Выбрать главу

Едучы раніцай дадому, я спрабаваў узгадаць, што было пасьля таго, як я выйшаў з пустога пакою. Але здолеў прыгадаць толькі, як прачнуўся ў ложку, як пабачыў запіску са словам “Дзякуй!”, як выйшаў, зачыніў дзьверы і амаль адразу знайшоў дарогу да вакзалу. Ува мне засталося пачуццё асалоды. А таксама зьявіліся трывога і разгубленасьць. Бо здавалася, што гісторыя адбылася не са мною. Нібы я стаўся ўдзельнікам чужой гісторыі.

***

Зазвычай набліжэньне сьвятаў выклікае ў мяне дэпрэсію. Ня ведаю, чым гэта выклікана. Пэўна, як сабака ня можа патлумачыць, чаму ён скавыча на поўню. Я ненавіджу шумныя п’яныя кампаніі, гэтую бессэнсоўную весялосьць, больш падобную да штучнага задавальненьня самотнікаў, якія ладзяць оргіі, каб на час забыцца на самоту. Як набліжаецца сьвята, я блукаю па Горадзе. Па ягоных падземных і надземных закутках. Гэтым разам маёй спадарожніцай сталася Лена. Мы пазнаёміліся ў кавярні “Нара”.

Бывае, чым горш, тым лепш. Чым глыбей упаў, тым лягчэй пасьля ўздымацца. “Нара”, “Сьвітанак”, “Радзівіл”, “Тройка”, “Бутэрбродны-М”… Крама, кухня, канапа… Я засьпеў сябе ва ўласнай кватэры, на канапе, у момант сэксу. Я трымаў дзяўчыну за грудзі ззаду і спрабаваў здагадацца, з кім у гэты момант маркітуюся. Таня? Наташа? Насьця?..

Ранкам высьветліў, што ўсё-ткі Лена. Мы дапілі рэшткі марціні, глынулі кавы, выпалілі па цыгарэціне, я выклікаў для Лены таксоўку, і мы адвіталіся.

Я прыняў душ, пагаліўся, пераапрануўся, замкнуў дзьверы і рушыў на сьвежае паветра – чуняць. Перад выхадам з пад’езду спыніўся побач з паштовай скрыняй. Адамкнуў і знайшоў капэрту. Мяне даўно віншуюць праз электронную пошту, а ў капэртах прыходзяць адно лісты зь дзяржаўных установаў. Але капэрта была не дзяржаўная. Такая выцягнутая, вялікая, сьвяточна аздобленая.

Я разарваў край капэрты і на мае далоні пасыпаўся попел. Толькі адзін кавалак паштоўкі захаваўся – з пачаткам майго імя.

Гэта была Калядная Паштоўка.

II. Патаемнае жаданьне

Кажуць, каб сны не збываліся, іх трэба распавесьці адразу, як прачнесься. Гэты сон я прысьніў раніцой пасьля купальскае ночы. Магчыма, гісторыя адбылася б і безь мяне. Калі б ня лета і не расчыненыя вокны.

Па шчырасьці, я ніколі не скакаў праз вогнішча й не купаўся галяком на Івана Купалу. І не таму, што ў дзяцінстве ўразіўся гогалеўскімі тапельцамі. Папросту так атрымлівалася, што ўсе свае дарослыя гады “чароўнай ноччу Купальля” я патрапляў у кампанію, якая тое сьвята адзначала ў лепшым выпадку паходам у “Папараць-кветку”.

Шчасьце ў мяне хутчэй асацыюецца ня з кветкай-аднадзёнкай, а зь няўрымсьлівай птушкай ці з чымсьці нават менш улоўным. А можа, справа ў тым, што паводле натуры я не грыбнік, там, ягаднік, і таму ідэя блукаць па лесе ў пошуках немаведама чаго выклікае ў мяне непрыняцьце.

Аднак гэтым разам на Купальле мы выбраліся-такі на адну лясную паляну за Горадам…

Цяжка з пэўнасьцю сказаць, як позна я вярнуўся, бо на прыродзе п’ецца вельмі добра. У кожным выпадку, моцным, атручаным алькаголем сном я спаў нядоўга. Пад раніцу бадун выштурхнуў мяне з ложку. Літар кефіру на кухні, зноў у ложак, і пачаліся трывожныя сны: няўцямныя ўрыўкі, няпэўныя сытуацыі, людзі-ня людзі… Немаведама што.

Як хто, а я навучыўся маніпуляваць уласнымі снамі. Гэта магчыма толькі на сьвітаньні, незадоўга да таго, як арганізм зьбіраецца абуджацца. Памятаеце “Палёт пчалы за сэкунду да абуджэньня” Сальвадора Далі? Карцінка фантасмагарычная, але той, хто яе бачыць, ужо ведае, што гэта сон. Вось у гэты момант ён можа круціць карцінку, як захоча.

— Алё, ці добра чуеш мяне? Алё, дык слухай далей. Выйшлі мы з тралейбуса, а перад намі нейкія коміны, будынкі змрочныя. Іх бачна добра, але навокал цемра — ані месяца, ані ліхтара...

Немалады жаночы голас падаўся мне знаёмым. Зрэшты, ці мала я ведаю галасоў людзей, якіх ніколі ня бачыў.

— …Уяўляеш, праходзім мы засьмечаны жалезьзем фабрычны падворак і неўпрыкмет трапляем у сапраўдны лес. Галя, ці чуеш мяне?..

Жанчына выгукнула апошнія словы так моцна, што ў мяне не засталося сумневаў — голас быў рэальны. Мяркую, што калі б я ўзьняўся і высунуў галаву ў фортку, то здолеў бы даведацца, на якім з падваконьняў стаяў тэлефонны апарат невядомай мне кабеты. Але сілаў не было нават каб расплюшчыць вочы. У моманты, калі жанчына замаўкала, каб пачуць адказы сваёй суразмоўніцы, я ізноў трохі прысынаў.

Урэшце, так бы яно й здарылася, я канчаткова вярнуўся б да сну. Асабіста я прызвычаіўся да штодзённых непатрэбных гукаў, якімі поўніцца дом і вуліца за вакном. Але…

полную версию книги