаволi засмяяўся. Яму раптам здалося, што каралева самага звычайнага росту, зусiм такая, як усе людзi на свеце, а вось ён, Гулiвер, зрабiўся меншы, чым быў, разоў у дванаццаць.
Патрохi ён перастаў здзiўляцца, калi бачыў, што людзi жмураць вочы, каб лепш разгледзець яго, i падносяць далонь да вуха, каб пачуць, што ён гаворыць.
Ён ведаў, што амаль кожнае яго слова здаецца велiканам смешным i дзiўным i чым больш сур'ёзна ён разважае, тым болей з яго смяюцца. Ён ужо не крыўдзiўся на iх за гэта, а толькi думаў з горыччу: "Можа, i я смяяўся б, калi б канарэйка, якая жыве ў мяне дома ў прыгожай пазалочанай клетцы, раптам надумалася гаварыць пра навуку i палiтыку".
Зрэшты, Гулiвер не скардзiўся на свой лёс. З таго часу як ён трапiў у сталiцу, яму жылося нядрэнна. Кароль i каралева вельмi любiлi свайго Грыльдрыга, а прыдворныя былi з iм вельмi пачцiвыя.
Прыдворныя заўсёды пачцiвыя з тымi, каго любяць кароль i каралева.
Адзiн толькi вораг быў у Гулiвера. I як нi ахоўвала свайго выхаванца клапатлiвая Глюмдальклiч, яна ўсё-такi не змагла засцерагчы яго ад многiх непрыемнасцяў.
Гэты вораг быў карлiк каралевы.
Да таго як з'явiўся Гулiвер, ён лiчыўся самым маленькiм чалавекам ва ўсёй краiне. Яго прыгожа апраналi, гулялi з iм, яму даравалiся дзёрзкiя жарты i надакучлiвыя свавольствы. Але як толькi Гулiвер пасялiўся ў пакоях каралелевы, i яна сама i ўсе прыдворныя перасталi нават заўважаць карлiка.
Карлiк хадзiў па палацы хмуры, сярдзiты, злаваўся на ўсiх, а больш за ўсё, зразумела, на самога Гулiвера.
Ён не мог спакойна глядзець на тое, як цацачны чалавечак стаiць на стале i, чакаючы выхаду каралевы, свабодна размаўляе з прыдворнымi.
Злосна ўхмыляючыся i крыўляючыся, карлiк пачынаў падсмейвацца з новага каралеўскага любiмчыка. Але Гулiвер не звяртаў на гэта ўвагi i на кожны жарт адказваў двума, яшчэ больш дасцiпнымi.
Тады карлiк пачаў думаць пра тое, як бы iнакш насалiць Гулiверу. I вось аднойчы ў час абеду, падлавiўшы момант, калi Глюмдальклiч пайшла па нешта ў другi канец пакоя, ён узлез на падлакотнiк крэсла каралевы, схапiў Гулiвера, якi спакойна сядзеў за сваiм столiкам, размахнуўся i кiнуў яго ў срэбны кубак са смятанкай, а сам кулём выкацiўся з пакоя i зашыўся ў нейкi цёмны куток.
Каралева так перапалохалася, што ёй нават i ў галаву не прыйшло падаць Гулiверу кончык мезенца цi маленькую лыжку. Бедны Гулiвер плюхаўся ў белых густых хвалях i, мусiць, праглынуў не менш гладыша халоднай, як лёд, смятанкi, пакуль нарэшце не падбегла Глюмдальклiч. Яна выхапiла яго з кубка i загарнула ў сурвэтку.
Гулiвер хутка сагрэўся, i незвычайная ванна не прынесла яму вялiкай шкоды. Усё скончылася лёгкiм насмаркам, але з таго часу ён не мог без агiды нават глядзець на смятанку.
Каралева вельмi раззлавалася i загадала сурова пакараць свайго ранейшага любiмца.
Карлiка балюча адлупцавалi i прымусiлi выпiць кубак смятанкi, у якой выкупаўся Гулiвер.
Пасля гэтага тыднi два карлiк паводзiў сябе добра - не чапаў Гулiвера i нават ветлiва ўсмiхаўся яму, праходзячы мiма.
Усе - нават насцярожаная Глюмдальклiч i сам Гулiвер - перасталi асцерагацца яго.
Але карлiк затаiўся, ён толькi чакаў зручнага выпадку, каб расквiтацца разам за ўсё са сваiм шчаслiвым сапернiкам. I гэты выпадак, як i першы раз, трапiўся яму ў час абеду.
Каралева паклала сабе на талерку костку з мазгамi, мазгi дастала, а талерку адсунула ўбок.
Глюмдальклiч якраз пайшла да буфета, каб налiць Гулiверу вiна. Карлiк падкраўся да стала, i не паспеў Гулiвер апамятацца, як карлiк засунуў яго па самыя плечы ў пустую костку.
Добра яшчэ, што костка паспела астыць. Гулiвер не апёкся, але ад крыўды ледзь не заплакаў.
Болей за ўсё крыўдна было тое, што каралева i прынцэсы нават не заўважылi, што ён знiк, i спакойна гаманiлi са сваiмi прыдворнымi дамамi.
Клiкнуць iх на дапамогу i прасiць, каб яго выцягнулi з каровiнай косткi, Гулiвер не хацеў. Ён вырашыў маўчаць, што б нi было далей.
"Толькi б костку не кiнулi сабакам!" - думаў ён.
Але, на шчасце, вярнулася Глюмдальклiч са збанам вiна. Яна адразу ж убачыла, што Гулiвера няма на месцы, i пачала шукаць яго.
Якi перапалох узняўся ў каралеўскай сталовай! Каралева, прынцэсы i прыдворныя дамы пачалi падымаць i трэсцi сурвэткi, заглядваць у мiскi, шклянкi, соўснiкi.
Але ўсё было дарэмна: Грыльдрыг прапаў бясследна. Каралева была ў роспачы. Яна не ведала, на каго злавацца, i таму злавалася яшчэ больш.
Невядома, чым бы скончылася гэтая гiсторыя, калi б меншая прынцэса не заўважыла Гулiвераву галаву, якая тырчала з косткi, быццам з дупла вялiзнага дрэва.
- Вунь ён! Вунь ён! - закрычала яна.
Праз хвiлiну Гулiвера выцягнулi з косткi.
Каралева адразу ж здагадалася, хто ўсё гэта натварыў.
Карлiка зноў адлупцавалi, а нянечка панесла Гулiвера адмываць i пераапранаць.
Пасля гэтага выпадку карлiку забаранiлi паказвацца ў каралеўскай сталовай, i Гулiвер доўга не бачыў свайго ворага - пакуль не сустрэўся з iм у садзе.
Здарылася гэта так. Аднойчы гарачым летнiм днём Глюмдальклiч вынесла Гулiвера ў сад i пусцiла яго пагуляць у цяньку.
Ён пайшоў па дарожцы, уздоўж якой раслi яго любiмыя карлiкавыя яблынi.
Дрэўцы гэтыя былi такiя маленькiя, што, задзёршы галаву, Гулiвер лёгка мог убачыць верхавiны iх. Праўда, яблыкi на iх раслi, як гэта часта бывае, яшчэ большыя, чым на вялiкiх дрэвах.
I тут з-за павароту насустрач Гулiверу выйшаў карлiк. Гулiвер не стрымаўся i сказаў, насмешлiва зiрнуўшы на яго:
- Вось гэта дык цуд! Карлiк - сярод карлiкавых дрэў. Не кожны дзень такое ўбачыш.
Карлiк нiчога не адказаў, толькi злосна паглядзеў на Гулiвера. I Гулiвер пайшоў далей. Але не паспеў ён ступiць i трох крокаў, як адна з яблынь затрэслася i град яблыкаў, з пiўную бочачку кожны, з гулкiм стукатам пасыпалiся на Гулiвера.
Адзiн з iх стукнуў яго па спiне, збiў з ног, i ён расцягнуўся на траве, закрываючы галаву рукамi. А карлiк зарагатаў i пабег у глыбiню саду.
Жаласны крык Гулiвера i злосны рогат карлiка пачула Глюмдальклiч. Яна спалохана кiнулася да Гулiвера, падняла яго i занесла дамоў.
На гэты раз Гулiвер некалькi дзён праляжаў у пасцелi - так моцна ён быў пабiты цяжкiмi яблыкамi, што раслi на карлiкавых яблынях у краiне велiканаў. Калi ён нарэшце падняўся на ногi, выявiлася, што карлiка ў палацы больш няма.
Глюмдальклiч расказала аб ўсiм каралеве, i каралева так раззлавалася на яго, што не захацела яго больш бачыць i падарыла адной знатнай даме.
9
Кароль i каралева часта падарожнiчалi па сваёй краiне, i Гулiвер звычайна суправаджаў iх.