Выбрать главу

Па даўняй звычцы вопытнага падарожніка Гулівер нават у час самых цяжкіх пераездаў не траціў часу марна. Ён старанна вучыўся ў сваёй Глюмдалькліч, запамінаў новыя словы і з кожным днём усё лепш і лепш гаварыў па-брабдынгнежску.

Глюмдалькліч заўсёды вазіла з сабой маленькую кішэнную кніжачку, крышку большую за геаграфічны атлас. Гэта былі правілы паводзін выхаваных дзяўчынак. Яна паказвала Гуліверу літары, і ён па гэтай кнізе хутка навучыўся бегла чытаць.

Даведаўшыся аб яго поспехах, гаспадар пачаў прымушаць Гулівера чытаць уголас розныя кніжкі ў час прадстаўлення. Гэта вельмі пацяшала гледачоў, і яны цэлымі натоўпамі збягаліся паглядзець на пісьменнага звярка.

Гаспадар паказваў Гулівера ў кожным горадзе і ў кожнай вёсцы. Часам ён збочваў з дарогі і заязджаў у замак якога-небудзь знатнага вяльможы. Чым больш прадстаўленняў давалі яны ў дарозе, тым больш таўсцеў кашалёк гаспадара і тым худзейшы рабіўся бедны Гулівер.

Калі нарэшце іхняе падарожжа скончылася і яны прыехалі ў сталіцу, Гулівер ледзь трымаўся на нагах.

Але гаспадар і думаць не хацеў пра нейкую там перадышку. Ён наняў у гатэлі вялікую залу, загадаў паставіць у ёй стол, агароджаны парэнчамі, каб Гулівер як-небудзь выпадкова не зваліўся на падлогу, і па ўсім горадзе расклеіў афішы, дзе чорным па белым было напісана: «Хто не бачыў вучонага Грыльдрыга, той не бачыў нічога!»

Прадстаўленні пачаліся. Іншы раз Гуліверу даводзілася паказвацца публіцы па дзесяць разоў на дзень.

Ён адчуваў, што доўга гэтага не вытрымае. І вельмі часта, маршыруючы па стале са сваёй саломінкай у руках, ён думаў пра тое, як гэта сумна скончыць свой век вось тут, на гэтым стале з парэнчамі, пад рогат вясёлай публікі.

Але якраз тады, калі Гуліверу здавалася, што няма на свеце больш няшчаснага чалавека, чым ён, лёс яго раптам павярнуўся да лепшага.

Аднойчы раніцой у гатэль з'явіўся адзін з ад'ютантаў караля і запатрабаваў, каб Гулівера неадкладна прывезлі ў палац.

Атрымалася так, што напярэдадні дзве прыдворныя дамы бачылі вучонага Грыльдрыга і столькі нарасказвалі пра яго каралеве, што тая захацела абавязкова паглядзець на яго сама і паказаць сваім дочкам.

Глюмдалькліч надзела сваю самую лепшую святочную сукенку, сама памыла і прычасала Гулівера і панесла яго ў палац. Прадстаўленне ў гэты дзень удалося Гуліверу як ніколі. Ніколі яшчэ ён не валодаў шпагай і саломінкай так спрытна, ніколі не маршыраваў так добра і весела. Каралева была ў захапленні. Яна міласціва працягнула Гуліверу свой мезены палец, і Гулівер, далікатна абхапіўшы яго абедзвюма рукамі, пацалаваў у пазногаць. Пазногаць у каралевы быў гладкі, адпаліраваны, і, цалуючы яго, Гулівер убачыў у ім свой твар, быццам у авальным люстэрку. Толькі цяпер ён заўважыў, што за апошні час вельмі змяніўся — пабляднеў, схуднеў, на скронях у яго з'явіліся першыя сівыя валасы.

Каралева задала Гуліверу некалькі пытанняў. Яна хацела ведаць, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў, як і калі трапіў у Брабдынгнег. Гулівер адказваў на ўсе пытанні дакладна, коратка, ветліва і так моцна, як толькі мог.

Тады каралева спытала ў Гулівера, ці не хоча ён застацца ў яе, у палацы. Гулівер адказаў, што для яго будзе вялікім шчасцем служыць такой прыгожай, міласцівай і мудрай каралеве, калі толькі яго гаспадар згодзіцца адпусціць яго на волю.

— Ён згодзіцца! — сказала каралева і зрабіла нейкі знак прыдворнай даме.

Праз некалькі хвілін гаспадар Гулівера стаяў перад каралевай.

— Я бяру сабе гэтага чалавечка, — сказала каралева. — Колькі ты хочаш атрымаць за яго?

Гаспадар задумаўся. Паказваць Гулівера было вельмі выгадна. Але ці доўга яшчэ можна будзе паказваць яго? З кожным днём ён усё больш худнее, растае, як ільдзінка на сонцы, і, здаецца, скора яго зусім не стане.

— Тысячу залатых! — сказаў ён.

Каралева загадала даць яму тысячу залатых, а потым зноў павярнулася да Гулівера.

— Ну вось, — сказала яна, — цяпер ты наш, Грыльдрыг.

Гулівер прыціснуў рукі да сэрца.

— Нізкі паклон вам, ваша вялікасць, — сказаў ён, — але, калі міласць ваша роўная вашай прыгажосці, я асмелюся прасіць маю ўладарку не разлучаць мяне з маёй дарагой Глюмдалькліч, маёй нянечкай і настаўніцай.

— Вельмі добра, — сказала каралева. — Яна застанецца пры двары. Тут яе будуць вучыць і добра даглядаць, а яна будзе вучыць і даглядаць цябе.

Глюмдалькліч як не падскочыла ад радасці. Гаспадар таксама быў вельмі задаволены. Ён ніколі і не марыў уладкаваць дачку пры каралеўскім двары.

Схаваўшы грошы ў дарожны мяшок, ён нізка пакланіўся каралеве, а Гуліверу пажадаў удачы на новай службе.