Выбрать главу

Імператар загадаў прывезці яго ў сталіцу. Для гэтага Гуліверу і падсыпалі соннага парашку.

Пяцьсот цесляроў па загаду імператара змайстравалі велізарныя калёсы на дваццаці двух колах.

Калёсы былі гатовы за некалькі гадзін, але ўзваліць на іх Гулівера было не так проста.

І вось што выдумалі для гэтага ліліпуцкія інжынеры.

Яны паставілі калёсы побач з веліканам, ля самага яго боку. Потым убілі ў зямлю восемдзесят слупкоў з блокамі наверсе і накінулі на гэтыя блокі тоўстыя канаты з кручкамі на канцах. Канаты былі таўшчынёй са звычайную аборку.

Калі ўсё было гатова, ліліпуты ўзяліся за работу. Яны абкруцілі тулава, абедзве нагі і абедзве рукі Гулівера моцнымі павязкамі і, падчапіўшы гэтыя павязкі кручкамі, пачалі цягнуць за канаты.

Дзевяцьсот самых дужых асілкаў былі сабраны для гэтай работы з усіх канцоў Ліліпуціі.

Яны ўпіраліся ў зямлю нагамі і, абліваючыся потам, з усяе сілы цягнулі за канаты.

Праз гадзіну ім удалося падняць Гулівера з зямлі на паўпальца, праз дзве — на палец, а праз тры — яны ўзвалілі яго на калёсы.

Паўтары тысячы самых вялікіх коней з прыдворных канюшань, кожны ростам з толькі што народжанае кацяня, былі запрэжаны ў калёсы па дзесяць у рад. Фурманы размахнуліся пугамі, і калёсы паволі паехалі па дарозе ў галоўны горад Ліліпуціі — Мільдэнда.

Гулівер усё яшчэ спаў. Ён, напэўна, не прачнуўся б да канца дарогі, калі б яго выпадкова не разбудзіў адзін з афіцэраў імператарскай гвардыі.

Здарылася гэта так. З калёсаў зляцела кола. Каб уздзець яго, давялося спыніцца.

У час гэтага прыпынку некалькі маладых людзей захацелі паглядзець, які твар у Гулівера, калі ён спіць. Двое ўзлезлі на калёсы і ціхенька падкраліся да самага яго твару. А трэці — гвардзейскі афіцэр, — не злазячы з каня, прыўстаў на страмёнах і паказытаў у левай наздрыне вастрыём сваёй пікі.

Гулівер міжвольна зморшчыў нос і моцна чхнуў.

— Апчхі! — паўтарыла рэха.

Смельчакоў быццам вецер здзьмухнуў.

А Гулівер прачнуўся, пачуў, як шлёгаюць пугамі паганятыя, і зразумеў, што яго некуды вязуць.

Цэлы дзень узмыленыя коні цягнулі звязанага Гулівера па дарогах Ліліпуціі.

Толькі позна ўвечары калёсы спыніліся, і коней выпраглі, каб накарміць і напаіць.

Усю ноч ля калёсаў стаяла на варце тысяча гвардзейцаў: пяцьсот — з факеламі, пяцьсот — з лукамі напагатове.

Стралкам было загадана выпусціць у Гулівера пяцьсот стрэл, хай толькі ён надумае паварушыцца.

Калі настала раніца, калёсы рушылі далей.

5

Непадалёк ад гарадскіх варот на плошчы стаяў старадаўні замак з дзвюма вуглавымі вежамі. У замку даўно ніхто не жыў.

Да гэтага пустога замка ліліпуты і прывезлі Гулівера.

Гэта быў самы вялізны будынак ва ўсёй Ліліпуціі. Вежы яго былі вышынёй у чалавечы рост. Нават такі велікан, як Гулівер, мог свабодна прапаўзці ў яго дзверы, а ў параднай зале ён, напэўна, змог бы выпрастацца ва ўвесь свой рост.

Вось тут і сабраўся пасяліць Гулівера імператар Ліліпуціі.

Але Гулівер гэтага яшчэ не ведаў. Ён ляжаў на сваіх калёсах, а з усіх бакоў да яго беглі натоўпы ліліпутаў.

Конная варта адганяла цікаўных, але ўсё-такі тысяч дзесяць чалавечкаў паспелі пагуляць па Гуліверавых нагах, па яго грудзях, плячах і каленях, пакуль ён ляжаў звязаны.

Нешта стукнула Гулівера па назе. Гулівер крышку прыўзняў галаву і ўбачыў некалькіх ліліпутаў з закасанымі рукавамі і ў чорных фартухах. Малюсенькія малаточкі блішчалі ў іх руках. Гэта прыдворныя кавалі закоўвалі Гулівера ў ланцугі.

Ад сцяны замка да яго нагі яны працягнулі дзевяноста адзін ланцужок такой таўшчыні, як звычайна робяць для гадзіннікаў, і замкнулі іх у яго вышэй костачак трыццаццю шасцю вісячымі замкамі. Ланцужкі былі такія доўгія, што Гулівер мог гуляць па пляцоўцы перад замкам і свабодна запаўзаць у свой дом.

Кавалі скончылі работу і адышліся. Варта перасекла вяроўкі, і Гулівер стаў на ногі.

— А-ах, — закрычалі ліліпуты, — Куінбус Флестрын! Куінбус Флестрын!

Па-ліліпуцку гэта азначала: «Чалавек-Гара! Чалавек-Гара!»

Гулівер асцярожна пераступіў з нагі на нагу, каб не раздушыць каго-небудзь з мясцовых жыхароў, і азірнуўся вакол.

Ніколі яшчэ яму не даводзілася бачыць такой прыгожай краіны. Сады і лугі тут былі падобны на стракатыя клумбы кветак. Рэкі беглі хуткімі чыстымі ручайкамі, а горад здалёк здаваўся цацачным.

Гулівер глядзеў так доўга, што не заўважыў, як вакол яго сабралася амаль усё насельніцтва сталіцы.

Ліліпуты круціліся ля яго ног, мацалі спражкі чаравікаў і так задзіралі галовы, што капелюшы падалі на зямлю.