МІХАСЬ ЗАРЭМБА
ПАДДАЎКІ
«Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады»,— такі быў загад Жоржыка Цыгана.
Жоржыкава прозвішча Казлоўскі, а Цыганом мы яго празвалі. Можа, што ў яго былі чорныя вочы і цёмны, нібы падвэнджаны, прышчаваты твар.
Нас пяцёра, Жоржык — шосты, і ўсе мы на ляту ловім кожнае слова нашага важака. Ніхто, вядома, не асмельваецца назваць Жоржыка Цыганом проста ў вочы. Ён у нас аўтарытэт — ого!
Мы стаіліся ў засадзе, ляжым «ніжэй травы, цішэй вады» ўжо з паўгадзіны, чакаем. Метраў за пяцьсот ад месца засады — выспа, парослая густым бярэзнікам, дзе мы зладзілі сабе будан — «церамок», і цяпер не ўяўляем свой вольны час без нашай патаемнай схованкі. Скажу па сакрэту, Цыган наведваецца сюды і ў час заняткаў. Ен жыве ў цёткі Аўдулі і сам сабе гаспадар. Хачу іду ў школу, хачу гуляю... Цыган два разы заставаўся на другі год і летась апынуўся ў нашым пятым Класе. I ўсе хлопцы прызналі яго за важака.
Звычайна мы збіраліся да нашага церамка ў нядзелю з самай раніцы. Ішлі не з пустымі рукамі — запасаліся хто чым можа. Разводзілі касцёр, пяклі бульбу і бавілі час гульнёй у шашкі.
Мы гулялі на высадку, але гэтую «высадку» лепш за ўсё назваць паказальнымі выступленнямі нашага чэмпіёна Жоржыка Цыгана. Цыган умеў праводзіць хітрыя камбінацыі з прарывам у дамкі, і мы толькі дзіву даваліся: адкуль такая кемлівасць? Потым ён прапанаваў гуляць у паддаўкі. Тут выйграваў той, хто першы аддаваў усе свае шашкі.
Дзіўная гэта гульня. Калі ў звычайнай партыі стараешся абараніць кожную сваю шашку, ловіш кожны зявок праціўніка, дык у паддаўках адзін клопат — падкузьміць самога сябе. Прайграць» каб выйграць... Уладальнік апошняга месца (першае заўсёды даставалася Жоржыку) павінен быў выконваць любое пажаданне пераможцы: скакаць, спяваць частушкі, бегчы ў краму па цукеркі або вазіць на сабе чэмпіёна. I паспрабуй тут не ВУыканаць волю важака! Тады ўжо развітвайся з мграмком, з шашачнымі турнірамі і іншымі спакусамі...
Учора прайграў мой брат Шурка. Два гады назад Шурка быў аднакласнікам Цыгана, а цяпер па «выдатна» вучыцца ў сёмым. Мусіць, таму Цыган не любіў майго брата і прыдумваў супраць яго розныя каверзы. Асабліва Шурку не шанцавала ў шашачных турнірах.
— Гэта табе, Шурык, не правілы зубрыць,— пакепліваў Цыган.— У шашках кумекаць трэба, не тое што з «іксамі» ды «ігрэкамі». I за што толькі табе пяцёркі ставяць? Прабач, але раз прайграў, будзь ласкавы — падстаўляй спіну. Скажу па сакрэту, мне вельмі падабаецца катацца на выдатніках. Гэта ж такі гонар!.. Абра-ка-даб-ра!
Цыган выскаляўся і не хаваў сваёй радасці. Шурка быў спакойны, але я ведаў, што гэта за спакой, і нічым не мог дапамагчы брату. Я вельмі перажываў за Шурку, бо яго пройгрышы ў большасці выпадкаў — вынік хітрай тактыкі Цыгана, які наўмысна прайграваў слабаку Ліпкіну, каб той не заставаўся на апошнім месцы. Вось вам і паддаўкі...
Учора была субота, і калі мы надвячоркам меліся пайсці да церамка, Цыган успомніў апошні Шуркаў пройгрыш і загадаў:
— Прынось, Шурык, свой гармонік, будзеш весяліць нашу суполку.
— Я яшчэ слаба іграю,— пачаў адмаўляцца Шурка.
— Не прыбядняйся,— паблажліва паляпаў яго па плячы Цыган.— Чуў, што збіраешся выступаць на сцэне...
— Ды гэта ж адзін нумар. Дзяўчынкі з нашага класа будуць спяваць, а я акампаніраваць ім...
— Вось-вось, ты спачатку паакампаніруй нам, а потым ужо сваім дзяўчынкам... Даўжкі, Шурык, трэба аддаваць, сам разумееш. Абра-ка-даб-ра!
— Тата не дазваляе выносіць гармонік на вуліцу,— паспрабаваў я заступіцца за брата.
— А акампаніраваць дзяўчынкам можна? — паставіў рубам пытанне Цыган.
I я не стаў спрачацца з Цыганом. Марна было даказваць яму, што гармонік у Шуркі зусім новы і ён іграе на ім усяго другі тыдзень. Ды хіба Цыгана ўзрушыць тое, што Шурка захапляецца музыкай? Настаўніца спеваў казала, што ў Шуркі добры музычны слых, і калі б яго вучылі іграць на якім-небудзь інструменце з маленства, ён мог бы стаць сапраўдным музыкантам. А што ў Шуркі ёсць гэты самы «музычны слых» — бясспрэчна. Ён жа за некалькі дзён не толькі асвойваўся з «галасамі» і «басамі», але паспеў развучыць «Кацюшу» і яшчэ дзве-тры мелодыі.
Шурка мусіў згадзіцца. Цыган быў задаволены, пахваліў майго брата.
— Вітаю і дзіўлюся. Дарма я лічыў выдатнікаў жміндамі. Бачу — памыляўся. Гармонік у цябе, Шурык, важнецкі... Шанцуе ж...
Цыган любіць пабалабоніць, язык у яго падвешаны. Толькі гэтая «падвеска» — не для школы, бо настаўнікі выціскаюць веды з Цыгана, быццам ваду з каменя. Праўда, яму ад гэтых школьных перажыванняў — ні горача, ні холадна. Цётка Аўдуля зусім не цікавіцца вучобай свайго пляменніка, а розныя далікатныя захады нашай «хуткай дапамогі» Цыган сустракае кплівай усмешачкай.