Выбрать главу

5. У правай верхняй кішэні камізэлькі ляжыць цэлы стос прамавугольных, зусім аднолькавых лістоў, зробленых з нейкага невядомага нам белага і гладкага матэрыялу. Увесь гэты стос — вышынёй з палову чалавечага росту і таўшчынёй у тры абхваты — прашыты тоўстымі вяроўкамі. Мы ўважліва агледзелі некалькі верхніх лістоў і заўважылі на іх рады чорных таямнічых знакаў. Мы мяркуем, што гэта літары невядомай нам азбукі. Кожная літара велічынёй з нашу далонь.

6. У левай верхняй кішэні камізэлькі мы знайшлі сетку памерам з рыбалоўную, але зробленую так, што яна можа зачыняцца і адчыняцца накшталт кашалька. У ёй ляжыць некалькі цяжкіх прадметаў з чырвонага, белага і жоўтага металу. Яны рознай велічыні, але аднолькавай формы — круглыя і плоскія. Чырвоныя — відаць, з медзі. Яны такія цяжкія, што мы ўдвух ледзь маглі падняць такі дыск. Белыя — відаць, срэбныя — меншыя. Яны падобныя на шчыты нашых воінаў. Жоўтыя — відаць, залатыя. Яны крыху большыя за нашы талеркі, але вельмі цяжкія. Калі толькі гэта сапраўднае золата, то яны павінны каштаваць вельмі дорага.

7. З правай ніжняй кішэні камізэлькі звешваецца тоўсты металічны ланцуг, відаць, срэбны. Гэты ланцуг прымацаваны да вялікага круглага прадмета, які знаходзіцца ў кішэні і зроблены з таго ж металу. Што гэта за прадмет, невядома. Адна яго сценка празрыстая, як лёд, і праз яе добра відаць дванаццаць чорных знакаў, размешчаных па крузе, і дзве доўгія стралы.

Унутры гэтага круглага прадмета, відаць, сядзіць нейкая таямнічая істота, якая не перастаючы стукае не то зубамі, не то хвастом. Чалавек-Гара растлумачваў нам — часткова словамі, а часткова жэстамі — што без гэтай круглай металічнай скрынкі ён бы не ведаў, калі яму ўставаць раніцой і калі класціся вечарам, калі пачынаць працу і калі яе канчаць.

8. У левай ніжняй кішэні камізэлькі мы бачылі рэч, падобную на рашотку дварцовага саду. Вострымі прутамі гэтай рашоткі Чалавек-Гара расчэсвае сабе валасы.

9. Закончыўшы абследаванне кафтана і камізэлькі, мы агледзелі рэмень Чалавека-Гары. Ён зроблены са скуры нейкай велізарнай жывёліны. З левага боку на ім вісіць меч даўжынёй больш чым у пяць разоў за сярэдні чалавечы рост, а з правага — мяшок, падзелены на два аддзяленні. У кожным з іх могуць лёгка змясціцца тры дарослыя ліліпуты.

У адным з аддзяленняў мы знайшлі мноства цяжкіх і гладкіх металічных шароў велічынёй з чалавечую галаву; другое да краёў запоўнена нейкімі чорнымі зярнятамі, даволі лёгкімі і не надта буйнымі. Мы, змаглі змясціць у сябе на далоні некалькі дзесяткаў гэтых зярнят.

Такі падрабязны вопіс рэчаў, знойдзеных пры вобыску ў Чалавека-Гары.

У час вобыску вышэйназваны Чалавек-Гара паводзіў сябе ветліва і спакойна».

Пад вопісам чыноўнікі паставілі пячатку і падпісаліся:

Клефрын Фрэлок, Марсі Фрэлок.

8

На другую раніцу перад домам Гулівера выстраіліся войскі, сабраліся прыдворныя. Прыехаў і сам імператар са світай і міністрамі.

У гэты дзень Гулівер павінен быў аддаць імператару Ліліпуціі сваю зброю.

Адзін чыноўнік гучна чытаў вопіс, а другі бегаў па Гуліверу з кішэні ў кішэню і паказваў яму, якія рэчы патрэбна даставаць.

— Кавалак грубага палатна! — пракрычаў чыноўнік, які чытаў вопіс.

Гулівер паклаў на зямлю сваю насоўку.

— Срэбны куфэрак!

Гулівер дастаў з кішэні табакерку.

— Стос гладкіх белых лістоў, прашытых вяроўкамі!

Гулівер паклаў побач з табакеркай сваю запісную кніжку.

— Доўгі прадмет, падобны на садовую рашотку.

Гулівер дастаў грабеньчык.

— Скураны пояс, меч, падвойны мяшок з металічнымі шарамі ў адным аддзяленні і чорнымі зярнятамі — у другім!

Гулівер адшпіліў пояс і паклаў яго на зямлю разам са сваім корцікам і мяшочкам, у якім ляжалі кулі і порах.

— Машына з жалеза і дрэва! Рыбалоўная сетка з круглымі прадметамі з медзі, серабра і золата! Велізарны нож! Круглая металічная скрынка.

Гулівер дастаў пісталет, кашалёк з манетамі, кішэнны ножык і гадзіннік. Імператар перш за ўсё агледзеў нож і корцік, а затым загадаў Гуліверу паказаць, як страляюць з пісталета.

Гулівер паслухаўся. Ён зарадзіў пісталет адным толькі порахам — порах у парахаўніцы застаўся зусім сухі, таму што вечка завінчвалася наглуха, — узняў пісталет і стрэліў у паветра.

Пачуўся аглушальны грукат. Многія людзі страцілі прытомнасць, а імператар пабялеў, закрыў твар рукамі і доўга не адважваўся расплюшчыць вочы.