Гулівер ад усяго сэрца падзякаваў імператару, завязаў абодва падарункі ў ражок сваёй насоўкі і, памахаўшы капелюшом усім жыхарам блефускуанскай сталіцы, пайшоў на бераг.
Там ён пагрузіў у лодку сотню валовых і трыста бараніх тушаў, вяленых і вэнджаных, дзвесце мяшкоў сухароў і столькі смажанага мяса, колькі паспелі прыгатаваць за тры дні чатырыста павароў.
Акрамя таго, ён узяў з сабою шэсць жывых кароў і столькі ж авечак з баранамі.
Яму вельмі хацелася развесці такіх танкарунных авечак у сябе на радзіме.
Каб карміць у дарозе свой статак, Гулівер паклаў у лодку вялікі ахапак сена і мяшок збожжа.
24 верасня 1701 года, у шэсць гадзін раніцы, карабельны доктар Лемюэль Гулівер, празваны ў Ліліпуціі Чалавекам-Гарой, узняў ветразь і пакінуў выспу Блефуску.
20
Свежы вецер надзьмуў ветразь і пагнаў лодку.
Калі Гулівер азірнуўся, каб апошні раз глянуць на нізкія берагі блефускуанскай выспы, ён нічога не ўбачыў, акрамя вады і неба.
Выспа знікла, быццам яе ніколі і не было.
Пад вечар Гулівер даплыў да маленькага скалістага астраўка, на якім жылі адны смаўжы.
Гэта былі самыя звычайныя смаўжы, якіх Гулівер тысячу разоў бачыў у сябе на радзіме.
Ліліпуцкія і блефускуанскія гусі былі трошкі меншыя за гэтых смаўжоў.
Тут, на астраўку, Гулівер павячэраў, пераначаваў і раніцой рушыў далей, узяўшы па сваім кішэнным компасе курс на паўночны ўсход. Ён спадзяваўся знайсці там населеныя астравы ці сустрэць карабель.
Але мінуў дзень, а Гулівер па-ранейшаму быў адзін у пустынным моры.
Вецер то надзімаў ветразь яго лодкі, то зусім сціхаў. Калі ветразь абвісаў і матляўся на мачце, як ануча, Гулівер браўся за вёслы. Але цяжка было грэбці маленькімі, нязручнымі вёсламі.
Гулівер хутка выбіўся з сілы. Ён пачаў ужо думаць, што яму ніколі болей не ўбачыць радзімы і сапраўдных людзей.
І раптам на трэці дзень каля пяці гадзін дня ён заўважыў удалечыні ветразь, які рухаўся, перасякаючы яму шлях.
Гулівер пачаў крычаць, але адказу не было — яго не чулі.
Карабель ішоў міма.
Гулівер налёг на вёслы. Але адлегласць паміж лодкай і караблём не змяншалася. На караблі былі вялікія ветразі, а ў Гулівера — ветразь з малюсенькіх кавалачкаў і самаробныя вёслы.
Бедны Гулівер ужо страціў усякую надзею дагнаць карабель. Але тут, на яго шчасце, вецер нечакана сціх, і карабель перастаў уцякаць ад лодкі.
Не спускаючы вачэй з карабля, Гулівер гроб сваімі маленькімі вёсламі. Лодка рухалася ўперад і ўперад — але ў сто разоў марудней, чым хацелася Гуліверу.
І раптам на мачце карабля ўзняўся флаг. Грымнуў гарматны стрэл. Лодку заўважылі.
26 верасня, а шостай гадзіне вечара, Гулівер падняўся на борт карабля, сапраўднага, вялікага карабля, на якім плавалі людзі — такія ж, як сам Гулівер.
Гэта было ангельскае гандлёвае судна, якое вярталася з Японіі. Капітан яго, Джон Бідль з Дэптфорда, быў мілы чалавек і цудоўны марак. Ён ветліва сустрэў Гулівера і адвёў яму зручную каюту.
Калі Гулівер адпачыў, капітан папрасіў яго расказаць, дзе ён быў і куды накіроўваецца..
Гулівер коратка расказаў яму пра свае прыгоды.
Капітан толькі паглядзеў на яго і паківаў галавой. Гулівер зразумеў, што капітан не верыць яму і лічыць яго чалавекам, які страціў розум.
Тады Гулівер, ні слова не гаворачы, дастаў са сваіх кішэняў адну за другой ліліпуцкіх кароў і авечак і паставіў іх на стол. Каровы і авечкі разбрыліся па стале, як па лужку.
Капітан доўга не мог апамятацца ад здзіўлення.
Цяпер толькі ён паверыў, што Гулівер расказаў яму чыстую праўду.
— Гэта самая цудоўная гісторыя на свеце! — усклікнуў капітан.
21
Усё астатняе падарожжа Гулівера ішло шчасліва, калі не лічыць толькі адной няўдачы: карабельныя пацукі ўкралі ў яго авечку з блефускуанскага статка. У шчыліне сваёй каюты Гулівер знайшоў яе абгрызеныя костачкі.
Усе астатнія авечкі і каровы былі жывыя. Яны добра перанеслі доўгае плаванне. У дарозе Гулівер карміў іх сухарамі, якія пераціраў у парашок і размочваў у вадзе. Збожжа і сена ім хапіла толькі на тыдзень.
Карабель ішоў да берагоў Ангельшчыны на ўсіх ветразях.
13 красавіка 1702 года Гулівер сышоў па трапе на родны бераг і неўзабаве абняў сваю жонку, дачку Бэці і сына Джоні.
Так шчасліва закончыліся цудоўныя прыгоды карабельнага доктара Гулівера ў краіне ліліпутаў і на выспе Блефуску.
Падарожжа ў Брабдынгнег
1
Гулівер пражыў дома нядоўга.