Ужо ў бярэзніку я раптам знячэўку зачапіўся наском чаравіка за непрыкметны пянёк і з усяго разгону паляцеў на замшэлы сухі дол, балюча тыцнуўся тварам у калючы верасовы куст.
Праз колькі хвілін пачуў прыглушаныя галасы. Я прыўзняў галаву, пачаў углядацца ў той бок і праз вузкі прагал бярэзніку заўважыў знаёмыя абрысы нашага церамка, які здалёк нагадваў хатку бабы-ягі.
Я ўскочыў на ногі і, прыгнуўшыся, сігануў убок да нізкарослага арэшніку.
— Абракадабра! — зусім побач сказаў Цыган. Я прысеў на кукішкі, адчуваючы ва' ўсім целе непрыемную здранцвеласць.
Яны ішлі міма. Весела балабоніў Цыган, яго словы даляталі да мяне зумклівымі восамі.
— I чаго гэта вы хвасты падціснулі? Нічога з ім не здарылася, прыкідваецца... Калі што — на Мішука звернем. А як ён даў лататы, вось дык смяхоцце... Для роднага брата яму выкапаў... Здорава я прыдумаў! Абракадабра!
— Шурачок, мусіць, не прыкідваецца,— пачуў я пісклявы галасок Ліпкіна.— Вы пабеглі, а я паглядзеў. Сядзіць ля ямы і плача...
— Плача? Так яму і трэба... Сам вінаваты, не будзе нос задзіраць. Ведаем мы гэтых пяцёрачнікаў...
Галасы паступова заціхлі, а я счакаў якую хвіліну і напрасткі заспяшаўся да ракі, туды, дзе хаваўся ў засадзе. Я ўбачыў Шурку здалёк і, паспешліва звярнуўшы са сцяжынкі, схаваўся за куст арэшніку. «Што я скажу брату? Можа, лепш не паказвацца яму на вочы? Але ж чаго ён там? Не, з ім штосьці здарылася...» Перасіліўшы сваю разгубленасць, я выбраўся з-за куста і не зусім упэўнена пайшоў да Шуркі, які сядзеў узбоч сцежкі і, здаецца, быў безуважны да ўсяго навокал. Гармоніка ля яго не было, і гэта мяне яшчэ больш у стрывожыла.
— Шурка! — я паклікаў асцярожна.
Ён нават не зварухнуўся, быццам не пачуў.
— Дзе гармонік? — я абышоў Шурку збоку і зазірнуў яму ў твар.
Шуркавы вочы, невідушчыя ад слёз, глядзелі міма мяне.
— Шурка, чаго ты?! — я апусціўся на калені перад братам.— Гэта я — Мішка... Хіба ты не пазнаў?
Нечакана слёзы сыпанулі з маіх вачэй.
— Гэта я... я вінаваты,— слёзы перашкаджалі гаварыць.— Цыган загадаў капаць... Я не ведаў, што для цябе... Даруй, даруй...
Я ўхапіў Шурку за руку, стараючыся прымусіць брата ачнуцца, сказаць хоць адно слова.
— Я не паспеў папярэдзіць... думаў, ты абмінеш пастку. Я ненавіджу Цыгана... Шурка, ты чуеш мяне, чуеш?
Я не стрымліваў слёз, спяшаўся выгаварыцца, нібы гэта была наша апошняя сустрэча.
— Чаму ў нас так? Мы ж браты? Чаму я паслухаў Цыгана, а не цябе? Чаму? — з маіх грудзей вырваўся ні то крык, ні то стогн.
I тут нашы позіркі сустрэліся. Я ўбачыў, што Шуркавы шэрыя вочы ажылі, заіскрыліся. Брат насцярожана глядзеў на мяне, як глядзяць на незнаёмца, калі сумняваюцца: можна яму даверыцца ці не?
— Прынясі гармонік, ён там,— нарэшце вымавіў Шурка, кіўком галавы паказваючы проста перад сабой.
— Я зараз!
Шурка прыдзірліва аглядае гармонік з усіх бакоў, выцірае далонямі брудныя плямы пылу, здымае рудыя травінкі, што прыліплі да бліскучых металічных ражкоў, і ціха, амаль шэптам разважае:
— Трапілі мы з табой у пастку... Прыдумаў недавярак, дакладна разлічыў...
Я стаю побач, слухаю брата, які размаўляе з гармонікам, і адчуваю сябе самым апошнім нягоднікам.
— Як усё хітра замаскіраваў... Каб брат брату яму капаў. У табліцы множання спатыкаецца, а тут...
Шурка закідвае рэмень на правае плячо, нізка схіляецца над двума радамі белых гузікаў і паволі расцягвае мяхі. Ен услухоўваецца ў рознагалоссе гукаў, што вылятаюць з гармоніка, прабягае пальцамі зверху ўніз і знізу ўверх па ўсіх гузіках і толькі потым заспакоена кажа:
— Бач, так гопнуўся аб зямлю, пад адхон куляўся, а іграе чыста...
— Можа, дамоў пойдзем,— нясмела прапанаваў я.
— Трэба ісці,— сказаў Шурка.— Але я падвярнуў нагу — баліць, не ступіць.
— Давай памагу...
Цяпер я гатовы выканаць любы загад Шуркі, гатовы пайсці за ім хоць на край свету.
— Давай... Не чакаць жа, пакуль Цыган яшчэ адну пастку падрыхтуе. Памочнікаў у яго хапае...
Шурка шчыльна сціснуў мяхі, зашпіліў на баках гармоніка чорныя раменьчыкі і сказаў:
— Вазьмі гармонік на плячо, так будзе лягчэй... Вось так, правільна. А цяпер памажы падняцца. Асцярожна, не тузай...
Шурка абхапіў правай рукой маю шыю, а я левай рукой абняў яго ў поясе, і мы пашкандыбалі дадому. Брат рабіў некалькі скачкоў на левай назе, і нам даводзілася зноў і зноў спыняцца, каб перадыхнуць. Я папраўляю на плячы рэмень гармоніка, Шурка ямчэй абхоплівае мяне за шыю, і мы паволі рухаемся ўгору па пясчанай сцяжынцы, што пралегла між густога малінніку.