Выбрать главу

Гэта заступніцтва канчаткова пазбавіла яго прыхільнасці імператара і ўсяго ліліпуцкага двара.

Хтосьці расказаў аднаму з пасланнікаў, чаму разгневаўся імператар на Чалавека-Гару. Тады паслы вырашылі наведаць Гулівера ў яго замку і запрасіць да сябе на выспу.

Ім было цікава паглядзець зблізку на Куінбуса Флестрына, пра якога яны шмат чулі ад блефускуанскіх маракоў і ліліпуцкіх міністраў.

Гулівер добразычліва прыняў чужаземных гасцей, абяцаў пабываць у іх на радзіме, а на развітанне патрымаў усіх паслоў разам з іх коньмі ў сябе на далонях і паказаў ім горад Мільдэнда з вышыні свайго росту.

17

Вечарам, калі Гулівер ужо сабраўся класціся спаць, у дзверы яго замка ціхенька пастукалі.

Гулівер выглянуў за парог і ўбачыў перад сваімі дзвярыма двух людзей, якія трымалі на плячах крытыя насілкі.

На насілках у аксамітным крэсле сядзеў чалавечак. Твару яго не было відаць, таму што чалавечак захутаўся ў плашч і насунуў на лоб капялюш.

Убачыўшы Гулівера, чалавечак адправіў сваіх слуг у горад і загадаў ім вярнуцца апоўначы.

Калі слугі пайшлі, начны госць сказаў Гуліверу, што хоча адкрыць яму вельмі важную тайну.

Гулівер падняў насілкі з зямлі, схаваў іх разам з госцем у кішэню свайго кафтана і вярнуўся да сябе ў замак.

Там ён шчыльна зачыніў дзверы і паставіў насілкі на стол.

Толькі тады госць адхінуў свой плашч і зняў капялюш. Гулівер пазнаў аднаго з прыдворных, якога ён нядаўна выручыў з бяды.

Яшчэ ў той час, калі Гулівер бываў пры двары, ён выпадкова даведаўся, што гэтага прыдворнага лічаць тайным тупаканечнікам. Гулівер заступіўся за яго і даказаў імператару, што на яго нагаварылі ворагі.

Цяпер прыдворны з'явіўся да Гулівера, каб, у сваю чаргу, аддзячыць Куінбасу Флестрыну.

— Толькі што, — сказаў ён, — на тайнай нарадзе быў вырашаны ваш лёс. Адмірал далажыў імператару, што вы прымалі ў сябе паслоў варожай краіны і паказвалі ім з далоні нашу сталіцу. Усе міністры патрабавалі вашай смерці. Адны прапаноўвалі падпаліць ваш дом, акружыўшы яго дваццацітысячнай арміяй; другія — атруціць вас, намачыўшы ядам ваша адзенне і кашулю; трэція — замарыць голадам. І толькі дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель раіў пакінуць вас жывым, але выкалаць вочы. Ён гаварыў, што страта вачэй не адбярэ ў вас сілу і нават дадасць храбрасці, бо чалавек, які не бачыць небяспекі, не баіцца нічога на свеце. У рэшце рэшт наш літасцівы імператар пагадзіўся з Рэльдрэселем і загадаў заўтра ж асляпіць вас востра адточанымі стрэламі. Калі можаце, ратуйцеся, а я павінен зараз жа пайсці ад вас гэтак жа тайна, як і прыбыў сюды.

Гулівер ціхенька вынес свайго госця за дзверы, дзе яго ўжо чакалі слугі, а сам, не доўга думаючы, пачаў рыхтавацца да ўцёкаў.

18

З коўдрай пад пахай Гулівер выйшаў на бераг. Асцярожна прабраўся ён у гавань, дзе стаяў на якары ліліпуцкі флот. У гавані не было ні душы. Гулівер выбраў самы вялікі з усіх караблёў, прывязаў да яго носа вяроўку, паклаў у яго свой кафтан, коўдру і чаравікі, потым падняў якар і пацягнуў карабель за сабою ў мора. Ціха, стараючыся не плюхаць, дайшоў ён да сярэдзіны праліва, а далей паплыў.

Плыў ён у той самы бок, адкуль прывёў нядаўна ваенныя караблі.

Вось нарэшце і блефускуанскі бераг!

Гулівер увёў у бухту свой карабель і выйшаў на бераг. Вакол было ціха, маленькія вежы блішчалі пры святле месяца. Увесь горад яшчэ спаў, і Гулівер не захацеў будзіць жыхароў. Ён лёг ля гарадской сцяны, закруціўся ў коўдру і заснуў.

Раніцой Гулівер пастукаў у гарадскія вароты і папрасіў начальніка варты паведаміць імператару аб тым, што ў яго ўладанні прыбыў Чалавек-Гара. Начальнік варты далажыў аб гэтым дзяржаўнаму сакратару, а той — імператару. Імператар Блефуску з усім сваім дваром зараз жа выехаў насустрач Гуліверу. Ля варот усе мужчыны саскочылі з коней, а імператрыца і яе дамы выйшлі з карэты.

Гулівер лёг на зямлю, каб прывітаць блефускуанскі двор. Ён папрасіў дазволу агледзець выспу, але нічога не сказаў аб тым, што ўцёк з Ліліпуціі. Імператар і яго міністры вырашылі, што Чалавек-Гара проста прыехаў да іх у госці, паколькі яго запрасілі паслы.

У гонар Гулівера было наладжана ў палацы вялікае свята. Для яго зарэзалі шмат тлустых быкоў і бараноў, а калі зноў настала ноч, Гулівера пакінулі пад адкрытым небам, бо ў Блефуску не знайшлося для яго адпаведнага памяшкання.