Выбрать главу

Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", - я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", - рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця. Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я - таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi.

Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын - як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава. Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова - я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала - адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня - кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, - гэта сама смяротная нуда.

Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно - кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, - даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным. Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася - знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы.

Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў. Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста - гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае - без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi.

Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя таямнiцы нашага жыцця. На няшчасце, шлюха аказалася даволi буржуазнаю натурай i неўзабаве пагадзiлася надрукаваць свае ўспамiны ў рэлiгiйным часопiсе, якi шырока асвятляў праблемы сучаснага грамадства. А маладая паненка, каб задаволiць свой абуджаны iнстынкт i знайсцi ўжытак сваiм выбiтным здольнасцям, хутка выйшла замуж. Магу пахвалiцца, што ў той час мяне як роўнага прымалi ў мужчынскiх кампанiях, на якiя часта наводзяць дарэмны паклёп. Дый вы самi добра ведаеце, што нават вельмi iнтэлiгентны чалавек лiчыць за гонар, калi можа выпiць на бутэльку больш за свайго суседа. Можа быць, я i здолеў бы знайсцi спакой i забыццё ва ўсiх гэтых прыемных уцехах. Але зноў натыкнуўся на перашкоду ў самiм сабе. Гэты раз ёю аказалася печань i настолькi жахлiвая стома, што я i цяпер яшчэ не пазбавiўся ад яе. Так заўсёды: гуляеш у бессмяротнасць, а сам ужо праз некалькi тыдняў не ведаеш, цi здолееш неяк далiпець да заўтрага.