Другі раз у час прагулкі Гулівер залез на вяршыню нейкага пагорка і раптам праваліўся ў нару, выкапаную кротам.
Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такі вылез сам, без чужой дапамогі, і ні словам ніводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.
Трэці раз ён вярнуўся да Глюмдалькліч накульгваючы і сказаў, што вывіхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы і ўспамінаючы сваю мілую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавіну смаўжа і ледзь не зламаў сабе нагу.
Дзіўнае пачуццё валодала Гуліверам у час такіх адзінокіх прагулак: яму было і добра, і жудасна, і сумна.
Нават самыя маленькія птушачкі зусім не баяліся яго: яны спакойна рабілі сваю справу — скакалі, мітусіліся, шукалі чарвякоў і казявак, як быццам Гулівера і не было каля іх.
А то неяк адзін смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга і выхапіў у яго з рук кавалак пірага, які Глюмдалькліч дала яму на снеданне.
Калі Гулівер спрабаваў злавіць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго і старалася дзеўбануць у галаву ці ў працягнутыя рукі. Гулівер мімаволі адскокваў.
Але неяк ён усё-такі злаўчыўся, запусціў тоўстую дубіну ў адну непаваротлівую канаплянку, і тая ўпала як нежывая. Гулівер схапіў яе аберуч за шыю і ўрачыста пацягнуў да нянечкі, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.
І раптам птушка ажыла.
Аказалася, яна не была забіта, а толькі аглушана моцным ударам палкі.
Канаплянка пачала крычаць і вырывацца. Яна біла Гулівера крыламі па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулівер трымаў яе на выцягнутых руках.
Ён ужо адчуваў, як рукі яго слабеюць і канаплянка вось-вось вырвецца і паляціць.
Але тут падаспеў адзін з каралеўскіх слуг. Ён адкруціў раз'юшанай канаплянцы галаву і занёс паляўнічага разам са здабычай да пані Глюмдалькліч.
На другі дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылі і падалі Гуліверу на абед.
Птушка была крыху большая, чым лебедзі, якіх ён бачыў у сябе на радзіме, і мяса яе было цвердаватае.
11
Гулівер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскія падарожжы.
Каралева слухала яго вельмі ўважліва і аднойчы спытала, ці ўмее ён абыходзіцца з ветразямі і вёсламі.
— Я карабельны доктар, — адказаў Гулівер, — і ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.
— А ці не хочаш ты, мой мілы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмі карысна для твайго здароўя, — сказала каралева.
Гулівер толькі ўсміхнуўся. Самыя маленькія лодачкі ў Брабдынгнегу былі куды большыя і цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблі яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго і думаць справіцца з такой лодкай.
— А калі я закажу для цябе цацачны караблік? — спытала каралева.
— Баюся, ваша вялікасць, што яго чакае лёс усіх цацачных караблікаў: марскія хвалі перавернуць і панясуць яго, як арэхавую шкарлупіну.
— Я закажу для цябе і караблік і мора, — сказала каралева.
Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабіў па малюнку і ўказаннях Гулівера прыгожую і трывалую лодачку з усімі снасцямі.
У гэтай лодачцы маглі б размясціцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.
Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцілі ў балею з вадой, але ў балеі было цесна, Гулівер не мог нават паварушыць вяслом.
— Не бядуй, Грыльдрыг, — сказала каралева, — хутка будзе гатова тваё мора.
І сапраўды, праз некалькі дзён мора было гатова.
Па загаду каралевы цясляр зрабіў вялікія драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят і глыбінёю больш сажня.
Ночвы добра прасмалілі і паставілі ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры дні ваду з іх вылівалі, і двое слуг за паўгадзіны напаўнялі іх свежай вадой.
Па гэтым цацачным моры Гулівер часта катаўся на сваёй лодцы.
Каралева і прынцэсы вельмі любілі глядзець, як спрытна працуе ён вёсламі.
Часам Гулівер ставіў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваімі веерамі, то наганялі спадарожны вецер, то ўздымалі цэлую буру.
Калі яны стамляліся, на ветразь пачыналі дзьмуць пажы, і Гуліверу не так проста было справіцца з такім моцным ветрам.
Пасля катання Глюмдалькліч несла лодку да сябе ў пакой і вешала на цвік, каб яна прасохла.
А аднойчы Гулівер ледзь не ўтапіўся ў сваіх ночвах. Вось як гэта здарылася.
Старая прыдворная дама, настаўніца Глюмдалькліч, узяла Гулівера двума пальцамі і хацела пасадзіць у лодку.
Але ў гэту хвіліну нехта паклікаў яе. Яна азірнулася, адпусціла пальцы, і Гулівер выслізнуў з рукі.