Выбрать главу

Гулiвер усю ноч праседзеў перад сваiм замкам - гнуў з жалезных пруткоў кручкi i плёў вяроўкi - па тузiну разам. Да ранiцы ў яго было пяцьдзесят моцных канатаў з пяццюдзесяццю кручкамi на канцах.

Перакiнуўшы канаты цераз плячо, Гулiвер пайшоў на бераг. Ён зняў кафтан, чаравiкi, шкарпэткi i ступiў у ваду. Спачатку ён iшоў уброд, на сярэдзiне пралiва паплыў, потым зноў пайшоў уброд.

Менш чым праз паўгадзiны Гулiвер дабраўся да блефускуанскага флоту.

- Плывучая выспа! Плывучая выспа! - закрычалi матросы, убачыўшы ў вадзе велiзарныя плечы i галаву Гулiвера.

Ён працягнуў да iх рукi, i матросы, не памятаючы сябе ад страху, пачалi скакаць з бартоў у мора. Як жабкi, плюхалiся яны ў ваду i плылi да свайго берага.

Гулiвер зняў з пляча вязку канатаў, зачапiў усе насы баявых караблёў кручкамi, а канцы канатаў звязаў у адзiн вузел.

Толькi цяпер блефускуанцы зразумелi, што Гулiвер хоча забраць iх флот.

Трыццаць тысяч салдат разам нацягнулi свае лукi i пусцiлi ў Гулiвера трыццаць тысяч стрэл. Больш за дзвесце з iх трапiла яму ў твар.

Кепска давялося б Гулiверу, калi б у яго ў патайной кiшэнi не было акуляраў. Ён хуценька надзеў iх i закрыў ад стрэл вочы.

Стрэлы стукалi аб шкло акуляраў, упiвалiся яму ў шчокi, лоб, у падбародак, але Гулiверу было не да гэтага. Ён з усяе сiлы тузаў за канаты, упiраўся ў дно нагамi, а блефускуанскiя караблi не краналiся з месца.

Нарэшце Гулiвер зразумеў, у чым справа. Ён дастаў з кiшэнi нож i па чарзе перарэзаў якарныя канаты, якiя трымалi караблi на прычале.

Калi апошнi канат быў перарэзаны, караблi загайдалiся на вадзе i ўсе, як адзiн, паплылi за Гулiверам да берагоў Лiлiпуцii.

Усё далей адыходзiў Гулiвер, i ўслед за iм плылi блефускуанскiя караблi i блефўскуанская слава.

15

Iмператар Лiлiпуцii i ўсе яго прыдворныя стаялi на беразе i глядзелi ў той бок, куды паплыў Гулiвер.

I тут яны ўбачылi ўдалечынi караiблi, якiя рухалiся да Лiлiпуцii шырокiм паўмесяцам. Самога Гулiвера яны не маглi разгледзець, бо ён да вушэй быў у вадзе.

Лiлiпуты не чакалi прыходу непрыяцельскага флоту. Яны былi ўпэўнены, што Чалавек-Гара знiшчыць яго раней, чым караблi здымуцца з якараў. А мiж тым флот у поўным баявым парадку накiроўваўся да сцен Мiльдэнда.

Iмператар загадаў трубiць збор усiх войск.

Гулiвер здалёк пачуў гукi труб. Ён узняў вышэй канцы канатаў, якiя трымаў у руцэ, i моцна закрычаў:

- Няхай жыве магутны iмператар Лiлiпуцii!

На беразе стала цiха - так цiха, быццам усе лiлiпуты анямелi ад здзiўлення i радасцi.

Гулiвер чуў толькi цурчанне вады ды лёгкi шум спадарожнага ветру, якi надзiмаў ветразi блефускуанскiх караблёў.

I раптам тысячы шапак, каўпачкоў i капелюшоў разам узляцелi над набярэжнай Мiльдэнда.

- Няхай жыве Куiнбус Флестрын! Няхай жыве наш слаўны збавiцель! закрычалi лiлiпуты.

Як толькi Гулiвер выйшаў на сушу, iмператар загадаў узнагародзiць яго трыма каляровымi нiткамi - сiняй, чырвонай i зялёнай - i падараваў яму тытул "нардака" - самы высокi ва ўсёй iмперыi.

Гэта была нечуваная ўзнагарода. Прыдворныя кiнулiся вiншаваць Гулiвера.

Толькi адмiрал Скайрэш Балгалам, у якога была ўсяго адна нiтка - зялёная, адышоў убок i не сказаў Гулiверу нi слова.

Гулiвер пакланiўся iмператару i надзеў усе каляровыя нiткi на сярэднi палец: падперазацца iмi, як гэта рабiлi лiлiпуцкiя мiнiстры, ён не мог.

У гэты дзень у палацы ў гонар Гулiвера было наладжана вялiкае свята. Усе танцавалi ў залах, а Гулiвер ляжаў на двары i, абапёршыся на локаць, глядзеў у акно.

16

Пасля свята iмператар выйшаў да Гулiвера i аб'явiў яму новую найвышэйшую мiласць. Ён даручае Чалавеку-Гары, нардаку лiлiпуцкай iмперыi, сплаваць яшчэ раз у Блефуску i прывесцi адтуль усе караблi, якiя засталiся ў непрыяцеля транспартныя, гандлёвыя i рыбалоўныя.

- Дзяржава Блефуску, - сказаў ён, - жыла да гэтага часу рыбалоўствам i гандлем. Калi забраць у яе флот, яна павiнна будзе назаўсёды скарыцца Лiлiпуцii, выдаць iмператару ўсiх тупаканечнiкаў i прызнаць свяшчэнны закон, якi гаворыць: "Разбiвай яйкi з вострага канца".

Гулiвер асцярожна адказаў iмператару, што ён заўсёды рады служыць яго лiлiпуцкай вялiкасцi, але павiнен адмовiцца ад мiласцiвага даручэння. Ён сам нядаўна адчуў, якiя цяжкiя яны, ланцугi няволi, i таму не можа зрабiць рабамi цэлы народ.

Iмператар нiчога не сказаў i пайшоў у палац.

А Гулiвер зразумеў, што з гэтай мiнуты ён назаўсёды страцiў яго мiласць: уладар, якi марыць заваяваць свет, нiколi не даруе тым, хто асмельваецца стаць яму ўпопёрак дарогi.

I сапраўды, пасля гэтай размовы Гулiвера пачалi радзей запрашаць у палац. Ён хадзiў адзiн вакол замка, i прыдворныя карэты больш не спынялiся ля яго парога.

Толькi аднойчы пышная працэсiя выйшла з варот сталiцы i накiравалася да жылля Гулiвера. Гэта было блефускуанскае пасольства, якое прыбыло да iмператара Лiлiпуцii для заключэння мiру.

Вось ужо некалькi дзён, як гэта пасольства, якое складалася з шасцi пасланнiкаў i пяцiсот чалавек свiты, знаходзiлася ў Мiльдэнда. Яны спрачалiся з лiлiпуцкiмi мiнiстрамi аб тым, колькi золата, жывёлы i хлеба павiнен аддаць iмператар Блефуску за вяртанне хоць бы паловы флоту, якi прывёў Гулiвер.

Мiр памiж дзвюма дзяржавамi быў заключаны на ўмовах, вельмi выгадных для Лiлiпуцii i вельмi нявыгадных для дзяржавы Блефуску. Дарэчы, блефускуанцам было б яшчэ горш, калi б за iх не заступiўся Гулiвер.

Гэта заступнiцтва канчаткова пазбавiла яго прыхiльнасцi iмператара i ўсяго лiлiпуцкага двара.

Хтосьцi расказаў аднаму з пасланнiкаў, чаму разгневаўся iмператар на Чалавека-Гару. Тады паслы вырашылi наведаць Гулiвера ў яго замку i запрасiць да сябе на выспу.

Iм было цiкава паглядзець зблiзку на Куiнбуса Флестрына, пра якога яны шмат чулi ад блефускуанскiх маракоў i лiлiпуцкiх мiнiстраў.

Гулiвер добразычлiва прыняў чужаземных гасцей, абяцаў пабываць у iх на радзiме, а на развiтанне патрымаў усiх паслоў разам з iх коньмi ў сябе на далонях i паказаў iм горад Мiльдэнда з вышынi свайго росту.

17

Вечарам, калi Гулiвер ужо сабраўся класцiся спаць, у дзверы яго замка цiхенька пастукалi.

Гулiвер выглянуў за парог i ўбачыў перад сваiмi дзвярыма двух людзей, якiя трымалi на плячах крытыя насiлкi.

На насiлках у аксамiтным крэсле сядзеў чалавечак. Твару яго не было вiдаць, таму што чалавечак захутаўся ў плашч i насунуў на лоб капялюш.

Убачыўшы Гулiвера, чалавечак адправiў сваiх слуг у горад i загадаў iм вярнуцца апоўначы.

Калi слугi пайшлi, начны госць сказаў Гулiверу, што хоча адкрыць яму вельмi важную тайну.

Гулiвер падняў насiлкi з зямлi, схаваў iх разам з госцем у кiшэню свайго кафтана i вярнуўся да сябе ў замак.

Там ён шчыльна зачынiў дзверы i паставiў насiлкi на стол.

Толькi тады госць адхiнуў свой плашч i зняў капялюш. Гулiвер пазнаў аднаго з прыдворных, якога ён нядаўна выручыў з бяды.

Яшчэ ў той час, калi Гулiвер бываў пры двары, ён выпадкова даведаўся, што гэтага прыдворнага лiчаць тайным тупаканечнiкам. Гулiвер заступiўся за яго i даказаў iмператару, што на яго нагаварылi ворагi.

Цяпер прыдворны з'явiўся да Гулiвера, каб, у сваю чаргу, аддзячыць Куiнбасу Флестрыну.

- Толькi што, - сказаў ён, - на тайнай нарадзе быў вырашаны ваш лёс. Адмiрал далажыў iмператару, што вы прымалi ў сябе паслоў варожай краiны i паказвалi iм з далонi нашу сталiцу. Усе мiнiстры патрабавалi вашай смерцi. Адны прапаноўвалi падпалiць ваш дом, акружыўшы яго дваццацiтысячнай армiяй; другiя - атруцiць вас, намачыўшы ядам ваша адзенне i кашулю; трэцiя - замарыць голадам. I толькi дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель раiў пакiнуць вас жывым, але выкалаць вочы. Ён гаварыў, што страта вачэй не адбярэ ў вас сiлу i нават дадасць храбрасцi, бо чалавек, якi не бачыць небяспекi, не баiцца нiчога на свеце. У рэшце рэшт наш лiтасцiвы iмператар пагадзiўся з Рэльдрэселем i загадаў заўтра ж асляпiць вас востра адточанымi стрэламi. Калi можаце, ратуйцеся, а я павiнен зараз жа пайсцi ад вас гэтак жа тайна, як i прыбыў сюды.

Гулiвер цiхенька вынес свайго госця за дзверы, дзе яго ўжо чакалi слугi, а сам, не доўга думаючы, пачаў рыхтавацца да ўцёкаў.