Словам, я гуляў. Я ведаў, што жанчыны не любяць, калi да мэты iдуць надта хутка. На iх думку, спачатку патрэбны адпаведная гутарка, пяшчоты. I тут у мяне не ўзнiкала нiякiх цяжкасцей: гаварыць я заўсёды ўмеў - я ж быў адвакат, - а позiркi сама розных адценняў навучыўся кiдаць яшчэ ў войску, калi займаўся ў тэатральным гуртку. Ролi мянялiся часта, але п'еса заўсёды была адна. Напрыклад, мне вельмi ўдавалася сцэна з нейкай неадольнай, падсвядомаю цягай: "я сам не ведаю, што са мной робiцца", "далiбог, я разумею, што гэта неразумна...", "я не хачу гэтага кахання, я так стамiўся..." i гэтак далей. Нумар, увогуле, не надта новы, але дзейнiчаў ён заўжды эфектыўна. Цi быў яшчэ адзiн - нейкае таямнiчае, бязмежнае пачуццё, якога не дарыла яшчэ нi адна жанчына. Можа быць, яно i не вельмi трывалае, можа быць, - i я нават упэўнены ў гэтым (хто ж можа за сябе паручыцца), - але цяпер без яго жыццё - не жыццё. Асаблiва ж добра я адшараваў адну маленечкую тыраду. Сэнс гэтай тырады заключаўся ў пакорным i смутным прызнаннi, што я абсалютная нiкчэмнасць, са мной не варта звязваць свайго жыцця, я сваё аджыў, але нiколi так i не ўбачыў шчасця, за якое цяпер, мабыць, аддаў бы ўсё на свеце, але - на жаль! - ужо занадта позна. Прычыны гэтага "занадта позна" я хаваў у сакрэце, ведаючы, што ў ложак лепш за ўсё класцiся ахiнутым у таямнiцу. Зрэшты, я настолькi ўжываўся ў ролю, што, у пэўным сэнсе, сам ужо верыў у тое, што кажу. Не дзiва, што i мае партнёркi нарэшце пачыналi весцi сваю партыю з вялiкiм натхненнем. Найбольш чуллiвыя iмкнулiся мяне зразумець, i гэтае iмкненне прыводзiла iх да сентыментальнай меланхолii. Другiя, задаволеныя тым, што я паважаю правiлы i далiкатна пачынаю з словаў, самi неадкладна пераходзiлi да канкрэтных дзеянняў. Я ж кожны раз выйграваў двойчы, бо не толькi наталяў сваё жаданне, але i, пераканаўшыся ў сваёй уладзе над жаночаю душою, яшчэ больш умацоўваўся ў любовi да сябе.
Усё было менавiта так, i нават калi некаторыя жанчыны не прыносiлi мне вялiкага задавальнення, я ўсё роўна стараўся час ад часу аднавiць з iмi сувязь, на што мяне, безумоўна, штурхала не толькi жаданне асвяжыць былыя пачуццi пасля доўгай разлукi, але i iмкненне праверыць, што повязi, якiя злучалi нас, яшчэ жывуць i адно ад мяне залежыць, жыць iм далей цi не. Часам я нават прымушаў iх прысягнуць, што яны не будуць належаць нiкому, апроч мяне, i рабiў гэта толькi дзеля таго, каб раз i назаўжды адагнаць ад сябе ўсякую падазронасць у сувязi з гэтым. Праўда, нi ў сэрцы, нi ў думках падобных падазрэнняў у мяне не ўзнiкала. Я быў настолькi ўпэўнены ў сабе, што мне было цяжка ўявiць, каб жанчына, якая належала мне, некалi магла належаць другому. Я не мог гэтага дапусцiць, нават калi гэта было вiдавочна. I толькi павязаўшы iх клятвай, я адчуваў сябе вольным. Цяпер, калi я ведаў, што жанчына нiкому належаць не будзе, я мог з лёгкасцю яе кiнуць, што iначай было амаль немагчыма. Мне патрэбна была цвёрдая ўпэўненасць, што мая ўлада над iмi будзе iснаваць вечна. Забаўна, праўда? Але ўсё менавiта так, мой дарагi суайчыннiк. Адны крычаць: "Кахай мяне!" Другiя: "Не трэба мяне кахаць!" Але ёсць яшчэ адна, асаблiвая парода людзей - сама кепская i сама няшчасная, - яны патрабуюць: "Не кахай мяне, але вернасць захоўвай!"
Тут вось дзе загваздка: пераканацца ў вернасцi канчаткова, бадай што, немагчыма, i з кожнай новай каханкай усё трэба паўтараць нанава. З часам гэта ўваходзiць у звычку, i хутка ты пачынаеш патрабаваць клятвы, нават не думаючы, на што яна табе патрэбна: у цябе ўжо рэфлекс. Нарэшце ўзнiкае такая сiтуацыя, калi ты бярэш, абсалютна таго не жадаючы. I можаце мне паверыць, некаторым бывае цяжэй за ўсё не ўзяць таго, чаго яны не хочуць.
Так са мной аднойчы i здарылася. Няма нiякай патрэбы расказваць, хто яна была, скажу толькi адно: яна мяне зусiм не хвалявала i прывабiла хiба што сваiм пасiўным i адначасова прагным выглядам. Шчыра кажучы, задавальненне было даволi пасрэднае, чаго i трэба было чакаць. Але комплексамi я нiколi не мучыўся i, развiтаўшыся з гэтай асобай, хутка яе забыў. Я не думаў, каб яна нешта заўважыла, i ўжо зусiм не мог уявiць, што ў яе ўзнiкнуць нейкiя думкi. Зрэшты, у яе быў такi адчужаны выгляд, што мне падалося, нiбы яна наогул не здольная бачыць, што робiцца ў свеце. I тым не менш, праз некалькi тыдняў я даведаўся, што яна расказала пра мае недахопы нейкаму старонняму чалавеку. Першае пачуццё ў мяне было, што мне здрадзiлi; аказваецца, яна была не такая пасiўная, якой мне здавалася, i ў яе таксама былi нейкiя думкi! Але потым я пацiснуў плячыма i зрабiў выгляд, быццам мне ўсё гэта проста смешна. I я сапраўды пасмяяўся, бо гэты iнцыдэнт, зразумела, не меў нiякага значэння. Дый дзе ж яшчэ, як не ў справах сексу з усiмi яго дзiвацтвамi, сцiпласць мусiць быць правiлам? Але ж не, i тут кожны хоча выставiць сябе ў сама выгадным святле, няхай хоць бы перад самiм сабою. Вось i я - я сцiпла пацiснуў плячыма, i ведаеце, што зрабiў? Трошкi пазней я зноў спаткаўся з гэтай жанчынай, зноў зрабiў усё, каб яе спакусiць, i зноў авалодаў ёю. Зрэшты, гэта было не так ужо цяжка: жанчыны таксама не любяць, каб гэтая справа канчалася расчараваннем. I вось, як толькi мне ўсё гэта ўдалося, я пачаў лiтаральна мучыць яе. Гэта атрымлiвалася ў мяне мiмаволi. Я кiдаў i зноў вяртаўся да яе, я прымушаў яе аддавацца мне ў сама неадпаведны час i ў сама неадпаведных абставiнах, я абыходзiўся з ёю ва ўсiх адносiнах так жорстка, што нарэшце прывязаўся да яе, як, напэўна, прывязваецца турэмны наглядчык да свайго вязня. I так доўжылася да таго дня, пакуль яна, у нястрымным парыве пакутлiвай палкасцi, на ўвесь голас не ўславiла таго, хто яе прыгнятаў. З таго дня я пачаў ад яе аддаляцца. I потым забыўся зусiм.
Нягледзячы на ваша далiкатнае маўчанне, я, бадай, пагаджуся, што гэта не вельмi яркая гiсторыя. I ўсё-такi - прыгадайце сваё жыццё, мой дарагi суайчыннiк! Пакапайцеся ў памяцi, я ўпэўнены, што вы знойдзеце ў ёй такую самую або падобную да гэтай гiсторыю i пазней самi распавядзеце яе. Што ж да мяне, то я смяяўся, калi прыгадваў гэту прыгоду. Праўда, гэта быў ужо iншы смех, ён быў нечым падобны на той, што я чуў на мосце Мастацтваў. Я смяяўся са сваiх любоўных i абарончых прамоў. Нават больш з абарончых, нiж з любоўных, бо ў размовах з жанчынамi я ўсё-ткi хлусiў менш. Маiмi паводзiнамi тут кiраваў iнстынкт, а ён гаворыць заўсёды ясна i без акалiчнасцей. Акт кахання - гэта ўжо прызнанне. Тут найбольш яскрава выяўляюцца i ваш эгаiзм, i ваша пыхлiвасць цi, наадварот, - ваша сапраўдная велiкадушнасць. Па сутнасцi, у гэтай сумнай гiсторыi я больш, чым калi б то нi было, паказаў сабе, хто я ёсць. Я быў у ёй больш шчыры, чым сам пра гэта здагадваўся, я ўбачыў нарэшце, як я жыву. I ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта - нягледзячы на тое, што я паводзiў сябе менавiта так, як вам расказаў, маё прыватнае жыццё было больш вартае павагi, чым мае напышлiвыя адвакацкiя прамовы пра бязвiннасць i правасуддзе. Ва ўсякiм выпадку, у сваiх адносiнах з жанчынамi я не мог падманвацца наконт сапраўднай сутнасцi маёй натуры. Нiхто не крывадушнiчае ў сваiх уцехах - ужо не памятаю, цi сам я гэта прыдумаў, цi прачытаў недзе, але думка слушная, праўда?